Вы тут

Рунь для Яначкі


Гэта мая беларусачка, мая ўнучка Яначка. Нарадзілася яна ў Мінску, але кожнае лета праводзіць тут, у вёсцы. Яна вельмі цікаўная і дапытлівая дзяўчынка. З маленства любіла са мной хадзіць на агарод, у поле. Ёй было цікава, як гэта ўсё расце. Асабліва яе прываблівалі збожжавыя культуры. Якраз у нас на полі за дваром яны былі пасеяны. Унучка кожны дзень бегала туды. Прысядзе і гладзіць зялёную рунь.


Гаварыла:

— Бабуля, яна такая мякенькая, цёплая.

Рунь паступова расла, і яна пачала з ёй мерацца: хто хутчэй вырасце? А колькі радасці было ў яе на твары, калі з'явіліся каласкі і збожжа закрасавала.

А тут я ёй падказала, што гэтай красой можна ўмывацца, тады будзеш прыгожай. І як толькі ўнучкі не было на двары, мы ведалі, дзе яе шукаць. Вось у адзін з такіх момантаў мы яе і сфатаграфавалі.

Цяпер яна ўжо амаль дарослая, але кожныя канікулы прыязджае ў вёску, дапамагае мне па гаспадарцы, умываецца красою. Для яе гэты цуд застаўся цудам. Як тут не прыгадаць словы Пімена Панчанкі:

Кожны з нас прыпасае Радзімы куток,

Каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны.

Таіса Несцяровіч, аг. Кляннік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?