Вы тут

Дайджэст навін з рэгіёнаў Беларусі


Ад сэр­ца

Валанцёрскаму руху «Тэрыторыя дабра» ў Ваўкавыскім раёне ўжо шэсць гадоў. У ім удзельнічае больш за 250 старшакласнікаў. Не так даўно прайшоў сёмы раённы злёт валанцёрскіх атрадаў «Наша будучыня пачынаецца сёння...», пра які расказвае газета «Наш час».

Вучні бяруць пад апеку дзяцей і пажылых людзей, займаюцца прыродаахоўнай і краязнаўчая работай, даглядаюць пахаванні воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Валанцёры з 19 школ раёна падзяліліся на злёце сваім досведам у рэалізацыі сацыяльна значных ініцыятыў і новымі ідэямі. Журы адзначала наватарства і практычныя вынікі праектаў. Падчас злёту прайшла дабрачынная акцыя «Дзеці — дзецям»: валанцёры школ і гімназій горада з падарункамі наведалі выхаванцаў дзіцячага дома.


На ўласным прыкладзе

Выязны раённы семінар-нарада прайшоў у Ваўкавіцкім сельсавеце Чавускага раёна. Якія пытанні разгледзела мясцовая ўлада, расказвае карэспандэнт раённай газеты «Іскра».

Старшыня Ваўкавіцкага сельвыканкама Ларыса Пунінская расказала, што ў жыхароў скарачаецца колькасць буйной рагатай жывёлы. Прычына — насельніцтва старэе і трымаць тую ж карову становіцца цяжка. А маладыя не імкнуцца развіваць сваю гаспадарку. Аднак тым часам працягваецца закупка малака ў насельніцтва. Найбольш актыўныя ў гэтым пытанні жыхары вёсак Бахацец і Хацкавічы. У вёсцы Бахацец, дарэчы, падчас семінара ўзнагародзілі мясцовага актывіста Валерыя Сулімава. Ён на сваім падворку трымае кароў, свіней, коз, курэй і гусей. Падчас сустрэчы ў Хацкавічах жыхары паднялі праблему рамонту дарог населенага пункта. Ім адказалі, што ўчастак дарогі будзе прыведзены ў нармальны стан. Людзі таксама агучылі праблемы медыцынскага абслугоўвання і занятасці дзяцей.


Непрыкметныя службы

Хто працуе ў бальніцы? Першы адказ вядомы — урачы. Але ёсць і іншыя супрацоўнікі, якія штодзень забяспечваюць жыццё пацыентаў. Карэспандэнт газеты «Прамень» Стаўбцоўскага раёна завітала на бальнічную кухню.

Штодзень тут гатуецца больш за 200 абедаў для пацыентаў 11 стацыянарных аддзяленняў. Існуе дарослае і дзіцячае меню, асобна гатуюцца абеды для тых, каму прапісана дыета. Для радзільнага, акушэрскага, дзіцячага аддзяленняў, а таксама для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны — таксама асобнае меню, якое ўключае дадатковыя сняданак і падвячорак. У мінулым годзе быў праведзены капітальны рамонт харчблока: не толькі адрамантаваны сцены, падлога, столь, але і заменена абсталяванне, устаноўлены новыя харчаварачны кацёл, шафа для смажання, з'явіліся агароднінарэзка, бульбачыстка і іншыя сучасныя прылады для аблягчэння працы работнікаў сталовай. На кухні стала больш прасторна. Спаўна ўсё гэта можа ацаніць кухонная работніца Галіна Язвінская, якая 30 гадоў працуе на адным месцы. На яе думку, такі рамонт стварае добры настрой, стымулюе падтрымліваць інвентар і памяшканне ў бездакорным санітарным парадку.


Упрыгожваем гарады

Новы арт-аб'ект з'явіўся ў Навагрудку. Графіці з выявай палаца ў Шчорсах упрыгожыла фасад будынка на вуліцы Савецкай. Яго з'яўленне прымеркавана да святкавання 220-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча, піша газета «Новае жыццё».

Убачыць, як выглядаў палац у Шчорсах у ХІХ стагоддзі, жыхары змогуць дзякуючы гравюры Напалеона Орды. Менавіта яна легла ў аснову сюжэта графіці, створанага мастакамі з Мінска Яўгенам Салановічам і Яўгенам Драгіным. «Калі мы ўбачылі эскіз, адразу ўзнікла ідэя паўтарыць тэхніку гравюры, — тлумачаць мастакі. — Фактура сцяны сапраўды падобная на гравюру, што робіць малюнак падобным на арыгінал. Да таго ж карычневы колер найлепшым чынам перадае старажытнасць палаца і дапаўняе графіці гістарычнай тэматыкі, якія ўжо ёсць у горадзе. Нягледзячы на тое, што на стварэнне карціны спатрэбілася каля сямнаццаці гадзін, праца была цікавай. Спадзяёмся, што яна будзе доўга радаваць навагрудчан і стане яшчэ адным упрыгажэннем горада».

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: Ад сэрца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?