Вы тут

Бар'ер у 20% рознічнага тавараабароту для гандлёвых сетак застанецца


МАРГ канстатуе пагаршэнне канкурэнтнага асяроддзя ў гандлі з-за імклівага развіцця гандлёвых сетак.

Прадстаўнікі дзяржорганаў і малога бізнесу выступілі супраць пашырэння манаполіі буйных гандлёвых сетак у краіне падчас пасяджэння грамадска-кансультатыўнага савета пры Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю.


Фота: gid43.ru

У рамках адкрытага абмеркавання з удзелам міністэрстваў і бізнес-асацыяцый разглядалася прапанова кампаніі «Еўрагандаль» аб зняцці інфраструктурнага абмежавання развіцця гандлёвых сетак пры дасягненні долі 20 % у аб'ёме рознічнага тавараабароту харчовых тавараў. Кампанія, якая валодае сеткай крамаў «Еўраопт» і «Бруснічка», прапаноўвала павялічыць гэтую долю да 35 % або цалкам зняць абмежаванні.

Не жадаюць працаваць на вёсцы

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч адзначыў, што міністэрства падтрымлівае развіццё гандлёвых сетак і інфраструктуры, але з'яўляецца праціўнікам манапалізацыі.

«Лічбы па долях гандлёвых сетак з'яўляюцца закрытымі, але магу сказаць, што адзіная сетка, якая наблізілася да парога ў 20 % — гэта «Еўрагандаль». Далей ідзе сетка «Карона», якая мае ў восем разоў меншую долю. З гэтага можна зрабіць выснову, што сёння змяненне нормы наўрад ці будзе садзейнічаць павелічэнню доляў іншых сетак і павелічэнню канкурэнцыі на рынку», — паведаміў Уладзімір Калтовіч.

Таксама, па яго словах, беларускія вытворцы заяўляюць аб праблемах з трапляннем на паліцы сеткавых крамаў. Ад іх патрабуюць вялікіх зніжак, якія не адчувае пакупнік. Акрамя таго, гучаць скаргі на высокія гандлёвыя надбаўкі. Назіраецца і ўзмацненне дыскрымінацыі пастаўшчыкоў, што пацвердзілі прадстаўнікі канцэрна «Белдзяржхарчпрам».

Як адзначыла ў сваім дакладзе начальнік упраўлення гандлю, прамысловасці і аграпрамысловага комплексу МАРГ Віялета Бразоўская, паводле звестак гандлёвага рэестра за апошнія чатыры гады колькасць харчовых крамаў сеткі «Еўраопт» павялічылася больш чым у пяць разоў і на 30 мая 2018 года склала 626 адзінак (3,54 % ад агульнай колькасці крамаў краіны). Толькі 96 з іх (15,4 %) размешчаны ў сельскіх раёнах. Пры гэтым сеткай перавышана значэнне долі 20 % у аб'ёме рознічнага тавараабароту харчовых тавараў на тэрыторыі 56 раёнаў і гарадоў.

На думку МАРГ, у выпадку, калі суб'ект займае долю звыш 20 %, прысутнічаюць рызыкі павелічэння цэн. «Акрамя таго, існуюць рызыкі па парушэнні правоў спажыўцоў, калі гандлёвая сетка спыніць сваю дзейнасць. Міністэрства выступае за баланс інтарэсаў: з аднаго боку — гэта развіццё рознічнага гандлю, з другога — мы стаім на абароне правоў спажыўцоў», — падкрэсліў першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч.

Ён звярнуў увагу, што, згодна з Указам № 345, на 37 % тэрыторыі Беларусі не ўжываецца згаданае абмежаванне ў 20 %. «У адпаведнасці з рашэннем аблвыканкамаў пад гэты ўказ патрапіла больш за 15 тысяч сельскіх населеных пунктаў. Калі паглядзець, у якія сельскія населеныя пункты зайшла названая гандлёвая сетка — гэта ўсяго 34 пункты. Гэтай сетцы ёсць дзе развівацца ў сельскай мясцовасці», — дадаў ён.

У сваю чаргу гендырэктар «Еўрагандлю» Андрэй Зубкоў адзначыў, што ў кампаніі ёсць складанасці ў кантакце з абласнымі Саветамі дэпутатаў, якія не спяшаюцца ўзгадняць адкрыццё іх гандлёвых аб'ектаў у вёсках з насельніцтвам да дзвюх тысяч чалавек.

Не пагадзіліся

Упершыню 20-працэнтны парог аб'ёму рознічнага тавараабароту харчовых тавараў быў уведзены ў 2014 годзе. Тады лічба нікога не турбавала, бо да гэтага парога неабходна было яшчэ дарасці. Сёння, па словах дырэктара некамерцыйнага аб'яднання «Асацыяцыя рознічных сетак» Наталлі Шаблінскай, члены асацыяцыі пасля доўгіх дэбатаў прыйшлі да адзінага меркавання, што павялічваць долю інфраструктурнага абмежавання ўсё ж яшчэ зарана. Зараз у асацыяцыю ўваходзяць 15 буйных гандлёвых сетак, з іх 12 — харчовыя. За павелічэнне парога ў 20 % прагаласавалі дзве гандлёвыя сеткі — «Еўрагандаль» і «Дабраном», адна гандлёвая сетка прапанавала перакласці прыняцце гэтага рашэння на МАРГ, яшчэ 9 — выказаліся супраць.

«Гэта прынцыповае пытанне, але мы катэгарычныя праціўнікі развіцця адных суб'ектаў за кошт іншых. Мы паважаем буйныя сеткі і лічым, што такія прадпрыемствы павінны быць у гэтай краіне, пытанне толькі ў меры і адказнасці. Але неабходна такія рашэнні прымаць з улікам суцэльнай стратэгіі развіцця гандлю, дзе знойдзецца месца кожнаму», — пракаментаваў сітуацыю сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў.

Па яго словах, цяпер у Мінэканомікі распрацоўваюцца прапановы па фарміраванні праграмы развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў сферы гандлю. Большасцю галасоў на пасяджэнні грамадска-кансультатыўнага савета было прынята рашэнне пакінуць у законе аб гандлі існуючае інфраструктурнае абмежаванне ў 20 %. Бізнес-саюзы, рытэйлеры, асацыяцыя рознічных сетак не падтрымалі прапанову «Еўрагандлю». У Нацыянальным банку таксама не падтрымалі павелічэнне «манапольнага парога». Там лічаць, што далейшае пашырэнне сеткі прывядзе не толькі да ўзмацнення рызык у забеспячэнні цэнавай стабільнасці, але і да рызыкі ўстойлівага функцыянавання банкаўскага сектара.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Дзеля балансу інтарэсаў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. 

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.