Вы тут

Зямля ў ілюмінатары


Тэорыя і практыка ператварэння ў сапраўднага палешука

Не трэба шукаць іншапланецян! Навошта, калі побач на зямлі шмат істот, кантакт з якімі прыпыніўся ці так і не быў канчаткова наладжаны. «Космас так блізка», — сцвярджаюць знаўцы. Самы просты спосаб выйсці ў яго — Купалаўскі тэатр, дзе на малой сцэне ідзе пастаноўка “Радзіва Прудок”. Больш складаны (але зусім не напружвае) — праз чытанне кнігі Андруся Горвата, якая дала падставу для стварэння спектакля. Яшчэ адзін спосаб падаецца нерэальным, але і рэальным таксама (у аўтара ж атрымалася): паехаць жыць на Палессе. Гэта ўсё адно што выйсці ў адрыты космас, прынамсі, для жыхара сталіцы. Таму што асобы, якіх ён сустракае там, у паралельным свеце, патрабуюць асаблівых падыходаў у кантактах, асаблівай логікі для паразумення, а для перадачы сэнсу ім не трэба шмат слоў, часам дастаткова аднаго гуку (літары), каб перадаць глыбокі сэнс.


...О?

«Твой переезд в Прудок связан с какой-то психологической травмой?» — спыталі ў героя кнігі. Само сабой просіцца гэтае пытанне. Мала таго, што гараджанін выправіўся жыць у вёску, у дзедаву хату, дык яшчэ і на Палессе, якое ўяўляецца дагэтуль месцам сакральна-некранутым, далёкім і не да канца зразумелым. Гэта нават не арбіта недзе «па-над», гэта паралельная галактыка, дзе іншыя законы гравітацыі, катэгорыя часу амаль адсутнічае (істотны сам факт, што ты ёсць) ды ў наяўнасці разумнае жыццё са сваімі прынцыпамі існавання. Усё выпрабаваў на сабе аўтар кнігі «Радзіва “Прудок”», за «персанальным эксперыментам» якога магла сачыць прасунутая зямная аўдыторыя дзякуючы вайфаю: гэта ж трэба, паехаў не ў Маскву, не ў Парыж, а ў беларускую вёску. Цяпер новы свет тут. І рамантыка тут.

Запісы з дзённіка — успаміны былога «зямнога» (прыземленага?) жыцця, назіранні і думкі пасля кантактаў з мясцовай цывілізацыяй — сталі кнігай. Кніга пайшла ў шырокую прастору — а гэта ўся прастора беларускага светаадчування, менталітэту, культуры, наогул жыцця. І хутчэй за ўсё спрацавала менавіта сіла зямнога прыцягнення і жаданне паглыбіцца ў свой неспазнаны Сусвет, бо наўрад ці гэтая кніга зацікавіць нерэальнай гісторыяй ці сюжэтам — яго там наогул няма! Ёсць назіранні, занатоўкі, кожная з якіх, здаецца, магла б быць аповесцю ці раманам, але пры гэтым у радках — жывых, рэальных словах, якімі карыстаюцца людзі — яшчэ столькі паэзіі... Менавіта таму жаданне паставіць гэтую кнігу ў тэатры падавалася ўтапічным: жыццё ў Прудку ідзе сваім ходам: ад стварэння Сусвету тут столькі жыхароў (аказваецца!), а колькі яшчэ тых герояў, якіх вывесці на сцэну немагчыма... Не пагадзіўся Раман Падаляка. Меў рацыю.

Актыўнасць чытачоў і захапленні наноў адкрытым сусветам прывялі да з’яўлення фільма «Ягор» і ўрэшце — да тэатральнай пастаноўкі, якую ажыццявіў той жа аўтар фільма, Раман Падаляка. Ён таксама частка беларускага космасу — акцёр-зорка. Цяпер ведаю дакладна: на начным небе сярод зіхатлівых зорак могуць быць планеты, якія маюць моцную атмасферу і энергетыку, здольную ўцягваць у сваю арбіту. У дадзеным выпадку яны зрэзаніравалі: космас, які спасцігаў Горват, і энергетыка Падалякі.

Яны абодва аднолькава разумеюць, чаму эротыка па-беларуску — гэта аголеная каленка Ганны Чарнушкі («Людзі на балоце» ідуць на сцэне Купалаўскага тэатра). А Купалаўскі тэатр — гэта таксама мікракосмас, які зацягвае ўсіх, хто трапляе ў зону яго прыцягнення. З акцёрамі зразумела. Але ж нават былога дворніка, якім працаваў галоўны герой, не прамінула гэтае наканаванне. Выбар працы для дворнікаў у Мінску неблагі, з варыянтамі аплаты: чым бліжэй да культуры — тым яна меншая, затое там у будучых дворнікаў могуць спытаць пра валоданне мовай... Калі чалавек зрабіў такі выбар у працы, то зразумела, што для яго сіла прыцягнення — з’ява не проста фізічная, а хутчэй філасофская.

