Вы тут

Растрывожаныя майскія строфы


Раман Уладзіміра Гаўрыловіча «Сэрца сваё не падманеш», які друкаваўся ў NoNo 4 і 5 «Полымя», натхняе на розныя развагі. Вядома, выклікае павагу жаданне аўтара звярнуцца да тэмы, якая цяпер рэдка гучыць у літаратуры, — перадваеннае і акупацыйнае жыццё беларускай вёскі. Пісьменнік імкнуўся да падрабязнага, дакладнага ўзнаўлення тагачасных рэалій, узбагачаючы іх каларытным дыялектным маўленнем герояў. Аднак падчас чытання пастаянна ўзнікала ўражанне, што перад вачыма твор не ХХІ стагоддзя: сюжэтна-тэматычны водгалас ваеннай прозы, створанай нашымі папярэднікамі, выразна адчуваецца ў рамане.


Працягвае асэнсаванне ваеннай тэмы Мікола Мятліцкі ў нізцы вершаў «Сонтрава». З болем і ўдзячнасцю паэт згадвае і сваіх родных, блізкіх людзей, і зусім далёкіх і незнаёмых — усіх, каму давялося прайсці праз пякельныя дарогі тых падзей. Ёсць у нізцы і іншыя матывы: вясна выступае як кантрастнае палатно і схіляе не да настальгічных успамінаў пра свае далёкія вёсны і не да летуценнага захаплення маладосцю, а — да падсумавання жыццёва-паэтычнага досведу. Для сапраўднага паэта гэтыя сферы непадзельныя.

А таму няма сэнсу «раўнаваць да рыфмы». Пераканаемся ў гэтым і пазнаёміўшыся з новымі вершамі Алеся Емяльянава-Шыловіча, дзе ён дзеліцца надзвычай інтымнымі перажываннямі: лірычны герой вельмі натуралістычна апісвае ўражанні ад назірання за нараджэннем свайго дзіцяці:

памятаю блявотную фарбу на сценах бальніцы

памятаю як рассякалі губу нажніцы

памятаю цябе на каталцы з бялёсым як крэйда тварам

памятаю выбухі ад напругі лопнулых капіляраў

Каханне, якое жыве не на аблоках, а пад коўдрай на старой утульнай канапе і якое ўратуе, нават «калі заўтра патоп». А час будаваць каўчэг «з пачуццяў і словаў» ужо надышоў, прамаўляе паэт.

І вось нарэшце — у вершах Іны Фраловай — мы пачуем і голас вясны (якая, праўда, усё адно непазбежна азіраецца на восень ці прынамсі прадчувае яе надыход).

Прачнуўся май. Бэз ап’яняе пахам.

Прачнуўся май у росквіце вясны.

Над белаю зямлёю белым птахам

Ляціць у свет, мае трывожыць сны.

Вясновыя мелодыі ў паэтэсы гучаць па-багдановічаўску класічна, ураўнаважана-рамантычна. Тонкая лірыка, пяшчотныя майскія мелодыі ў вершах пра каханне і адначасова пранізлівы боль, скрушнае адчуванне незваротнасці ў вершах пра вайну. Калі, напрыклад, радкі М. Мятліцкага запамінаюцца найперш публіцыстычнай завостранасцю, то І. Фралова выказваецца на тую ж тэму зусім па-іншаму: кранальна, чулліва, на мяжы адчайнага крыку і сцішанай роспачы.

Даследчыкі гісторыі беларускай літаратуры і прыхільнікі творчасці Янкі Маўра, безумоўна, звернуць увагу на публікацыю ўрыўка з рамана «Дзяўчына-маці». Твор гэты, праца над якім вялася ў 1946—1947 гг., застаўся часткай ненадрукаванай спадчыны пісьменніка, рукапіс захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Чытачы «Полымя» маюць унікальную магчымасць першымі пазнаёміцца з гэтым творам. Падрыхтоўка тэксту — Марыі Міцкевіч.

Філасофія жыцця

Новая аповесць Сяргея Трахімёнка «Бог любіць Адэсу» — для тых, хто аддае перавагу шпіёнскім прыгодам, складаным загадкам, філасофскаму падыходу да жыцця і, вядома ж, любіць Адэсу. Сюжэтныя інтрыгі і своеасаблівае культуралагічнае настальжы па тым, чаго ўжо няма, так арганічна перанітоўваюцца ў апавядальнай канве, што ў чытача ёсць час і задумацца над ходам сусветнай гісторыі, і над сэнсам уласнага жыцця, і папросту атрымаць асалоду ад мастацкага ўвасаблення задумы. Уважлівы чытач будзе ўзнагароджаны: на апошніх старонках аповесці аўтар раскрывае галоўны сакрэт легендарнага горада.

