Вы тут

Селектар. З рэдакцыйнай пошты


З нядаўняга часу ў хаце пасяліўся «селектар». Як да Дарынкі, дык яна ўжо добра ведае, што гэта за дзіва.


У той дзень бацька прыбег на абед нейкі ўзбуджаны і адразу з парога заявіў мацеры:

— Таня, прыбяры з дзецьмі к заўтраму хату, папрыбірайце з вачэй лішняе латунне ў вугле каля тваёй машынкі і прыгатуй абед — дзесь яшчэ на двух-трох чалавек.

— Вой, што трапілася, хто будзе? Начальства якое з Гомеля?

— Ды не, не начальства. Нам будуць ставіць селектар. Я ж цяпер павінен быць на сувязі кругласутачна.

— Тата, а што гэта такое селектар? Тэлефон такі? А спаць ты зусім не будзеш? Каля тэлефона сядзець будзеш? А як ты вытрымаеш? — засыпалі бацьку пытаннямі Дарынка з братам. Цяпер ёй ёсць чым пахваліцца перад сваімі сяброўкамі — селектарам. Гэта табе не мадзярон на двух колах, які трэба перці па рэйках з усяе сілы, калі ён чым-небудзь нагружаны.

Назаўтра ў хаце з'яўляюцца двое чужых мужчын з інструментам. Адзін з іх прымацоўвае да сцяны той селектар-тэлефон, другі чапляе дрот на сцяне хаты з вуліцы, а потым лезе на слуп з электрычнымі правадамі і падводзіць да яго адводак ад хаты. Уся работа займае некалькі гадзін. Потым тыя майстры правяраюць селектар у рабоце: з кімсьці размаўляюць па ім і, нарэшце, кладуць чорную бліскучую трубку на рычагі. Памыўшы рукі пад умывальнікам на двары, яны разам з бацькам абедаюць і з ім жа пакідаюць хату.

Ведаючы непаседлівы характар свайго малодшага сына, бацька пальцам грозіць яму, каб той не чапаў селектара, і вачыма паказвае яму на рэмень. Тут усё зразумела і так, без слоў, — і Дарынцы, і Шурку. Але хіба ж уцерпіш? Як толькі бацька зачыняе за сабой весніцы, а маці выходзіць па нейкай справе з хаты, Шурка кідаецца да селектара і асцярожна здымае трубку. Дарынка побач чуе, як там у ёй нейкая незнаёмая цётка кажа:

— Алё! Дыспетчар слухае. Алё, каго вам трэба набраць?..

Шурка ад неспадзеўкі спачатку хоча кінуць трубку, але тут жа спахопліваецца і кажа той цётцы:

— Цётачка, набярыце нам нашу сястру на Данбасе. Яна туды завербавалася. Яе завуць Анюта. Мы вельмі па ёй сумуем, дык хоць паразмаўляем...

Ён яшчэ штосьці намагаецца сказаць таму дыспетчару, але спачатку чуе рогат, а потым суровае:

— А ну, пакладзі трубку на месца, падшыванец! Заняў мне тут лінію. Я вось бацьку твайму скажу, каб рэменем па мяккім месцы пахадзіў і адбіў табе ахвоту займацца дурасцямі.

Як абпёкшыся, Шурка асцярожна кладзе трубку на месца і заклапочаны адходзіць: «Адкуль тая цётка ў трубцы ведае іх бацьку? А што будзе, як яна раскажа пра яго непаслушэнства тату? Ну, ведама што — рэмень паходзіць па адным месцы».

Бацька размаўляе па селектары з начальнікам дыстанцыі. У гэты час усе, хто знаходзіцца ў хаце, павінны нават не варушыцца, каб не перашкаджаць яму дакладваць пра абстаноўку на ўчастку, які абслугоўвае яго акалодак. Дома ўсе ведаюць, што акалодак — гэта некалькі брыгад пуцейцаў, якімі камандуе бацька. Вось ён прыўстаў з табурэткі і штосьці шукае на стале сярод сваіх дакументаў. А Шурка тым часам без усялякай задняй думкі на дыбачках прыбліжаецца да яго, бярэ з-пад бацькі табурэтку і нясе яе да грубкі — закрыць засланку. Тая тырчыць пад самай столлю. Ён думае, што паспее гэта зрабіць, пакуль бацька шукае патрэбную паперу. Бацька, які не бачыў манеўраў сына, знайшоўшы патрэбную бумагу, машынальна садзіцца і тут жа падае на падлогу, але трубку з рук не выпускае. Як ні ў чым не бывала, ён, імгненна падхапіўшыся, працягвае гаворку. Добра што тэлефоннага кабеля хапае — мог бы пад цяжкасцю свайго цела вырваць са сцяны ўсё селектарнае прычындалле.