Усё пазначана адразу: з першых рухаў па сцэне героя мы адчуваем яго наканаванне: камбінезон дворніка нагадвае скафандр. Далей адчуваем асаблівы космас Беларусі праз выяўленне часткі тэатральнай біяграфіі. Сусвет ахоплівае гледача праз мастацкі вобраз: умоўны касмічны стыль, што прыдумала мастачка Кацярына Шымановіч, вытрыманы ад пачатку да канца, і дазваляе канцэптуальна падтрымліваць галоўную думку. Вось яна, сюжэтнасць, намацаная праз метафізіку, дзе розныя малекулы-дробязі-эпізоды-часткі сінтэзуюцца ў агульную форму. Зоркі зіхацяць у чорнай прасторы малой сцэны — і бачыш, якая, яна, аказваецца, вялікая...

Каб больш зразумелыя былі палескія адчуванні, трэба было пачаць з гарадскіх, так і зрабіў Раман Падалякарэжысёр. У інсцэніроўцы, якую ён напісаў разам з артыстам Міхаілам Зуем, ёсць частка пра героядворніка, які ачышчаў снег на дарозе, па якой скакалі гарадскія козачкі на абцасах, слухаў прыгожую кітайскую мову ў тэатры падчас экскурсій для турыстаў, дзе ў якасці экзатычнага артэфакта маглі фігураваць шкарпэткі дворніка на батарэі (не, ну выпадкова!), слухаў мамін голас па тэлефоне з абавязковай неабходнасцю запэўніваць, што ўсё нармальна. Магчыма, так адказваюць блізкім касманаўты, якіх толькі прызначылі ў далёкую экспедыцыю, і патрэбны час, каб усіх падрыхтаваць. І тэатр для героя стаўся свайго роду цэнтрам падрыхтоўкі да касмічнай вандроўкі. Але «прыбіраць снег — усё адно што чысціць доўгую дарогу дадому»...

Ёсць адно скразное пытанне, адказ на якое мы шукаем на працягу спектакля: «Чаму прыехаў?» — «Захацелася». Нас падводзяць да адказу: чаму захацелася. Ён не гучыць прама, гэта і немагчыма. Ён перадаецца метафізічна. Прыходзіць як згадка і сінтэзуецца, нібыта з касмічнага пылу — нават яго можна гарманізаваць і стварыць свет ці адрадзіцца наноў. .

..А...

Старая дзедава хата напачатку як кропка сярод зорнага неба. Глядзіш на яе нібыта з нябесных вышынь. Адразу спазніўся «Салярыс» Таркоўскага з вандроўнікамі, якія рушаць даследаваць разумнае жыццё іншага паходжання, а ў выніку думкамі вяртаюцца да таго, што засталося далёка дома і яны носяць гэта глыбока ў сабе. Але напрыканцы ўглядаюцца ў хаціну з утульнымі вокнамі і гасцінным ганкам. Наш касманаўт ідзе далей: ён спыняецца і даследуе тое, што ўнутры.

Пры набліжэнні да хаціны бачыш: ці не сам дзед глядзіць адтуль праз акно? Даўно няма дзеда, але падобны на яго сам герой — адзін твар з рысамі, што выявіла (запомніла?) шкло. Але самае цікавае пачнецца потым, у самой хаце і вакол яе. Новае жыццё падорыць новых сяброў, іншай формы розуму. Дзіўна было ўявіць, якім чынам можна на сцэне паказаць ката Рому. Але ён побач з героем — як выява на мяккай падушцы, і сапраўды ж можна вось так сядзець на старым сінім металічным ложку і гладзіць яго. Намаляваная і каза са званочкамі, якія дзінькаюць як пры дойцы, — ён назаве яе Цёця, у гонар былой гаспадыні. Муха Наташа абсалютна рэальная: так выглядае аніміраваны персанаж.

Услед за мастачкай Кацяй Шымановіч аўтар-аніматар відэараду Глеб Куфцерын дазваляе ў драматычным спектаклі стварыць лініі, якія важныя (смешныя, кранальныя) у кнізе, альбо абазначыць моманты асаблівага настрою ці атмасферы. Вось тут у студні-ілюмінатары бачныя і ўсе «іншасветныя» істоты: матылькі і мухі, якіх нават можна змахнуць рукой, месяц, які адбіваецца ў вадзе, «жывыя» кроплі дажджу. Усё тое, без чаго немагчымае было б адчуванне нашага зямнога космасу з чалавечым тварам.