Філасофіі — жыцця, кахання, лёсу — у гэтым нумары часопіса ўвогуле шмат. Аповесць Максіма Іванова «Прывід фугі», якая складаецца з чатырох жыццёвых гісторый, таксама натхняе на развагі ўсіх, хто ляціць у прорву «з хуткасцю жыцця» і не знаходзіць часу спыніцца, сарыентавацца ва ўласных прыярытэтах. Пісьменнік прамаўляе ад імя розных людзей з розным узроўнем сваёй асабістай катастрофы (для некага гэта трагічная смерць блізкіх людзей, а для некага — страта жадання працягваць бясплённае існаванне ў свеце згубленых сэнсаў). Гэта і ёсць агульная апавядальная мелодыя ў сюжэтным шматгалоссі, што падкрэсліваецца і ў назве твора.

Трапляе ў агульную філасофскую танальнасць і апавяданне Эльвіры Вашкевіч «Чатыры жыцці Боранькі Элентоха». Крыху дасціпнага гумару, стрыманасць у апісанні пачуццяў і эмоцый, павага да продкаў, вера ў людзей і сапраўднае каханне, а напрыканцы — невялічкая інтрыга, надзейна прыхаваная ў чамаданчыку, які галоўны герой вывез з разбуранага Берліна. Твор з класічнай пабудовай сюжэта будзе даспадобы аматарам спакойнага чытання.

А ўвогуле трагічная філасофія жыцця вельмі простая і, як гэта ўдала паказаў Уладзімір Карызна (нізка «Вновь надеждой повеет», пераклад А.Цяўлоўскага), можа змясціцца ў пяці радках:

Простая философия

Речка бьётся о берег,

Да взобраться не может, —

Разрушает тот берег —

И мелеет сама.

Фабрыкі пачуццяў

Нарэшце вельмі вострае абмеркаванне мэтазгоднасці і бяспечнасці медыцынскіх прышчэпак са старонак газет і сацыяльных сетак перабралася ў прастору мастацкіх тэкстаў. Вераніка Ляўчук прадстаўляе нам «Фабрыку Віта Брэвіс», на якой вырабляюць тыя самыя прышчэпкі. І тут не ўсё так гладка: лічыцца, што прышчэпкі фабрыкі спыняюць развіццё таленту. Таму ёсць два варыянты: або дзіця здаровае, або дзіця таленавітае. Тэма апавядання, безумоўна, гучыць правакацыйна і прыцягвае ўвагу.

І пакуль удзельнікі праекта «10 + 10» дзеляцца сваімі марамі пра Мінск (часта, праўда, даволі знешнімі, «касметычнымі»), Маргарыта Латышкевіч заваблівае нас у далёкую мінуўшчыну: героі аповесці «Вараціш-гара» змагаюцца з цмокамі і сябруюць з ваўкалакамі. Аповесць чытаецца цікава, нягледзячы на тое, што аўтарка рызыкнула звярнуцца да тэмы, некалі вельмі папулярнай у айчыннай літаратуры, сюжэтных паўтораў мы тут не сустрэнем. Удалая гістарычная стылізацыя, у тым ліку і на ўзроўні лексікі (а гэта ад такой маладой пісьменніцы — найвышэйшае майстэрства!) стварае эфект поўнага паглыблення ў рэальнасць гістарычнага фэнтэзі.

У паэтычных падборках часопіса гучыць суладдзе бязладдзя: Ч.ыЖ, Кірыл Мяцеліца, Адам Шостак ствараюць вершы з яркіх, але дэструктыўных успамінаў дзяцінства і артэфактаў сучаснасці, якія трапляюць на вока штодзень па дарозе на працу, дадому, на вакзал, у парк... З гэтых стракатых малюнкаў рыфма не складваецца, ды ці бясспрэчная каштоўнасць верша ў наяўнасці рыфмы? Вядома, не. Але і найпадрабязнейшае апісанне сваіх асабістых перажыванняў, уражанняў ад сузірання твораў мастацтва і падарожжаў у іншыя краіны альбо прастадушнае выказванне жаданняў таксама паэзію не робяць.

Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».