17 Жнівень, пятніца

Вы тут

Павел Гушынец: Мне заўсёды ёсць калі!


Што агульнага можа быць у дзяўчынкі Соні, якая хавае пад сваім ложкам кракадзіла Мурзіка, прыхільніка дамашніх катлет, з вечна галоднымі, нявыспанымі і беднымі  студэнтамі-медыкамі? На першы погляд – нічога. Але калі капнуць глыбей, усе гэтыя персанажы знойдуцца  на старонках кніг аднаго аўтара – Паўла Гушынца. Павел (які  просіць не называць яго па бацьку) пачаў свой шлях да чытача некалькі гадоў таму з публікацыі жыццёвых гісторый пра дактароў і ваенных на папулярным інфармацыйна-забаўляльным партале і нечакана прыйшоўся “па гусце” тысячам падпісчыкаў. Неўзабаве малады аўтар запусціў у інтэрнэце праект па зборы сродкаў на сваю першую кнігу – неабходная сума была пералічана (і нават з лішкам) за паўтары дні. Не прайшло і года, як свет пабачыў другі зборнік, трэці ... А не так даўно Выдавецкі дом “Звязда” выпусціў першую кнігу для дзяцей цяпер ужо дакладна пісьменніка Паўла Гушынца – “Дзяўчынка і кракадзіл”. Кніга атрымалася не менш іранічнай, чым яе “старэйшыя браты”, і, мяркуючы па рэакцыі дзяцей на сустрэчах з аўтарам, не менш прывабнай для чытачоў. Пра тое, як медыку стаць пісьменнікам, дзе знайсці рэсурсы на выданне кнігі і чаму нельга чытаць шмат твораў Даўлатава запар, “Звязда” пагутарыла з Паўлам Гушынцом.


Аўтары дзіцячай кнігі “Дзяўчынка і кракадзіл”: Павел Гушынец, яго дачка Соня і сам кракадзіл

- Вы скончылі Беларускі медуніверсітэт, працавалі ў рэанімацыі, у інфекцыйным аддзяленні, у цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, служылі ваенным урачом  у арміі. Ды і зараз працуеце ў фармацэўтычнай кампаніі. Адкуль жа ўзялася цяга да пісьменніцтва?

- Пісаць я пачаў вельмі даўно. Гэта быў 94 год. Мне было 14. Тады ўсе хлапчукі зачытваліся фантастыкай – Гары Гарысанам, Лайанам Спрэгам дэ Кампам, Робертам Говардам. І я, натхнёны імі і сваім аднакласнікам, які сачыняў фантастычныя апавяданні, неяк прыйшоў дадому, узяў з паліцы агульны сшытак і пачаў пісаць фантастычны раман. Так, адразу ў 14 гадоў пачаў з фантастычнага рамана. Уласна, прайшло 24 гады, а ён да гэтага часу ў мяне не дапісаны. Там трызненне вар'ята, канешне.

Літаральна праз год я зусім знахабіўся – я ж ужо быў вопытны 15-гадовы пісьменнік! – і сачыніў невялікі зборнік фантастычных апавяданняў. Трызненне вар'ята яшчэ горшае. Я знахабіўся настолькі, што прынёс апавяданні галоўнаму рэдактару нашай наваполацкай газеты “Хімік” Лявону Неўдаху. Да гонару яго хачу сказаць, што ён не пасмяяўся (ва ўсякім выпадку, у маёй прысутнасці). Ён сказаў: усё выдатна, у цябе ёсць перспектывы, – і апублікаваў адно з апавяданняў. Тыраж я спаліў, таму можаце яго не шукаць. Гэта ганьба. Адзін асобнік гэтай газеты ў мяне ўсё ж захоўваецца... Але больш вы не знойдзеце.

А потым я проста не пераставаў пісаць. Мяне друкавалі ў перыёдыцы, я быў пастаянным карэспандэнтам універсітэцкай газеты, рабіў заметкі пра наша студэнцкае жыццё. Я пісаў усюды: у медыцынскім вучылішчы, ва ўніверсітэце, у арміі. Раслі стосы маіх кніжак “для сябе” – некалькі фантастычных раманаў, зборнікі апавяданняў. Я спрабаваў пасылаць іх у выдавецтвы, але беспаспяхова.

