Вы тут

Як наш 70-гадовы герой скінуў 20 кг і прывёў сябе ў форму


Людзі не пачынаюць менш рухацца, калі старэюць, яны старэюць, калі пачынаюць менш рухацца, — жыццёвы дэвіз 70-гадовага Міхаіла Заржыцкага. Хоць сухія лічбы ўзросту даволі складана суаднесці з бадзёрым, энергічным, падцягнутым Міхаілам Рыгоравічам. Гэты дзіўны мужчына разбівае многія стэрэатыпы. Ён не толькі трэніруецца чатыры разы на тыдзень і праязджае на веласіпедзе па 60 кіламетраў у дзень. У яго, былога марака, падводніка і будаўніка, раз за разам з'яўляюцца новыя захапленні. Напрыклад, пару гадоў таму ён заняўся выпечкай тартоў. Пагадзіцеся, нячаста сустрэнеш такое хобі сярод 70-гадовых беларускіх мужчын...


Мі­ха­іл За­ржыц­кі — удзель­нік кро­су ў рам­ках даб­ра­чын­най кам­па­ніі #vеlсоmbеgоm

Лішняя вага, канькі ў 59 гадоў, настольны тэніс

Вы, напэўна, адразу выкажаце здагадку, што нашаму герою пашанцавала мець жалезнае здароўе. А вось і не, над сваім здароўем ён сам працуе, прычым штодня. У Міхаіла Заржыцкага, між іншым, ужо гадоў дзесяць як другая група інваліднасці. Але ён і не думае здавацца хваробам. Чатыры разы на тыдзень наш герой займаецца ў Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры Беларускага таварыства інвалідаў. Ехаць туды далёка, праз паўгорада. «Затое без перасадкі, — усміхаецца Міхаіл Рыгоравіч. — У мяне праблемы з каардынацыяй, дактары мне парэкамендавалі настольны тэніс. І я ў яго там гуляю. У нас галоўны трэнер — чэмпіён Еўропы па настольным тэнісе сярод калясачнікаў».

— Рух — гэта жыццё, — перакананы ён. — Я так не магу, як большасць пажылых людзей у нашым двары: яны выходзяць і сядзяць цэлы дзень на лавачках. Або пад краму ідуць па бутэльку. Ці на канапе ляжаць... Мне з такімі і гаварыць няма пра што.

Міхаіл Рыгоравіч катаецца на ровары, зімой — на каньках і лыжах, амаль круглы год ходзіць з унукам у басейн, прычым бясплатна. Тлумачыць, што выканкам дае на рэабілітацыйны цэнтр Беларускага таварыства інвалідаў некалькі бясплатных абанементаў. «Як сядзеш на канапу — так ужо і не ўстанеш, гэта я дакладна ведаю», — кажа ён, і я разумею, што наш герой ніякі не звышчалавек. Ён такі ж, як усе, а розніца з тымі, хто ляжыць на канапе перад тэлевізарам, толькі ў тым, што ён проста прымушае сябе ўстаць.

— Мне было 59 гадоў, і раптам я адчуў, што рэзка пачаў драхлець, — успамінае мужчына. — Неяк раніцай устаў з ложка, выглянуў у акно... а ў мяне пад ім школьны стадыён, дзе ўзімку заліваюць каток. І гляджу, людзі катаюцца... А я ў свае 59 гадоў растаўсцеў, важыў 107 кг, дайшоў да 62 памеру... Я што зрабіў: паехаў у Ждановічы на «поле цудаў» (знакаміты сталічны блышыны рынак) і набыў там за 20 тысяч рублёў «бэушныя» канькі. І на наступны дзень пайшоў на гэты каток. Да гэтага апошні раз стаяў на каньках у школе, у 11 класе — гэта было ў 1966 годзе!.. Вельмі хутка сышлі лішнія 20 кг, нават без усялякай дыеты. А ўсяго толькі трэба было раззлавацца на сябе!

«А калі хоць крыху расслабішся, ляжаш на канапу і ўключыш тэлевізар, то вось што адбываецца — пачынаеш глядзець серыялы і пляскаць дзверцамі халадзільніка», — кажа наш герой, які на сённяшні дзень пры росте 1,85 м важыць 84 кг. І дадае, смеючыся: «Жонку вось толькі сваю не магу нікуды выцягнуць, яна ў мяне дамаседка!».

Шампанскае пад вадой, сустрэча з Гагарыным, порты Паўднёвага Сахаліна

Зрэшты, Міхаіл Заржыцкі заўсёды быў актыўны. У школе марыў стаць мараком, запісаўся на курсы падводнага плавання. А потым паехаў паступаць у Адэсу ў Вышэйшае мараходное вучылішча, але з-за зроку не прайшоў медкамісію.

«Мне аддалі на рукі дакументы, а праз дарогу быў Адэскі інстытут інжынераў марскога флоту, — успамінае ён.

Потым хлопец заняў першае месца на спаборніцтвах і быў запрошаны ў якасці інструктара ў дайвінг-клуб, першы ў Савецкім Саюзе. «Адкрылі гэты клуб прадпрымальныя адэсіты, — кажа мой суразмоўнік. — На Фаросе, дзе тады адпачывалі першыя асобы савецкай дзяржавы, адэсіты наладзілі падводны турызм для ўсіх ахвотных, дастаткова было купіць пуцёўку. Мы іх навучалі пагружацца і ў канцы навучання на марскім дне каля скалы, дзе была глыбіня ў 42 м, звычайна пілі са сваімі турыстамі пад вадой шампанскае... Там, на Фаросе, я нават адзін раз з Юрыем Гагарыным сустрэўся. Ён адпачываў у санаторыі, убачыў нашу лодку і падплыў. Аказаўся вельмі простым хлопцам, мы яму далі паныраць з аквалангам»...

