17 Жнівень, пятніца

Вы тут

Мужчына з ВІЧ хоча ўсынавіць дзіця, але закон не на яго баку


«Летам дачка збіраецца ў Еўропу, у госці да цёткі. Учора да мяне прыбегла, абняла: «Тата, я ад цябе нікуды не хачу з'язджаць». У мяне ажно сэрца ёкнула пасля гэтых слоў», — з пяшчотай расказвае Сяргей (усе імёны ў гісторыі зменены па просьбе героя. — Аўт.) пра сямігадовую Веру. Дзяўчынка яму не родная дачка. Яе біялагічнага бацькі няма ў жывых. Але сапраўдным татам яна лічыць Сяргея — таго, які прыглядае за ёй з акна дома, пакуль тая катаецца на роліках у двары, і купляе фіялетавыя акуляры, бо ведае, што гэты колер — Верын любімы. З мамай дзяўчынкі мужчына разам пяць гадоў. Хоча з ёй ажаніцца, а малую афіцыйна ўдачарыць. Апошняе, праўда, зрабіць немагчыма: закон не дазваляе. У Сяргея ВІЧ, трэцяя стадыя, а такі дыягназ не дае права быць апекуном ці ўсынавіцелем.


«Вельмі хацелася сваіх дзяцей»

Сяргею за 30. Ён жыве ў адным з беларускіх раённых цэнтраў. Тут, як і ўсюды, на цэнтральнай плошчы стаіць помнік Леніну, а маршрутчыкі ведаюць пастаянных пасажыраў у твар.

Пры сустрэчы мужчына радасна дзеліцца побытавымі «перамогамі»: хутка скончыць рамонт у кватэры і пераедзе туды з сям'ёй.

— У дачкі пакой асобны будзе. Канапу раблю ёй на заказ. Колер сцен у пакоі серабрысты, а тахта будзе блакітная.

З Верай Сяргей пазнаёміўся, калі тая была зусім маленькая, амаль не размаўляла.

— Я прыглядаў за ёй, купаў, спаць укладваў. Я чужой яе не лічу. Вучу з Верай урокі, чытаю, гуляю, езджу на веласіпедзе. Часам бяру з сабой на работу (Сяргей займаецца аўтамабілямі. — Аўт.), — ёй цікава. Адным словам, паводжу сябе як усе звычайныя бацькі. Дачка Сяргеем мяне і не называла, адразу «татам». А свайго роднага бацьку — «тата Ігар».

Як удалося заваяваць прыхільнасць малой? Сяргей задумваецца. «Магчыма, таму, што сваіх дзяцей у мяне на той момант не было. А вельмі хацелася. Я адразу Веру палюбіў. У садку яна падарункі мне рабіла. На дзень нараджэння неяк малявала паштоўку, выразала караблікі і клеіла іх туды. Маёй маме таксама рыхтуе падарункі».

Мужчына тлумачыць: ён хоча ўдачарыць дзяўчынку, каб мець афіцыйныя падставы ўдзельнічаць у яе жыцці. «Я не магу бальнічны ўзяць, каб з дзіцем сядзець, не магу хадзіць у школу на сходы: бо хто я ёй?»

«Маме пра дыягназ сказаў не адразу»

Пра дыягназ ВІЧ Сяргей даведаўся ў 2010 годзе. Трапіў за спажыванне наркотыкаў у калонію, дзе ў яго, як таго патрабуе інструкцыя, узялі аналізы і выявілі інфекцыю. Мужчына ўспамінае, што ніякіх сімптомаў у яго не было: не худзеў моцна, не хварэў.

Калі вызваліўся, Сяргей пайшоў да свайго раённага інфекцыяніста і паўторна праверыў імунны статус. Колькасць клетак СD4 у крыві (лімфацытаў, якія першымі атакуюць інфекцыі) была зніжанай.

— Мне паставілі трэцюю стадыю. Акрамя ВІЧ, у мяне на той момант было яшчэ адно захворванне — гепатыт С. Але другі дыягназ ужо знялі: я аддаў за курс таблетак каля тысячы долараў, але вылечыў гепатыт, — кажа мужчына.

Маме пра свой дыягназ ён паведаміў не адразу: хваляваўся ў першую чаргу за яе — мамы ўсё прымаюць блізка да сэрца. Бацька пра ВІЧ не ведае дагэтуль. Сяргей тлумачыць: тата не ўмее трымаць сакрэты, можа прагаварыцца ў кампаніі.