А два гады таму здарылася сітуацыя, на жаль, знаёмая многім, – я страціў працу. Займаў кіруючую пасаду ў адной буйной фармацэўтычнай кампаніі, раптам адбылася змена кіраўніцтва, а разам з кіраўніцтвам змянілася і каманда. Было няпроста знайсці новае месца, недзе паўгода я быў “у актыўным пошуку”. З'явілася шмат вольнага часу, а сядзець без справы – гэта не для мяне. Адкрыў свой файл на паўтары гігабайты, куды скідваў усё, што пісаў раней, дапрацаваў тое, што ў мяне гадоў 15 ляжала няскончаным. Стаў больш часу праводзіць у інтэрнэце. І выявіў, што народ даволі непадрыхтаваны ў нейкіх банальных медыцынскіх пытаннях. Ды што там, часам людзі проста бязглуздзіцу нясуць! І я паспрабаваў напісаць некалькі апавяданняў пра нейкія простыя рэчы, накшталт: не хадзіце зімой без шапкі, інакш атрымаеце менінгіт. А яшчэ я вырашыў узгадаць і запісаць цікавыя жыццёвыя гісторыі са сваёй медыцынскай і ваеннай практыкі. Былі смешныя, былі сумныя, былі страшныя.Пачаў выкладваць іх на адзін літаратурны інтэрнэт-партал. Атрымаў станоўчыя водгукі.”Класна! Выдатна!” – пісалі мне адны і тыя ж 8 чалавек... Я стварыў групу “Аўтар Доктар Лабанаў” у сацыяльных сетках, зарэгістраваўся на папулярным інфармацыйна-забаўляльным партале і “атакаваў” яго карыстальнікаў (а іх там больш за мільён), публікуючы па апавяданні кожны тыдзень. Праз два месяцы на гэтым партале ў мяне было ўжо 15 тысяч падпісчыкаў. У каментарах да гісторый у мяне сталі пытаць: а чаму б не зрабіць кнігу з вашых апавяданняў? Добра, кажу, а як? Тут мяне прасвяцілі, што такое краудфандынг (калектыўнае фінансаванне цікавых праектаў праз інтэрнэт) і як ён працуе, і ў хуткім часе я запусціў праект па зборы сродкаў на выданне кнігі.  Я, канешне, не чакаў, што за 24 гадзіны людзі пералічаць амаль усю неабходную суму. А далей – пайшло-паехала. Працу я знайшоў, але як аўтара мяне было ўжо не стрымаць. Сёння на партале мае апавяданні чытаюць больш за 30 тысяч чалавек, дзякуючы іх інтарэсу да таго, што я раблю, і магчымасцям, якія адкрывае краудфандынг, з’явіліся новыя зборнікі “Думкі з-пад фуражкі” і “Сцямім на траіх, або тэрмінова патрабуецца пажарны”. Вось такая цікавая схема атрымалася: і для мяне не затратная, і для людзей прыемная. А даслаць кожнаму, хто пералічыў сродкі, яго пасылку з кніжкай – гэта ж нескладана.

Падчас сустрэчы з чытачамі ў мінскай бібліятэцы №2

- Як думаеце, чаму гісторыі пра медыкаў і ваенных знайшлі столькі прыхільнікаў?

- Таму што яны жыццёвыя. Я спрабаваў выкладваць выдуманыя гісторыі ў інтэрнэт. Але жыццё – яно значна цікавей можа нафантазіраваць. Мне кажуць: вось вы расказваеце выпадак, нейкі ён непраўдзівы. А я адказваю: слухайце, рэальнасць– асабліва медыцынская– часам такія падкідвае сітуацыі, якія прыдумаць немагчыма. У мяне ў Полацкай бальніцы быў такі пацыент, якога жонка замкнула ў кватэры, а ён выскачыў з акна па гарэлку. З сёмага паверха. Прызямліўся, устаў і пайшоў далей. Праўда, з трэшчынай у копчыкавай косці. Але гэта нішто, мэта ж была ў чалавека. А калі я ўжо працаваў у Мінску, да нас у бальніцу з завода прывезлі цікавую пару:  40-гадовага настаўніка і 19-гадовага стажора. Вучань палез у станок – і застаўся без двух пальцаў. Настаўнік раззлаваўся: “Куды ты лезеш, трэба ж вось так!” І таксама засунуў руку ў станок, і пакінуў там тыя ж два пальцы. Але ўжо свае. І не ведаеш, смяяцца тут або плакаць.

Ёсць і драматычныя гісторыі, пра жыццё глыбінкі ў 90-я гады. Я ў тыя часы працаваў санітарам у раённай бальніцы. Вельмі цяжкі быў перыяд вакол: людзі проста з глузду з’язжалі, такое тварылі, я б не паверыў ніколі, калі б не ўбачыў на ўласныя вочы.

А калі скончыліся мае сюжэты – падключыліся калегі і сябры. У аднаго майго знаёмага нейрахірурга ўсе гісторыі пачынаюцца аднолькава: “Свідрую я яму чэрап...”

- Як жа на фоне гэтай “праўды жыцця” з’явілася дзіцячая кніжка “Дзяўчынка і кракадзіл”?

