Вы тут

Як будуць супрацоўнічаць Беларусь і Узбекістан?


У Беларусі з афіцыйным візітам знаходзіцца парламенцкая дэлегацыя Узбекістана на чале са старшынёй Сената (верхняй палаты) Олій Мажліса Нігмацілой Юлдашавым.


Учора з высокімі гасцямі сустрэліся прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў і кіраўнікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Пасля перагавораў у Савеце Рэспублікі быў падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж верхнімі палатамі парламентаў Беларусі і Узбекістана.

Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч назваў сустрэчу з узбекскімі калегамі вельмі змястоўнай і канструктыўнай. «Мы фактычна прапрацавалі ключавыя пагадненні, якія плануецца вынесці на разгляд кіраўнікоў дзяржаў падчас будучага афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістан, папярэдне ўзгодненая дата якога — 13—14 верасня 2018 года», — паведаміў журналістам спікер верхняй палаты беларускага парламента.

На сустрэчы ў Савеце Рэспублікі былі дэталёва разгледжаны пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. «Мы разглядалі разам са спадаром Юлдашавым не толькі пытанні звычайнага гандлю, але, як патрабуе ад нас кіраўнік дзяржавы, пытанні інвестыцыйнага супрацоўніцтва, асабліва тыя, што датычацца прамкааперацыі, — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. — Гаворка пра сумесную вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі, ёсць папярэднія дамоўленасці пра стварэнне вытворчасці дарожна-будаўнічай тэхнікі «Амкадора».

«Вялікае значэнне мы надаём рабоце нашага БЕЛАЗа ва Узбекістане, — дадаў старшыня Савета Рэспублікі. — Летась мы паставілі туды 109 машын, 35 — у першым квартале сёлета. Актыўна ўключыўся ў работу наш трактарны завод, і мы спадзяёмся, што аб'ёмы тут будуць павялічаны мінімум у паўтара раза».

Узбекскія парламентарыі выказалі зацікаўленасць у супрацоўніцтве ў фармацэўтычнай галіне. У выніку перагавораў была падпісана профільная дарожная карта, якая прадугледжвае стварэнне ва Узбекістане некалькіх сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці лекавых прэпаратаў. Удалося дасягнуць дамоўленасцяў па супрацоўніцтве ў кандытарскай сферы.

Шырокае кола пытанняў — ад гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва да турызму і культурнай сферы — было абмеркавана падчас сустрэчы старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзіміра Андрэйчанкі са старшынёй Сената Олій Мажліса Узбекістана Нігмацілой Юлдашавым. Спікер ніжняй палаты беларускага парламента заклікаў узбекскага калегу да больш актыўнага парламенцкага супрацоўніцтва, у прыватнасці Уладзімір Андрэйчанка прапанаваў стварыць групу дружбы паміж двума парламентамі. Прапанова была падтрымана.

Таксама парламентарыі закранулі тэму кантактаў у міжнародных арганізацыях. Гаворка ішла аб удзеле ў найбліжэйшай Парламенцкай асамблеі АБСЕ, што адбудзецца ў ліпені гэтага года ў Берліне. Беларусь да яе рыхтуе рэзалюцыю аб развіцці лічбавай эканомікі. Уладзімір Андрэйчанка прапанаваў узбекскаму боку падтрымаць яе, як гэта ўжо зрабілі амаль два дзясяткі краін, такія як Вялікабрытанія, Германія і іншыя.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА,

Вераніка ПУСТАВІТ

Загаловак у газеце: Стаўка на прамкааперацыю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?