Як падсеў на наркотыкі, мужчына ўжо не памятае.

— Гэта было вельмі даўно, у школе напэўна. Хацеў вылучацца нечым. Першыя пяць-восем гадоў усё было ў парадку. Я мог сумяшчаць наркотыкі і вучобу. Потым сталі вылазіць праблемы. Змяніў кучу работ, абарваў кантакты з блізкімі, набраў крэдытаў...

Толькі пасля зняволення Сяргей зразумеў, што нешта ў яго жыцці ідзе не так.

— Ведаеш, чаму змяніўся? У мяне была тая стадыя, калі невыносна было жыць з наркотыкамі і невыносна без іх. Нічога не атрымлівалася. Адзінота накрывала.

Спроб кінуць было шмат. Рэабілітацыйныя цэнтры, бальніцы... Нічога не дапамагала. Выздараўліваць пачаў, толькі калі трапіў у суполку ананімных наркаманаў. Там Сяргей і пазнаёміўся з цяперашняй жанчынай. Яе былы муж меў праблемы з наркотыкамі — праз іх і памёр.

У будучай жонкі Сяргея таксама ВІЧ. Але дачка Вера, на шчасце, нарадзілася здаровай.

Мужчына прызнаецца: з яго мінулым знайсці працу было няпроста. Нідзе не бралі нават грузчыкам. Чаму — адкрыта ніхто не казаў, адмаўлялі без тлумачэння прычыны. Тады Сяргей вырашыў пачаць сваю справу. Успомніў, што некалі займаўся аўтамабілямі і яму падабалася. Таму пазычыў грошы і наладзіў бізнес.

— Цяпер, дзякуй богу, усё добра. Каля пяці гадоў не ўжываю. «Служу» ў суполцы ананімных наркаманаў. Мы ездзім у бальніцы і турмы да залежных, расказваем, што выйсце ёсць, людзі заўсёды могуць звярнуцца да нас у групу па дапамогу.

«Рэгулярна прымаю тэрапію»

Задаю пытанне, якое немагчыма абысці: наколькі Сяргей з яго захворваннем можа выхоўваць дзіця? Мужчына запэўнівае: ён і будучая жонка выконваюць усе меры засцярогі, каб не заразіць дзяўчынку. Да таго ж ВІЧ не прастуда — па паветры не перадаецца.

За сваё здароўе Сяргей спакойны. Ён рэгулярна прымае антырэтравірусную тэрапію: па дзве таблеткі кожнай раніцай. Гэтыя лекі ён атрымлівае бясплатна. Раз на паўгода мужчына здае аналізы на імунны статус і вірусную нагрузку. Каб ацаніць апошні паказчык, лічаць, колькі ў пробе крыві клетак ВІЧ. Добры варыянт — гэта калі іх не могуць знайсці. На дадзены момант у Сяргея вірусная нагрузка «нуль» (гэта не значыць, што інфекцыя знікла, — проста «хворых» клетак настолькі мала, што сучасныя лабараторныя метады не могуць іх выявіць).

— Раней зімой хварэў, як і ўсе. А цяпер увогуле перастаў. Магу на скразняку пабыць — і нічога, максімум насмарк. Урачы кажуць, калі тэрапія падабрана правільна і ты не прапускаеш прыём таблетак, адказна ставішся да лячэння, то на працягласці і якасці жыцця інфекцыя не адаб'ецца.

Мужчына прытрымліваецца правільнага ладу жыцця. Сочыць за харчаваннем, займаецца фізічнай актыўнасцю. Некалі гэта была цяжкая атлетыка — з тых часоў у Сяргея засталася куча грамат і медалёў. Цяпер жа летам гуляе ў валейбол, зімой ганяе ў зале ў футбол. Любіць настольны тэніс.

Мужчына прызнаецца, што, калі даведаўся пра свой статус, доўга перажываў, што ніколі не стане татам. «Я вельмі баяўся, што маё дзіця народзіцца хворым. Але ўрачы кажуць, што калі прымаеш тэрапію, то шанцы мець здаровага малога большыя за 90 працэнтаў. Таму мы з маёй дзяўчынай плануем дзіця. Калі інфекцыяніст дасць дазвол, будзем нараджаць».

Наконт фінансавай забяспечанасці сям'і Сяргей не хвалюецца. Кажа, даходу ад бізнесу хапае. Прапаноўваў нават сваёй каханай сядзець дома і займацца хатнімі справамі, але той сумна без работы. Мужчына дапамагае грашыма таксама маме, якая ўжо на пенсіі.

