Вы тут

Уладзімір Цвірка. Старыя Пескі


Буду пісаць пра тое, што засталося ад колішняй сядзібы Пуслоўскіх. Пра тое, што трэба абавязкова зберагчы, каб нашы нашчадкі, атрымаўшы ў спадчыну гэтыя кроплі ад багатага мінулага, бачылі і разумелі: мы ў свой час вельмі імкнуліся захаваць дзеля будучыні архітэктурныя каштоўнасці і рабілі ўсё магчымае, каб наступныя пакаленні памяталі, хто мы і адкуль.


Хачу распавесці пра ўязную браму, якая захавалася ў вёсцы Старыя Пескі на Бярозаўшчыне. Але спачатку згадаю яшчэ адну браму — у вёсцы Жырмуны Лідскага раёна. Ёсць адна адметная акалічнасць, якая аб’ядноўвае два помнікі архітэктуры. Гэта дарогі, якія і сёння бягуць праз брамы. Вы можаце здзівіцца: ну і што тут такога? На тое яны і брамы, каб праз іх ездзіць. Але ж... стан гэтых збудаванняў ужо не той, ды і тэхніка, якая ходзіць праз іх, стала больш магутнай і шырокай. Пашкодзіць такую браму зусім не складана. Што ж адбылося ў Жырмунах? Гэты архітэктурны помнік, які захаваўся ад былой сядзібы Радзівілаў, зусім нядаўна зачапілі вялікай тэхнікай, ды настолькі, што паўстала пытанне пра канчатковы знос.

 На старапескаўскай браме ўжо відаць пакуль яшчэ нязначныя пашкоджанні арачных сцен. Не хацелася б, каб гэты архітэктурны помнік напаткаў лёс жырмунскай брамы. Можна сказаць, што другой дарогі няма... Калі здарылася непапраўнае, у Жырмунах знайшліся ажно два шляхі, па якіх можна аб’ехаць разбураную браму. Такія падзеі засмучаюць, але, можа, яны нас падштурхнуць, каб мы зрабілі нейкія высновы, глядзелі трошкі наперад, каб потым не шкадаваць.

Пуслоўскую браму ў Старых Песках я лічу самай прыгожай з тых, якія захаваліся ў Беларусі. Яна — быццам фантастычны партал ва ўчарашні час. Пойдзем, сябры, разам праз яе.

Крыху больш за тры стагоддзі гэтымі землямі валодаў знакаміты і заможны шляхецкі род Вялікага Княства Літоўскага Пуслоўскіх. Недзе з самага пачатку XVII стагоддзя і ажно да 1939 года прадстаўнікі гэтага роду не толькі адбудоўвалі адну з найпрыгажэйшых сядзіб рэгіёна, але і з ахвотай садзейнічалі будоўлі дарог, млыноў і розных прадпрыемстваў, былі фундатарамі храмаў і палацаў. У суседнім мястэчку Хомск шмат гадоў працавала суконная фабрыка, вырабы якой неаднаразова атрымлівалі высокія ўзнагароды на прамысловых выстаўках. У вёсцы Альшэва, што таксама побач з Пескамі, быў пабудаваны прыгожы касцёл з радавой пахавальняй. Шмат чаго было знішчана. І толькі на малюнках Напалеона Орды можна ўбачыць, наколькі маляўнічай і шыкоўнай была сядзіба Пуслоўскіх: з палацам, паветранымі млынамі, вялізным пейзажным паркам, які прывольна раскінуўся ад палаца і аж да берагоў возера Чорнага, хаваючы пад вершалінамі дрэў разнастайных парод штучныя сажалкі.

Значныя страты прынеслі Пуслоўскім 30-я гады мінулага стагоддзя. Агонь паглынуў суконную фабрыку, неўзабаве згарэў і палац. Пад сядзібны дом часова прыстасавалі будынак канюшні. Мара адбудаваць новы палац так і не здзейснілася. Акрамя двух брам тут яшчэ можна ўбачыць дом, перароблены з канюшні, рэшткі сядзібнага парку з сажалкамі. А ў Альшэва сярод поля ўздымаецца цагляная вежа. На гэтым месцы раней былі гаспадарчыя пабудовы.

Заходняя брама, якая сустракае мяне першай, на выгляд больш сціплая, у ёй адсутнічаюць вежы, а галоўны праезд наогул у свой час быў замураваны. Брама, на жаль, у руінах. І з кожным годам яна разбураецца ўсё больш. На вачах мы губляем чарговы архітэктурны помнік, неад’емную частку сядзібна-паркавага комплексу Пуслоўскіх.

Іншая справа — Паўночная брама. Яе магутны стан, велічнасць, замкава-гатычны стыль уражваюць здалёк, нібыта гэта частка нейкага чароўнага замка. Не. Архітэктурны цуд тут у адзіноце. Узнёслыя вежы брамы, высока ўзняўшы свае галовы, упрыгожаныя зубчастымі шлемамі, пільна ўглядаюцца з мінулага праз стагоддзі ў сённяшні час, прыглядаюцца да тых, хто падыходзіць да брамы. І здаецца, толькі гэтым вежам-вартаўнікам трэба быць удзячным за тое, што захавалі, збераглі архітэктурную каштоўнасць.

Вялізны арачны праезд, вышынёй каля васьмі метраў, зверху ўпрыгожаны як быццам кратамі, якія паднялі ўгару вельмі-вельмі даўно. Паднялі вартаўнікі краты, а самі кудысьці адышлі і... не вярнуліся. Так і стаіць гэтая брама адкрытая, гасцінна запрашаючы зайсці пад яе скляпенні, пераступіць нябачную мяжу паміж сучаснасцю і ўсім тым, што было ў захапляльным мінулым...

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю. 

Культура

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Вызначыць дакладны час з'яўлення на Беларусі вядомага абарончага збудавання дагэтуль немагчыма, хоць розных гіпотэз існуе шмат.

Грамадства

«Ніколі не губляйце мару дзяцінства!»

«Ніколі не губляйце мару дзяцінства!»

Мы з Аленай Варановіч пазнаёміліся выпадкова, на вуліцы. Адразу разгаварыліся і знайшлі агульную мову. Тады за кубкам кавы яна сказала мне важныя словы: «Ніколі не губляй мару дзяцінства».

Спорт

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Як трэнер пабудаваў сістэму, якая выхоўвае алімпійскіх чэмпіёнаў.