Вы тут

У шматгалоссі меркаванняў


Пачатак заўсёды ставіць пытанні і выклікае дыскусіі. «Арт-Мінск» — не першы буйны мастацкі праект у Беларусі, але праз яго акрэсліліся праблемы, якія характэрныя для нашага мастацкага асяроддзя наогул, адна з якіх заключаецца ва ўменні прадстаўляць мастацтва. Паколькі праект выклікаў спрэчкі, мы вырашылі ўдакладніць, якія высновы вынеслі для сябе арганізатары, і звярнуліся да дырэктара Палаца мастацтваў Аляксандра Зінкевіча з пытаннем: «Навошта Мінску “Арт-Мінск”?»


— Калі мы пракруцім стужку часу, то заўважым, што было вельмі шмат цікавых падзей. І часта гэтыя падзеі — нібыта яркія ўспышкі, пра якія гісторыя забывае. А туды былі ўкладзеныя высілкі людзей. І няхай гэтыя падзеі былі сапраўды добрымі выставачнымі праектамі, чалавечая вузкапрафесійная свядомасць можа іх выцясняць з памяці. Калі мяне спытаць, якія выстаўкі праводзіліся пяць гадоў таму, давядзецца паглядзець архіў.

Мінску патрэбныя сістэмныя праекты. Гэта значыць праекты, якія павінны мець гарызонт планавання на найбліжэйшыя 3—5 гадоў. «Арт-Мінск» і «Восеньскі салон» — гэта сістэмныя праекты. Ідэя «Восеньскага салона» на сёння даволі выразна сфармуляваная: ён сфакусіраваны на прэзентацыі маладых аўтараў, а таксама на продажы прадстаўленых твораў. Гэта сведчыць аб тым, што «Арт-Мінск» з цягам часу таксама зможа лаканічна сфармуляваць сваю асноўную задачу.

Усё, што адбываецца на беларускім рынку мастацтва, — гэта досыць раз’яднаныя намаганні вялікага кола людзей. Раз’яднанасць дапушчальная ў тым выпадку, калі арганізатар — Луўр або, напрыклад, фонд Геці. Гэта значыць, калі вы самі ў стане аказваць уплыў на сітуацыю на рынку, калі вы не пакутуеце ад недахопу нейкіх базавых патрэб. Толькі ў такім выпадку вы можаце выступаць з маштабным праектам.

«Арт-Мінск» першапачаткова задумваўся як злучэнне агульных намаганняў для правядзення значнай мастацкай падзеі. І тут важную ролю адыгрывае стварэнне лагістыкі паміж усімі ўключанымі ў гэты праект структурамі (яны павінны навучыцца ўзаемадзейнічаць, пачынаючы ад стварэння агульнага квітка і да адпраўкі агульнага праекта за мяжу). «Арт-Мінск» — гэта не гісторыя пра тое, як некалькі галерэй горада пад адным брэндам адзін месяц неяк узаемадзейнічаюць. Гэта сістэмная праца на працягу года. Аб’яднанне ўсіх высілкаў і сістэмная гадавая праца — гэта канцэпцыя, якую «Арт-Мінск» можа рэалізаваць.

 «Арт-Мінск» далёка не проста выстаўка. У будучыні гэта маштабнае мерапрыемства, якое зможа зацікавіць удзельнікаў, гледачоў і профільныя інстытуцыі і якое зможа вырашаць тыя нявырашаныя праблемы, якія існуюць сёння на рынку мастацтва (такія як вызначэнне культурных каштоўнасцяў, абарот прадметаў мастацтва, выпрацоўка канцэпцыі развіцця культуры). Гэта значыць, мы пазіцыянуем «Арт-Мінск» як базавую маштабную арт-выстаўку. Бо, калі гэта разавае мерапрыемства, прысвечанае значнай даце, яго даволі складана ператварыць у доўгатэрміновы праект. Мне здаецца, што мерапрыемства з гісторыяй і вялікім бэкграўндам мае больш шанцаў на жыццё.

Мы правялі першы фестываль, у выніку якога аб’ядналіся 18 праектаў. На наступны год у нас ёсць цэлы спіс праблем, якія трэба будзе вырашаць: якой з пляцовак якія праекты падыходзяць, як паміж сабой камунікаваць, як згрупаваць аўтараў, як прадстаўляць замежныя пляцоўкі.

Збольшага гэта перайманне суседскага досведу. Так, эканоміка кожнай краіны адрозніваецца, і інвеставанне ў культуру і мастацтва ў кожнай з іх мае свае асаблівасці. Напрыклад, «Арт-Базель» — камерцыялізаванае прадпрыемства. Гэта такі акумуляцыйныя эфект, калі праходзіць якаснае мастацкае мерапрыемства, якое стала гістарычным прэцэдэнтам і пры гэтым мае зразумелую камерцыйную сістэму.

Вядома, цяпер гэта футуралогія. Але гэтым трэба займацца. Бо такое мерапрыемства можа прывесці да прытоку турыстаў, да пазнавальнасці краіны і г. д. Бо, напрыклад, «Арт-Вільнюс» ужо прадстаўляе Літву як годнага ўдзельніка еўрапейскай мастацкай і рынкавай прасторы.

У «Арт-Мінска» ёсць і вузкаспецыялізаваная задача. Раз у год мы запрашаем беларускіх аўтараў прадставіць лепшыя і найноўшыя творы. Гэта своеасаблівы маніторынг актыўнасці мастакоў, яны будуць разумець, што павінны кожны год прадстаўляць навінкі. З іншага боку, «Арт-Мінск» — гэта не біенале, дзе прадстаўлены выключна contemporary art. «Арт-Мінск» мае вельмі нейтральную назву, якая можа ўключаць самыя розныя выказванні. Гэта магчымасць прыцягнуць гледачоў да наведвання выставак, што, у сваю чаргу, можа падштурхнуць нас да стварэння інфраструктуры, нейкага спецыяльнага асяроддзя для прэзентацыі сучаснага мастацтва. Акрамя таго, гэта мерапрыемства, якое павінна быць талерантным да шматгалосся меркаванняў. Бо кожная пляцоўка павінна сфармуляваць сваю пазіцыю. Гэта зможа сфарміраваць галерэйны бізнес.

Такое мерапрыемства дазваляе ставіць пытанні. І чым больш мы зможам знайсці адказаў на гэтыя пытанні, тым лягчэй стане ўсяму выставачнаму працэсу. Я не магу сказаць, што ў «Арт-Мінска» ёсць нейкая фундаментальная накіраванасць. Але «АртМінск» павінен стаць «будаўніком», каб збіраць пазлы, якія адсутнічаюць.

Алена РУСАКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.