Пасля заканчэння інстытута нашага героя адправілі ва Уладзівасток, працаваць у групе падводных тэхнічных абследаванняў. «Я рабіў пашпартызацыю партоў Паўднёвага Сахаліна. Яны былі яшчэ японскай пабудовы, але японцы не захацелі пакінуць дакументацыю на іх, і нам прыйшлося афармляць пашпартызацыю самім, — кажа ён. — Я адпрацаваў там тры гады. Але захварэў мой бацька, і я вярнуўся ў Мінск. Пайшоў у будаўніцтва — у мяне дыплом быў з правам будаўнічых работ... Так да пенсіі тут, у Мінску, і прапрацаваў»...

Англійская мова, салодкія тарты, радавод

— Цяпер вось ва ўніверсітэт трэцяга ўзросту запісаўся, хаджу на англійскую мову, — распавядае Міхаіл Рыгоравіч. — І на наступны год пайду абавязкова. Я пачаў разумець мову, мне гэта спадабалася. Да таго ж заняткі добра развіваюць памяць — для пажылых гэта важна. Яшчэ адзін плюс — стасункі з цікавымі і адэкватнымі людзьмі. Таму што ў паліклініцы бабулі, напрыклад, толькі пра хваробы гавораць. І яшчэ ўсе размовы пра тое, што ім нешта недадалі, падманулі... Усе хочуць, каб ім нешта далі. Але трэба самому «прачнуцца» трохі і нешта зрабіць. А ва ўніверсітэт трэцяга ўзросту прыходзяць людзі зусім іншага складу. Там такія бабулі ходзяць крутыя, некаторыя з іх «рассякаюць» па ўсім свеце...

Уну­ку Мі­ро­ну вель­мі па­да­ба­юц­ца  дзе­да­вы са­лод­кія вы­ра­бы.

Яшчэ крыху больш за два гады таму ў Міхаіла Рыгоравіча з'явілася такое не зусім звычайнае для мужчыны захапленне, як выраб тартоў. «Вось гэты малады чалавек вінаваты, — усміхаючыся, паказвае наш герой на свайго пяцігадовага ўнука Мірона. — Я да гэтага гатаваць зусім не ўмеў, хіба што пасмажыць яечню ці бульбу або пельмені зварыць, калі жонкі няма дома. А тут атрымалася так, што прыйшоў унук да мяне ў госці, і мы сталі гуляць на камп'ютары. Яму тады тры гадкі было. І раптам збоку выскачыла рэклама пернікавай хаткі. Ён убачыў і стаў прасіць: дзеда, зрабі мне такую! Прыйшлося рабіць, — смяецца мой суразмоўнік. — Знайшоў майстар-клас у інтэрнэце... Мучыліся-мучыліся, але зляпілі! А потым я захапіўся і стаў пячы тарты і пірожныя, прычым стараўся зрабіць іх незвычайнымі — у выглядзе кнігі, танка, гарматы і г. д.

А зусім нядаўна Міхаіл Заржыцкі захапіўся радаводам. «Хацелася б даведацца пра свае карані, — кажа ён. — Мае бацькі рана памерлі. Калі малады быў, не распытваў іх, а потым ужо не было каго. Засталіся старыя фатаграфіі — там, на іх, і афіцэры, і святары... Цікава было б даведацца пра сваіх продкаў, людзей, чыё прозвішча я нашу». Міхаіл Рыгоравіч хацеў пайсці на спецыяльныя курсы, але потым перадумаў: «Яны дарагія, каштуюць больш, чым мая пенсія. Так што буду займацца і вывучаць пытанне самастойна».

Эпоха, здаровы сэнс, плюсы і мінусы кожнага часу

Ён робіць уражанне лёгкага чалавека. Нікога і нічога не асуджае, усяму спрабуе знайсці тлумачэнне. Успамінаем савецкія гады. «Не сказаць, каб была нейкая моцная настальгія», — кажа ён, але прызнае, што ў тых часах былі свае плюсы. Як і мінусы, зрэшты.

— З плюсоў, — успамінае, — не было праблем запісацца ў дзяцінстве ў любы гурток або секцыю, і ўсё гэта бясплатна. Яшчэ былі выдатныя гульнятэкі ў Доме піянераў. І з работай было прасцей. З іншага боку, узровень матэрыяльнага жыцця быў ніжэйшы. Зараз толькі лянівы машыну не купляе: дастаткова сабраць некалькі тысяч, і можна купіць патрыманы аўтамабіль. А раней гэта было вельмі крута — мець машыну. Мне ў будаўнічым трэсце калісьці як пераможцу сацспаборніцтва выдзелілі права купіць аўто... І з жыллём цяпер лепш, чым у савецкія часы — але для тых, хто не «спіць», а нешта робіць, — лічыць ён. — Раней у Мінску была норма — шэсць квадратных метраў жылля на чалавека. Калі столькі ёсць, то нельга стаць у чаргу на пашырэнне кватэры. Вось нас чацвёра было ў сям'і, і ў нас кватэра крыху больш за 42 кв. м. Каб мець права стаць на чаргу на жыллё, у нас павінна было б пражываць больш за сем чалавек! Па савецкіх мерках мы б да гэтага часу ўсе разам жылі ў гэтай кватэры. У кожным часе можна знайсці і добрае, і дрэннае, нельга адназначна меркаваць пра эпоху, — разважае Міхаіл Рыгоравіч.

Цяжка з ім не пагадзіцца...

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: «Усяго толькі трэба было раззлавацца на сябе!»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.