Дарынка са страхам глядзіць з печы, як бацька вешае на рычаг трубку, як разварочваецца і ідзе да рэменя, што вісіць на вушаку. Яго выгляд не прадвяшчае нічога харошага. Для брата.

Але, самлеўшы спачатку ад сваёй «работы», брат муталем заскоквае да яе на печ і жаласна просіць-кажа бацьку, што ён жа «не нарочна браў табурэтку, а каб зачыніць засланку, бо грубка выстыне». Бацька зараз жа разварочваецца назад і грозіць на печ папругай: «Глядзі мне, уеднік, другім разам пахаджу рэменем па ср...цы, дык будзеш знаць, калі закрываць тую засланку. Найшоў мне — калі». Так што з рэменем абышлося.

Пра селектар прачулі суседзі, дакладней — суседкі. Першай з'явілася Змітрыха, якая жыла насупраць. З парога, нават не прывітаўшыся з маці, яна з паштоўкай у руках прыступіла да справы:

— Слухай, Таня, воцета мне патрэбна свайму Валодзю патэлефанаваць у Хабараўск, дык ты скажы свайму Васілю, кеб заказаў па гэнаму сялехтару яго на заўтра.

Не паспела маці адказаць Змітрысе, як у хату ўскочыла Моця Баранчыха і пачала:

— Вось добра, што ў нас цяпер на вуліцы свой тэлефон будзе, а то кожны раз бяжы на тыя перагаворы на пошту. Дык дай, Танька-галубка, нумар таго чорта на сцяне, ну, сілектара ці як яго завуць, а я напішу яго сваім дзецям, каб жа не на пошту мяне выклікалі, а да цябе.

— Прохаравенька, набяры мне маю Соньку ў Гомлі, вось яе нумар, няхай на етыя выхадныя не едзе сюды, бо я сама на базар паеду і падкіну ёй усё, што трэба, — пацясніўшы першых суседак, у хату ўварвалася Ніла Канцавая (бо жыла ў канцы вуліцы).

— А Крэмль вам не набраць? — пачала рагатаць маці, а гледзячы на яе і Дарынка на печы. — Дзеўкі, гэта ж селектар, а не тэлефон просты вам. Па ім можа размаўляць толькі Васіль са сваім начальствам з Гомеля. Я ж бы і сваёй дзеўцы на Данбас патэлефанавала, каб магла, — паясняла маці суседкам, што гэта такое селектар.

Дарынка толькі моўчкі слухала, што казала маці сваім суседкам-сяброўкам па вуліцы. У той дзень, калі яго ўсталявалі, а дакладней вечарам, яны першыя з Шуркам, а за імі маці, прысталі да бацькі, каб той патэлефанаваў Анюце на Данбас і каму-небудзь яшчэ з родзічаў. Бацька доўга рагатаў, а потым, зняўшы трубку з рычага, сказаў у яе кодавыя словы:

— Алё, я ПЧ-19, дайце мне ПЧ-17.

Нават малая Дарынка ведала, што гэты код азначаў: ПЧ-19 быў яе бацька, а ПЧ-17 — яго начальнік у Гомелі. Пагаварыўшы з начальнікам дыстанцыі, бацька даў ім па чарзе паслухаць трубку. Але яна маўчала.

Адкуль жа суседкі, у якіх мужы працавалі абы-дзе, а не на чыгунцы, як яе бацечка, маглі ведаць пра такія прамудрасці? У той дзень яны ўсе пайшлі з хаты расчараваныя: «Што за тэлефон такі, па якім няможна ні да кога дазваніцца? Абы-што!» — чыталася на іх тварах.

Раіса Дзейкун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».