- А яна таксама жыццёвая. У мяне з'явілася дачка Соня – я стаў сачыняць дзіцячыя казкі. Пачыналася ўсё банальна. Я прыходжу вечарам чытаць дачцэ казку – а яна кажа: слухай, гэта ўсё надакучыла, давай што-небудзь сваё прыдумаем. І мы пачалі абыгрываць класічныя сюжэты: у нас Калабок сыходзіў у зараснікі Аўстраліі паляваць на каал, а Дзюймовачка лётала па могілках... “Дзяцінства Стывена Кінга”, як я гэта называю. А потым мы сталі ствараць свае казкі. Адкуль узяўся кракадзіл? Прыйшлося яго прыдумаць, каб дапамагчы Соні перамагчы страх цемры. Яна баялася, што ноччу з-пад ложка выпаўзуць павукі – страшныя, з касматымі лапкамі, – таму патрэбен быў хтосьці, хто б мог іх адолець. Нам падалося, што маленькі хатні “падложкавы” кракадзіл – ідэальная кандыдатура для гэтай справы. Праўда, яго ролю адыгрывае зялёны плюшавы бегемот… Як аказалася, кракадзілы не толькі дапамагаюць пазбавіцца ад страхаў, але і даюць шмат каштоўных парадаў – пра іншых кракадзілаў, пра людзей, пра ўзаемаадносіны. Вось з невялікай часткі такіх гісторый пра сяброўства Соні і кракадзіла і атрымалася кніга.

Кожны можа прыдумаць свайго кракадзіла

- Астатнія гісторыі патрапяць у наступную дзіцячую кнігу?

- Абавязкова. Але зараз я збіраю матэрыялы для кнігі пра жыццё беларусаў у акупацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Чаму раптам такая тэма? Бабуля маёй жонкі, Аляксандра Пятроўна, прачытала зборнік “Думкі з-пад фуражкі” і кажа: слухай, хачу расказаць табе некалькі сваіх гісторый, але яны пра вайну, пра жыццё ў перыяд акупацыі ў Варонежы (яна адтуль родам). Я кажу: давайце, чаму б і не. Запісаў іх, выклаў у інтэрнэт і па рэакцыі чытачоў зразумеў, што ім цікавая гэтая тэма. Стаў пытаць у сяброў, знаёмых, сваіх падпісчыкаў у інтэрнэце, ці ёсць у іх такія сямейныя гісторыі, ці застаў хто-небудзь са сваякоў тыя часы. З'ездзіў у Іўе, Валожын, Столін, пагутарыў з жывымі сведкамі, што жылі ў акупацыі. Мы прывыклі, што ёсць чорнае і белае. Але ж беларусы неяк жылі побач з немцамі, спрабавалі знайсці агульную мову, выбудоўвалі нейкія ўзаемаадносіны... Складана судзіць аб гэтым. Але ведаць пра гэта трэба.

- Усе гэтыя праекты патрабуюць шмат часу. Не кажучы ўжо пра тое, што значную частку дня займае асноўная праца. Застаецца хвілінка, каб пачытаць іншых аўтараў?

- Цяпер час такі, імклівы, цяжка проста ўзяць і спакойна, з задавальненнем, пагрузіцца ў “Вайну і мір”. Але я стараюся чытаць пастаянна. Чытаю перад сном, еду ў машыне (а праца ў мяне раз’язная) – уключаю аўдыёкнігі. Я вельмі “ўсеядны”. Люблю Стругацкіх, Велера, Чэхава, Стывена Кінга. Даўлатава ўсяго чытаў. Але я вельмі ўражлівы. Калі больш двух кніг Даўлатава запар прачытаю, спіцца магу. Джэральда Даррэла, англійскага натураліста, люблю. У яго вельмі “цёплыя”, вельмі дзіцячыя кнігі, толькі шукаць трэба выключна савецкія пераклады, таму што сучасныя – гэта зусім не тое. Чаму я стаў урачом? Прачытаў кнігі Джэральда Даррэла і палюбіў біялогію. Але, паўтаруся, я абсалютна “ўсеядны”.  Дайце мне  “Сельскую газету” за 85-ы год – і я буду яе чытаць.

- А на творчасць калі выкройваецца час?

- Па працы я часта езджу ў камандзіроўкі, начую ў гасцініцах, вось там у мяне ёсць вечары, калі я магу спакойна пісаць і ніхто мяне не будзе чапаць. Я адкрываю ноўтбук і пачынаю распісваць апавяданні, накіданыя ў выглядзе тэзісаў, урыўкаў.

А яшчэ мне вельмі пашанцавала. Абедзве мае “жанчыны”, жонка і дачка, совы. А я жаўрук. Гэта значыць, у суботу і нядзелю ў 7 раніцы ў мяне сна ўжо ні ў адным воку. І пакуль дзяўчаты спяць да 12, у таты надыходзіць творчая пара, “болдзінская раніца”. Наогул, заўсёды можна знайсці час на тое, каб напісаць ці прачытаць нешта. Было б жаданне. Усе гэтыя апраўданні кшталту “няма калі”... Ёсць калі. Заўсёды ёсць калі.

Алена КАРПЕНКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.

Эканоміка

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Карэспандэнт «МС» паспрабавала разабрацца.

Грамадства

Які патэнцыял маюць беларускія балоты?

Які патэнцыял маюць беларускія балоты?

У балота альбо адразу ўлюбляешся, альбо не прымаеш яго.

Грамадства

Вынікі на ЦТ ацэньваліся па дзвюх методыках

Вынікі на ЦТ ацэньваліся па дзвюх методыках

Але сертыфікаты абітурыенты атрымалі з баламі па ранейшай сістэме падлікаў.