Вы тут

Мар'яна Шчоткіна сустрэлася з будучымі педагогамі


У сераду, 13 чэрвеня, па запрашэнні студэнтаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Мар'яна Шчоткіна сустрэлася з будучымі педагогамі.


— Ніводная добрая справа без моладзі ніколі не будзе зроблена, — растлумачыла віцэ-спікер верхняй палаты беларускага парламента журналістам мэту сустрэчы. — Крэатыўнасць, творчы патэнцыял, актыўнасць моладзі павінны быць уцягнутыя ў рэчышча жыцця. Зараз распрацоўваецца праект Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2035 года, і, канешне, тыя думкі, тыя ідэі, тыя асноўныя стратэгічныя палажэнні, якія павінны быць закладзеныя ў гэтую праграму, павінны ісці ад моладзі, ад людзей і мець на ўвазе павышэнне ўзроўню і якасці жыцця людзей. Пры распрацоўцы любой праграмы, стратэгіі, пры прыняцці любога рашэння галоўнае — чуць меркаванні, розныя, часам альтэрнатыўныя, бо ісціна заўсёды пасярэдзіне і будзе знойдзена кампрамісна, але абавязкова з удзелам не толькі выканаўчай і заканадаўчай улады, але і грамадскай супольнасці. Моладзь кажа адкрыта і смела тое, што думае. Таму гэты дыялог вельмі карысны, перш за ўсё для мяне і для ўсіх нас.

Нацыянальны каардынатар падкрэсліла, што роля будучых педагогаў вельмі важная для дасягнення ўсіх 17 Мэт устойлівага развіцця, бо ў кожнай з іх мае значэнне адпаведны ўзровень адукацыі як грамадства ў цэлым, так і тых, хто прымае рашэнні. Мар'яна Шчоткіна нагадала лозунг амерыканскага эколага Дэвіда Браўэра «Думаць глабальна, дзейнічаць лакальна». «Трэба перш за ўсё перабудоўваць сваю свядомасць на дасягненне ўстойлівасці: як спажываць рэсурсы, як ставіцца да прыроды, якім чынам кожны з нас асабіста можа ўздзейнічаць на тое, над чым працуе ўсё грамадства, — лічыць Мар'яна Шчоткіна. — На гэтай сустрэчы не проста студэнты, але — будучыя настаўнікі. Ад настаўніка залежыць вельмі шмат. Гэта аўтарытэт для дзіцяці. Вельмі важна, якія думкі ён будзе несці, якія каштоўнасці, традыцыі закладзе ў адукацыйны працэс. У час інтэрнэту масіў інфармацыі цалкам даступны, але трэба ўмець ім распараджацца і фарміраваць у сябе і ў навакольных духоўнасць і ашчадныя адносіны адзін да аднаго. А гэта закладаецца ў дзяцінстве».

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт шмат робіць для таго, каб падрыхтаваць сваіх выпускнікоў для рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця, паведаміў рэктар БДПУ Аляксандр Жук: «У нас створаны Каардынацыйны цэнтр «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця», функцыянуюць дзве студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі. Мы правялі дэкаду «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» і рыхтуем яшчэ шэраг форумаў».

У гутарцы са студэнтамі нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця падкрэслівала, што кожны чалавек індывідуальны, кожны мае ў сябе закладзеную геніяльнасць і можа ўплываць як на ўласнае будучае, так і на будучае ўсёй краіны і нават цывілізацыі. «Устойлівасць мае на ўвазе развіццё без шкоды для наступных пакаленняў. Мы павінны перадаць нашчадкам сваю краіну і планету ў стане не горшым, чым пры нашым спажыванні яе рэсурсаў», — тлумачыла яна важнасць разумення людзьмі іх укладу ў аблічча заўтрашняга дня.

Мар'яна Шчоткіна звярнула ўвагу на тое, што сёння самая галоўная пагроза — страта даверу паміж дзяржавамі, страта шчырасці. «Таму толькі салідарнасць, толькі партнёрства можа выратаваць свет у цэлым, бо гэта забяспечыць умовы для даверу», — казала яна маладым людзям.

Нацыянальны каардынатар расказала пра механізм кіравання працэсам па дасягненні Мэт устойлівага развіцця і заклікала моладзь удзельнічаць у партнёрскай групе, якая носіць адкрыты характар.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Глабальны трэнд, у якім трэба ўдзельнічаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?