Вы тут

Якіх бед часцей за ўсё асцерагаюцца беларусы, набываючы страхавы поліс?


Ненавязлівы заморскі сэрвіс.

Мінчанін Віктар з горкай самаіроніяй успамінае сваё леташняе падарожжа ў Новую Зеландыю. «І варта было ляцець на другі канец свету, — кажа ён, — каб палюбавацца столлю бальнічнай палаты!» Амаль адразу пасля прызямлення на далёкіх астравах у вандроўніка здарыўся прыступ апендыцыту. Як тут было не пашкадаваць аб звычцы спадзявацца на «а раптам пранясе?». Збіраючыся ў другое паўшар'е на некалькі дзён у госці да прыяцеля, Віктар не палічыў за неабходнае набыць медыцынскую страхоўку. Аперацыя разам з тэрапеўтычнымі працэдурамі пацягнула на некалькі тысяч новазеландскіх долараў. Прыйшлося раскашэльвацца.


Падобных выпадкаў, калі беларусы едуць за межы сваёй краіны без аніякай страхоўкі, апошнім часам становіцца ўсё менш. Перспектыва за свой кошт апынуцца ў руках заморскіх эскулапаў нікога не прываблівае. Бо адбыцца можа і што-небудзь больш сур'ёзнае за апендыцыт. Плаці тады са сваім скупым заробкам увесь астатак жыцця за іншаземны «ненадакучлівы сэрвіс».

Палачка-выручалачка ў дзеянні

Але не будзем пра сумнае. Дзякуючы развітой сістэме страхавання кожны ў стане мінімізаваць наступствы няштатных сітуацый у дачыненні да самога сябе, сваіх родных і блізкіх. Летась было аформлена больш чым паўтара мільёна полісаў добраахвотнага страхавання ад няшчасных выпадкаў і захворванняў на час знаходжання за межамі Беларусі. На які ж памер кампенсацыі сваіх выдаткаў можа спадзявацца чалавек, трапіўшы дзе-небудзь у Парыжы на бальнічны ложак?

— Усё залежыць ад сітуацыі, — расказвае начальнік упраўлення медыцынскага страхавання кампаніі «Белдзяржстрах» Людміла Кулак. — У нашай кампаніі стандартная страхоўка для турыста, які накіроўваецца, напрыклад, на два тыдні ў краіну Шэнгенскай зоны, разлічана на аказанне яму медыцынскай дапамогі ў памеры не больш за 30 тысяч еўра. Каб набыць у нас такі поліс, кліенту трэба заплаціць 4—7 еўра. Але ён павінен ведаць, што страхоўка дзейнічае толькі тады, калі ёсць рэальная пагроза яго здароўю або жыццю. Дарэчы, пры набыцці поліса трэба ўважліва чытаць, у якіх канкрэтна выпадках ён з'явіцца палачкай-выручалачкай. У кожнай страхавой арганізацыі, а іх у Беларусі 17, свае ўмовы і прынцыпы.

— Якія страхавыя выпадкі за мяжой здараюцца часцей за ўсё?

— У асноўным гэта беды курортнікаў, асабліва дзяцей. Тут і ўсялякія ротавірусныя інфекцыі, і запаленне кішэчніка, і іншыя захворванні, звязаныя з харчаваннем. Плюс прастуда, ангіна, моцныя ўдары, парэзы, што патрабуюць неадкладнага ўмяшальніцтва медыкаў. Зразумела, трэба быць гатовым да ўсяго. Вось нядаўна ў Аўстрыі ў нашага суайчынніка здарыўся інфаркт міякарда. Спатрэбілася транспартаванне хворага ў спецыялізаваную клініку, дзе ён знаходзіўся шэсць сутак. Расходы склалі 14 тысяч еўра. Добра, што чалавек быў застрахаваны.