Планаў на жыццё ў Сяргея наогул шмат. Ужо прадумаў вяселле: на ім не будзе алкаголю, бо мужчына не п'е (нават лекі не ўжывае, якія змяшчаюць спірт). А на 10-годдзе Веры купіць ёй жывёлу — дзяўчынка не раз прасіла, але тата лічыць, што пакуль рана. У тым, што ён убачыць, як дачка расце, мужчына не сумняваецца.


Кампетэнтна

«Зыходзім з інтарэсаў дзіцяці»

У снежні мінулага года Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла абноўлены пералік захворванняў, пры якіх нельга быць усынавіцелямі, прыёмнымі бацькамі, бацькамі-выхавальнікамі і апекунамі. У спіс не ўваходзіць ВІЧ на пачатковых стадыях.

— У нас цяпер выяўляльнасць дастаткова добрая. Вірус знаходзяць на ранніх стадыях, калі арганізм яшчэ не паспеў пацярпець ад яго. У чалавека, у якога своечасова злавілі ВІЧ, больш шанцаў пражыць да ўмоўных 80 гадоў, — кажа намеснік галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічным раздзеле работы Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Мінска Алег СКРЫПКО.

Урач заўважае: выпадкаў бытавой перадачы гэтага віруса не ўстаноўлена. А значыць, дарослы не заразіць дзіця праз агульны посуд, расчоску ці ручнік. Але элементарныя меры засцярогі павінны быць. Усынавіцель таксама мусіць прымаць тэрапію. Заразнасць пацыентаў, у якіх не выяўляецца вірусная нагрузка, імкнецца да нуля.

Тыя, у каго трэцяя і чацвёртая стадыі ВІЧ, па-ранейшаму не могуць усынаўляць дзяцей.

— Гэта норма — не дыскрымінацыя. Мы зыходзім з інтарэсаў дзіцяці. Ёсць сумненні, ці не будзе дарослы хварэць, ці зможа паўнацэнна карміць і выхоўваць дзіця доўгі тэрмін. Мы не хочам, каб малы атрымаў другасную траўматызацыю: калі ён зноў застанецца без бацькоў, гэта дрэнна адаб'ецца на яго псіхіцы.

Чаму інфекцыяністы апасаюцца? У чалавека, які быў у глыбокай стадыі ВІЧ, адбываюцца змены ва ўнутраных органах — сэрцы, сасудах, нырках, магчыма, галаўным мозгу. Так, яму далі лячэнне, падавілі вірус. Але пацыент цалкам не аднавіўся. Няхай цяпер ён ружовашчокі прыгажун, паражэнні застаюцца. Звычайныя хваробы могуць развіцца значна хутчэй, чым у чалавека без ВІЧ. Напрыклад, атэрасклероз, гіпертэнзія. І інфаркты, і інсульты ў такіх пацыентаў адбываюцца на 10—15 гадоў раней, чым у агульнай папуляцыі. Таму стадыя не змяняецца на меншую.

Але Алег Скрыпко не выключае, што праз час спіс могуць зноў скарэктаваць і прыбраць цяперашняе абмежаванне.

— Разумееце, калі змены ўносіліся, яны шырока абмяркоўваліся сярод урачоў. І склалася агульнае меркаванне: давайце пойдзем пакрокава. Мы не можам адразу даць «зялёнае святло», не паглядзеўшы, што з гэтага атрымаецца. Трэба паназіраць, які будзе эфект. Колькі людзей з пачатковымі стадыямі ВІЧ захоча стаць усынавіцелямі, наколькі яны будуць гатовы ўтрымліваць дзяцей. Да таго ж распрацоўка лекаў хутка рухаецца наперад. Можа, праз пару гадоў прыйдзем да індывідуальнага падыходу ў пытаннях апекі. Тады ініцыіруем яшчэ раз унясенне змен.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Нявызначаны статус

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.

Эканоміка

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Карэспандэнт «МС» паспрабавала разабрацца.

Грамадства

Які патэнцыял маюць беларускія балоты?

Які патэнцыял маюць беларускія балоты?

У балота альбо адразу ўлюбляешся, альбо не прымаеш яго.

Грамадства

Вынікі на ЦТ ацэньваліся па дзвюх методыках

Вынікі на ЦТ ацэньваліся па дзвюх методыках

Але сертыфікаты абітурыенты атрымалі з баламі па ранейшай сістэме падлікаў.