Драматургічная «іншасць» героя падкрэсліваецца яго жаданнем пагаварыць — з радзіва. Яно грае асаблівую ролю ў спектаклі, такі ж «жывы» персанаж сярод іншых, хоць і рарытэтны прыбор з голасам, які, дарэчы, валодае сваёй логікай. Гэты скразны герой — альтэрэга персанажа, які сам сабе задае пытанні, разважае, прыходзіць да высноў. Здаецца, абодва безэмацыянальныя: радзіва з металічным голасам і артыст Міхаіл Зуй. Магчыма. Але ў іх узаемадзеяненні можна ўлавіць тут эмоцыю, якой не хапае вонкава (каб адчуць змены ў нашым касманаўце, трэба ўсё ж чытаць кнігу). Таму што ў ёй усё ж значна больш насельнікаў. Ставаральнікі спектакля вельмі стараліся выбраць самыя «тэатральныя» эпізоды, пры тым, што гэта ўсяго толькі драбніцы агульнага тэксту, у якім адлюстраваныя цудоўныя назіранні за жыццём...

Муха Наташа не дае спаць, настойліва цакоча над вухам — хочацца сачыць за яе лёсам. У чым праблема, здзівіцца жыхар гарадской кватэры, які прывык вырашаць пытанне радыкальна. Ну, і дарма: гэта ж На-та-ша! Яна таксама мясцовы жыхар, частка экасістэмы, урэшце, часцінка Сусвету. Без яе карціна будзе няпоўнай. Карціна свету вачыма новага жыхара вёскі Прудок — дакладна. Карціна свету ката Ромы — таксама, ён той, хто дапамагае «акліматызавацца» — і за яго лёсам захочацца сачыць, па ім захочацца плакаць...

Слёзы наварочваюцца і пры знаёмстве з жывымі істотамі. Яны жывуць у Прудку, ён немагчымы без іх, а яны — без яго! Разам яны ўтвараюць калектыўны розум: людзі і месца. Часам абаяльныя і прывабныя, гасцінныя і добрыя, з граматамі за 30 гадоў працы і проста шаноўныя, спагадлівыя і тыя, што маюць асаблівую зацікаўленасць у вашай спагадзе. Часам яны здаюцца гуманоідамі (у адпаведным стане), але пры далейшых кантактах аказваюцца вельмі мілымі людзьмі з тонкай душэўнай арганізацыяй. Яны такія: падкажуць, як абыходзіцца з зямлёй, што садзіць, з кім пагаварыць. Усе вобразы вяскоўцаў увасабляюць Святлана Анікей (маладух і бабуль) і Дзмітрый Есяневіч (дзядоў і моцных дзецюкоў). Вялікая нагрузка на акцёраў, якія пераўвасабляюцца ад сцэны да сцэны: імкнуцца і дух захаваць, і персанаж паказаць прачула (таму прамаўляюць нетаропка, месцамі можа падавацца, што з-за гэтага замаруджваецца дзея). Але ў Прудку, з іншага боку, такое жыццё: тут ніхто нікуды не спяшаецца. Каб пераўвасобіцца, артыстам дастаткова дадаць нейкую дэталь гардэроба (тоўстыя вязаныя шкарпэткі ці нагавіцы, шапку ці швэдар) — у гэтым сэнсе стыль касмічнай вопраткі застаецца базавы: кожны прудковец — носьбіт таго асаблівага «паляшуцкага» космасу, у якім на месцы кожная датэль, расліна, мошка. Мае землякі-палешукі настолькі пазнавальныя з іх жыццёвай філасофіяй, што разумееш: гэта абсалютна самадастатковыя людзі, якія здолеюць перажыць любыя катаклізмы глабальнага характару і аднавіцца. Бо ў іх усё е.

Е!

Гэтая адна ёмістая літара абазначае паляшуцкі дух і нават дыялект ва ўсім спектаклі, што ідзе на літаратурнай беларускай мове. Яна натуральна ўвайшла ў кнігу і дапамагае аўтару падкрэсліць каларыт месца, дзе ён жыве сабе, «выспявае як нацыя», спасцігае палескую філасофію, дзе ёсць свае інь-янь: мужчынкае змаганне — з абставінамі, за ўраджай, за жыццё, — заціснутае ў жаночае гараванне (як тут прынята). І не трэба думаць, што працэс гэты сумны, наадварот. Гараваць у палешукоў прынята, калі ёсць пра што падумаць, і нават калі ўсё добра (каб не сурочыць). І калі герой урэшце робіць гэта — абліваецца халоднай вадой з вядра, разумееш канчаткова: у ім такі прачнуўся «паляшуцкі ген» — рабіць, сеяць, капаць, касіць, абжывацца гаспадаркай. Каб сказаць, як усе тут: «е»!

Нават гэтай адной дэталі дастаткова, каб зразумець: «е» — гэта не літара. Гэта наяўнасць. Прысутнасць. Існасць. І неспазнанасць да канца.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».