А што рабіць таму гаротніку, які рызыкнуў накіравацца ў далёкае замежжа без страхоўкі? Ды яшчэ не маючы ў кішэнях дастатковай колькасці валюты. Вядома, калі што, замежныя ўрачы не пакінуць небараку паміраць, выратуюць. Але потым дашлюць рахунак на хатні адрас. Не заплаціш — унясуць у чорны спіс людзей, якім уезд у пэўную дзяржаву (або шэраг дзяржаў, калі яны ўваходзяць у Шэнген), будзе забаронены. І тут яшчэ наш няўдачлівы зямляк хай скажа дзякуй. Улады некаторых краін наогул не выпускаюць неплацельшчыкаў, пакуль тыя не дастануць грошы.

Перш за ўсё — здароўе

Наслухаўшыся пра такія прыгоды, некаторыя беларусы ні за якія пернікі не хочуць пакідаць межы роднай краіны. Аднак і седзячы ў хаце немагчыма заставацца ў поўнай бяспецы. Таму асабістае страхаванне, нават калі яно і не звязанае з выездам за кардон, усё роўна набірае абароты.

— Гэта тэндэнцыя сведчыць аб тым, што псіхалогія людзей прыкметна змянілася, — гаворыць Людміла Кулак. — Калі раней яны пераважна турбаваліся аб тым, як засцерагчы маёмасць, то цяпер на першы план выходзіць здароўе.

Апошнім часам у Беларусі амаль утрая павялічыліся ўзносы па страхаванні жыцця, яшчэ больш — па страхаванні медыцынскіх расходаў. Летась адзін толькі «Белдзяржстрах» зрабіў каля 40 тысяч выплат у кошт кампенсацыі затрат грамадзян на лячэнне.

— Страхаванне чалавека, звязанае з рызыкай для яго жыцця, — працягвае Людміла Аркадзеўна, — адзін з самых складаных кірункаў у нашай рабоце. Некаторыя патрабуюць застрахаваць сябе на мільёны. Тады мы тлумачым, што не можам даць згоду на прапануемую здзелку. Бо па ўмовах кампаніі тарыф пры такіх аперацыях не больш за 1,5 працэнта ад страхавой сумы ў год. Хоць былі выпадкі, калі страхавалі чалавека на 100 тысяч долараў. Аднак у такіх сітуацыях патрабавалі ад кліента дадатковыя пакеты дакументаў, у тым ліку гісторыю яго захворванняў. Словам, падобныя пагадненні — рэч надзвычай складаная і таму рэдкая.

Звычайна жыццё страхуецца на куды больш сціплую суму. Часта яна не перавышае дзвюх тысяч рублёў. У выпадку траўмы, захворвання або іншага няшчаснага выпадку спецыялісты арганізацыі высвятляюць усе яго дэталі і назначаюць памер кампенсацыі для свайго падшэфнага. Калі вы зламалі нагу, то гэта сума можа даходзіць працэнтаў да 30 ад страхавой. Зламаны палец пацягне працэнтаў на пяць, а то і менш. На поўную страхоўку можна разлічваць толькі пры крайніх абставінах — інваліднасць першай групы або лятальны фінал.

Мой дом — мая крэпасць

Калі ацаніць жыццё чалавека даволі складана, бо яно з'яўляецца катэгорыяй нематэрыяльнай, то вызначыць кошт той ці іншай рэчы заўсёды можна без асаблівага напружання.

Вядома, больш за ўсё кожны перажывае за жыллё. Калі вы валодаеце асобным домам, то па беларускім заканадаўстве павінны яго застрахаваць. Але абавязковая страхоўка забяспечвае абарону толькі 50 працэнтаў кошту будынка. І ў выпадку яго разбурэння, напрыклад, ураганам або знішчэння пры пажары вы зможаце дабіцца толькі палавіннага пакрыцця ўрону. Каб ён быў кампенсаваны цалкам, неабходна ў добраахвотным парадку аформіць страхаванне астатняй паловы жытла. Важна адзначыць, што пры абавязковым страхаванні яго дзеянне распаўсюджваецца толькі на жылы будынак. Пуні, лазні, гаражы, летнія кухні, платы не трапляюць пад «парасон бяспекі». Каб не згубіць у выпадку стыхійнага бедства ўсё гэта багацце незваротна, трэба аформіць на яго добраахвотны поліс. Пры гэтым уладальнік застрахуе свае будынкі не толькі ад стыхіі, але і ад такіх нечаканасцяў, як наезд аўтамабіля, падзенне дрэва ці самалёта, набег дзікага звера і нават буянства якога-небудзь дэбашыра.

