Вы тут

Сатырычным пяром — па заганах і хібах


Творцаў, якія на высокім мастацкім узроўні працавалі б у галіне гумарыстычна-сатырычнай літаратуры, звычайна няшмат. Такая літаратура, з аднаго боку, традыцыйна лічылася нібыта другараднай, несур’ёзнай, з-за чаго да яе звярталіся нямногія таленавітыя аўтары, а з другога — вымагала ад пісьменніка адмысловага і рэдкага дару — бачыць сапраўды смешнае ў найчасцей нясмешным жыцці.

Адзін з сучасных айчынных творцаў, які валодае гэтым дарам, — вядомы пісьменнік-сатырык Янусь Малец, які здаўна працуе ў розных жанрах сатыры і гумару. І паспеў выпусціць не менш чым паўтузіна аўтарскіх зборнікаў. На працягу амаль чвэрці стагоддзя ён піша як гумарыстычна-сатырычныя вершы, пародыі, так і адпаведныя празаічыя творы. Вось і ў новай сваёй кнізе «Галава — не вядро, альбо ё-маё!» (Мінск, «Чатыры чвэрці», 2018) ён выдатна праявіў свой талент сатырыка, жартаўніка, перасмешніка, пра што сведчаць змешчаныя тут гумарэскі і гісторыйкі, фельетоны, бываліцы і небываліцы, разнастайныя карацелькі. З ліку апошніх — шматлікія творы, напісаныя ў такіх арыгінальных жанрах, як «Януселькі-карацелькі», «літарадурныя памыйкі», «абрэвіятуркі».

Творы храналагічна ахопліваюць падзеі, што адбываліся ў розных мясцінах Беларусі на працягу чвэрці стагоддзя — з пачатку 1990-х гадоў да нашых дзён. Тэматыка вельмі шырокая: сацыяльныя і сямейныя праблемы, людскія заганы. Аўтар зборніка мае багаты жыццёвы досвед, ведае грамадскае жыццё-быццё, разбіраецца ў супярэчнасцях сацыяльнага развіцця і асаблівасцях чалавечай псіхалогіі.

Пры чытанні ловіш сябе на думцы, што найлепш запамінаюцца трапныя іранічна-сатырычныя афарызмы (часам нават рыфмаваныя!), якія ахопліваюць практычна ўсё тэматычна-сюжэтнае поле кнігі. З ліку найбольш удалых — наступныя: «Бізнес — гэта шлях ці на нары, ці на Канары»; «Рабочы! Не завіхайся каля станка — цябе яшчэ чакае дача»; «Мінздраў папярэджвае: не вывучайце цэннікі ў магазінах без валідолу!»; «Новы “венік” іншы раз мяце па-старому, а зарплату атрымлівае па-новаму»; «Вадзіцель! Зрабі правільны выбар паміж жыццём і каленам спакуслівай пасажыркі».

Дарэчы, нямала твораў у кнізе прысвечаны, тэме любові і кахання ў іх розных «абліччах», прычым часам не надта сур’ёзных (напрыклад, неадольная цяга да чаркі і выпіўкі). Тут ёсць не толькі рэальнае, але і напаўфантастычнае каханне, ёсць і «любоў» да грошай і хабару, і, вядома, бязмежная любоў асобных герояў да саміх сябе. Аўтар неаднойчы закранае (часам у іранічным ключы) праблему прыгожага пісьменства ў сённяшнім прагматычным свеце і акрэслівае ролю мастака ў сучасным літаратурным працэсе. З непрыхаваным сарказмам апісвае светаўспрыманне і тыповыя паводзіны сённяшніх графаманаў, якія, на яго думку, цвёрдакаменна ўпэўнены ў дасканаласці і бязгрэшнасці сваіх твораў і ў той жа час у грахоўнасці тых людзей, якія іх не друкуюць.

Аўтар прадстаўляе нам цэлую галерэю разнастайных персанажаў (ад дзяцей да пажылых людзей), звычайна даючы ім лаканічна-ёмістыя характарыстыкі. Пісьменніку практычна заўсёды ўдаецца дасціпна прапісаць дыялогі, ён нават прадстаўляе на суд чытача т. зв. «трыялог». Менавіта гэтым словам называецца адна гумарэска, у якой прыводзіцца досыць забаўная размова пацыента паліклінікі з доктарам-жанчынай, якая ў сваю чаргу паралельна яшчэ размаўляе з медсястрой на банальную побытавую тэму набыцця абутку ў мясцовым ЦУМе. У выніку такой спецыфічнай размовы трох асоб адразу ствараецца камічны эфект, паколькі пацыент не разумее, да каго ж у канкрэтны момант звяртаецца ўрач.

У кнізе абсалютная большасць твораў мае цалкам рэалістычны змест, але зрэдку сустракаюцца і такія, якія больш падобныя на своеасаблівую жартоўна-гумарыстычную фантастыку. Бадай, самым яркім і арыгінальным з такіх твораў з’яўляецца гумарэска «Зямное каханне» (мае аўтарскі падзагаловак «амаль фантастычная прыгода»), у якой апавядаецца пра начную сустрэчу і размову не зусім цвярозага героя — маёра-міліцыянта — з... іншапланецянкай, якая выплыла з нейкага неапазнанага лятальнага аб’екта і паспрабавала спакусіць гэтага небараку.

Як і практычна любы мастацкі твор, кніга мае пэўныя недахопы. Прыкладам, асобныя досыць навязлівыя (сама)паўторы ў тэмах, думках, матывах і персанажах — асабліва тады, калі аўтар падрабязна і ледзь не са смакаваннем шматкроць апавядае як пра выхадкі асобных алкаголікаў, так і ў цэлым пра п’янства дома і на працы, падчас адпачынку. Акрамя таго, у выданні сустракаюцца і ўзоры, гаворачы словамі з адной гісторыйкі, «пласкаватага гумару», якія не выклікаюць усмешкі і ўвогуле нічога не даюць ні розуму, ні сэрцу. Але ж у цэлым кніга атрымалася. Яна прыцягне ўвагу чытача, схільнага да вясёлага ўспрымання навакольнага асяроддзя і ўнутранага свету асобы. Пры чытанні зборніка міжволі складваецца ўражанне, што пісьменнік спрабуе адначасова быць як уважлівым дыягностам розных сацыяльных хвороб, так і клапатлівым лекарам народнай і чалавечай душы. У аўтара востры зрок, гарачае сэрца і лёгкае пяро.

Эдуард ДУБЯНЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.