Вы тут

На памяць аб сустрэчы з нобелеўскім лаўрэатам


Як тэатр аднаго акцёра працуе на карысць кніжніцы

30 гадоў таму, 17 чэрвеня 1988 года, 40-гадовая пісьменніца, цяпер першы беларускі нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч наведала Беразіно, адбылася незабыўная сустрэча з мясцовай інтэлігенцыяй, з бярэзінскімі кнігалюбамі. Шырокую папулярнасць на той час ужо набыла першая кніга спадарыні Святланы «У вайны не жаночы твар», якая пабачыла свет у 1985 годзе да 40-годдзя Вялікай Перамогі. Кніга адразу вылучылася неардынарнасцю і трапіла ў фондах бярэзінскіх бібліятэк у разрад краязнаўчай каштоўнасці, бо ў ёй змешчаны ўспаміны 5 нашых зямлячак — удзельніц вайны. На памяць аб сустрэчы на Бярэзіншчыне пісьменніца пакінула аўтограф на кнізе, якая цяпер з’яўляецца рарытэтам Бярэзінскай раённай бібліятэкі.


Сама сустрэча і неардынарная асоба С. Алексіевіч яшчэ напрыканцы 80-х паслужыла штуршком пільнай увагі бібліятэкараў да яе творчасці. Да 60-годдзя вызвалення Беларусі і 60-годдзя Перамогі ў 2004—2005 гг. упершыню на Бярэзіншчыне пачаў трыумфальнае шэсце тэатр кнігі С. Алексіевіч «У вайны не жаночы твар». Шырокай публіцы былі прадстаўлены самыя пранікнёныя старонкі, улічваючы, што яркія эпізоды, узмоцненыя тэатралізацыяй, выклікаюць цікавасць да ўсяго твора, служаць найлепшай рэкламай.

З аднолькавай цікавасцю тэатр без заслон паводле знакавай кнігі Алексіевіч успрымалі ў вучнёўскім класе і ў швейным цэху, на пасяджэннях грамадскіх таварыстваў і аматарскіх суполак, на жаночых пасядзелках і літаратурных вечарынах. Да 20-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана дэбютаваў тэатр маналогу паводле кнігі Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі». У 2011 годзе да 25-годдзя Чарнобыльскай трагедыі каралевай бібліятэчнага тэатра стала знакавая кніга С. Алексіевіч «Чарнобыльская малітва». Калі ў 2013 годзе бярэзінскія бібліятэкары праводзілі шырокамаштабную агіткампанію па прафілактыцы суіцыду, у 16 арганізацыях і ўстановах горада гучалі монатэатралізаваныя маналогі «Недаспяваная песня жыцця» паводле кнігі пісьменніцы «Зачараваныя смерцю». У 2015 г. да 70-годдзя Перамогі жыхары бярэзінскіх аграгарадкоў на «ўра» сустракалі цягнік мужнасці з тэатралізаванымі прадстаўленнямі «Ішлі дзяўчаты па вайне», «Дзеці без дзяцінства» паводле твораў Алексіевіч «У вайны не жаночы твар», «Апошнія сведкі». Не адно дзесяцігоддзе кнігі спадарыні Святланы, якія ажывіў тэатр Бярэзінскай раённай бібліятэкі, шчыра размаўляюць са слухачамі.

Сёлетні 70-гадовы юбілей пісьменніцы паслужыў цудоўнай нагодай для прэзентацыі яе твораў пад дэвізам «5 кніг — 5 шэдэўраў юбіляра». Тэатр аднаго акцёра прадставіў маналогі герояў кніг Алексіевіч для вучнёўскай моладзі аграгарадка Лешніца. Такая форма папулярызацыі арыгінальных мастацкіх твораў дазволіла стварыць гукава-зрокавыя яркія вобразы, эмацыянальна данесці разнастайную гаму думак, пачуццяў, адчуванняў жанчын-франтавічак, дзяцей вайны, матулі воіна-афганца, жонкі ліквідатара аварыі на ЧАЭС. Выступленне бібліятэчнага выязнога тэатра кнігі ладзілася ў аграгарадку Любушаны, у мясцовым сельскім Доме культуры. Сімбіёз літаратуры і мастацтва дазволіў любушанскім школьнікам убачыць кнігі С. Алексіевіч праз прызму сцэнічнага майстэрства. Уступны імправізаваны маналог «пісьменніцы» «Я павяду вас дарогай успамінаў» і заключны маналог «Я не спавядальнік, не лекар, не суддзя, я такі ж чалавек, як і вы», увасоблены бібліятэкам-акцёрам, дазволілі пераканаўча перадаць жыццёвае і пісьменніцкае крэда Святланы Алексіевіч.

Тамара КРУТАЛЕВІЧ, загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай ЦРБ, аўтар праекта «Жывая кніга»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».