— За апошнія некалькі гадоў аб'ёмы грашовых узносаў па гэтым відзе страхавання павялічыліся ў пяць разоў, — дзеліцца інфармацыяй намеснік начальніка ўпраўлення маёмасных інтарэсаў грамадзян «Белдзяржстраха» Алена Куцэвіч. — На цяперашні момант толькі адна наша кампанія мае 700 тысяч такіх пагадненняў з кліентамі. Згодна са статыстыкай, 80 працэнтаў выплат выпадае на стыхійныя бедствы, 10 — на пажары, 7 — на неправамерныя дзеянні трэціх асоб.

З жыхарамі шматкватэрных дамоў работа пастаўлена крыху інакш. Ім прапануецца добраахвотнае комплекснае страхаванне жылля. Гэта значыць разам з кватэрай ад розных аварый страхуецца ўсё, што ў ёй знаходзіцца. А таксама адказнасць гаспадароў у выпадку нанясення якога-небудзь ненаўмыснага ўрону суседзям. Сярод гараджан такая форма абароны сваёй маёмасці найбольш папулярная. Аб гэтым сведчыць той факт, што такім спосабам у краіне застрахаваная ўжо кожная пятая кватэра.

Самая экзатычная кліентура

У апошнія гады аматары дамашніх чатырохногіх усё больш актыўна страхуюць сваіх гадаванцаў. Прычым гэта характэрна як для горада, так і для вёскі. Але на сяле асобай павагай з боку клапатлівых гаспадароў карыстаецца некалькі іншы кантынгент жывёльнага свету. Тут ў фаворы коні, каровы, свінні, козы, авечкі — словам тыя, хто прымае самы актыўны ўдзел у вядзенні хатняй гаспадаркі. Ім і дастаюцца страхавыя полісы. А як інакш? Згубіць, напрыклад, каня, ды яшчэ ў сезон аўральнай работы, для іншага селяніна — бяда. А застрахаваўшы жывёліну, ён у выпадку яе гібелі не застанецца без падтрымкі.

— Вось нядаўна, — успамінае Алена Куцэвіч, — у Лідскім раёне ў выніку траўмы загінула карова. Яна была застрахаваная на1600 рублёў. Роўна столькі і атрымаў гаспадар у якасці кампенсацыі.

Ці тое яшчэ будзе

Летась аб'ём страхавых узносаў у Беларусі істотна перавысіў мільярд рублёў. Гэтаму паспрыяў цэлы шэраг фактараў, адзін з якіх — пашырэнне відаў паслуг. Напрыклад, з нядаўняга часу з'явілася магчымасць страхаваць мабільныя тэлефоны. Як ад крадзяжу, так і ад пашкоджання.

Набірае папулярнасць таксама добраахвотнае страхаванне бяспекі веласіпедыстаў. Набыты поліс з'яўляецца падстрахоўкай і для ездака, і для яго транспартнага сродку. Адначасова страхуецца яшчэ і магчымая адказнасць велаўладальніка ў выпадку нанясення ўрону здароўю іншых людзей або іх маёмасці.

Хутчэй за ўсё ўжо сёлета адбудуцца новаўвядзенні ў сектары страхавання жыцця і дадатковых пенсій. Чакаем і іншых прапаноў.

Міхаіл КАВАЛЁЎ

Загаловак у газеце: На ўсякі выпадак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?