24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Гісторыі беларусаў, якія з'ехалі за мяжу


Сёння, напэўна, ці не ў кожнага знойдзецца або сваяк, або добры знаёмы, які цягам апошніх трыццаці гадоў пакінуў Радзіму і атабарыўся ў далёкім ці крыху бліжэйшым замежжы. Быў такі адрэзак часу, калі наша народнае «Добра там, дзе нас няма» не спрацоўвала, і ў пошуках уяўных даброт усе імкнуліся менавіта туды, дзе нас дагэтуль не было. Асабліва дзяўчаты, спакушаныя магчымасцю формулу «выйсці замуж за іншаземца», якая была, дый сёння для многіх застаецца тоеснай «выйсці замуж удала», прымяніць на свой лёс. Цяпер гэтыя летуценныя дзяўчынкі ўжо саракапяцігадовыя самавітыя цёткі, яны вывучылі мову, атрымалі від на жыхарства, а то і грамадзянства. Настальгуюць па Радзіме, нават часам сюды прыязджаюць. Хтосьці жыве там, за мяжой, лепш, хтосьці горш, але тут усім гавораць, што добра. А што яшчэ казаць, калі тады самі зрабілі свой выбар?


Зрэшты, пра выбар — гэта занадта гучна. Мы нядаўна з сяброўкай сядзелі і ўспаміналі нашых аднакурсніц, прыяцелек і калег, якія за мяжой апынуліся. І, вы ведаеце, — у многіх такія пакручастыя гісторыі, такія супадзенні, якіх не бывае, што пачынаеш верыць у наканаванасць, у лёс, які, як вядома, ні на якім кані не аб'едзеш, у вечнае бабуліна: «Планэта ў яе такая»...

Вось, да прыкладу, Марына. Працавала на радыё, акрамя журфака, скончыла яшчэ лінгвістычны ўніверсітэт. На ўзроўні ведала англійскую і нямецкую, пісала кандыдацкую дысертацыю. Нікуды з'язджаць, у адрозненне ад многіх дзяўчат у той час, нават не думала. Дзякуючы веданню моў, уладкавалася на радыёстанцыю, якая вяшчае за мяжу. Як журналіст гэтай радыёстанцыі пайшла браць інтэрв'ю ў нямецкае пасольства.

Там на яе паклаў вока яе суразмоўнік — малады перспектыўны дыпламат. У яе ён таксама выклікаў пэўную сімпатыю... Не, вы не ўгадалі, яны не пабраліся шлюбам. Ён проста запрасіў яе з'ездзіць з ім у Германію. Там у яго былі нейкія справы, таму яна шмат гуляла адна, хадзіла ў музеі, на выставы. І там убачыла Яго — якога чакала ўсё жыццё. Пазнаёміліся павярхоўна: ён працаваў з групай рускіх турыстаў, але пакінуў сваю візітоўку.

Яна яму па электроннай пошце напісала запрашэнне прыехаць у Мінск. І ён — прыехаў, з парога заявіўшы: «Я прыехаў да цябе»... Яны разам ужо гадоў пятнаццаць, жывуць у Берліне, гадуюць дваіх дзетак. Жывуць не вельмі багата, але шчасліва... Што стала з тым перспектыўным дыпламатам — гісторыя замоўчвае. Пэўна, ужо даслужыўся да пасла.

Ці Наталля. Ёй было ўжо амаль трыццаць пяць, а з асабістым жыццём не складвалася. І тады сяброўка, якая пасля доўгіх пошукаў знайшла ўсё ж сабе багатага мужа-француза, нічога не кажучы Наталлі, паказала яе фота кампаньёну мужа. Той адразу захацеў пазнаёміцца. Наталля пасля доўгіх угавораў выправілася ў тую Тулузу. І праз колькі часу выйшла замуж. Але не за бізнесмена, які яе так упадабаў і з якім ужо нават заручылася, а за яго прыяцеля, з якім пазнаёмілася ўжо ў статусе нявесты. З былым жаніхом яны дагэтуль падтрымліваюць цёплыя адносіны. Наташа кажа, што ўвогуле яму вельмі ўдзячная, бо, калі б не ён... Што думае пра гэта адрынуты жаніх? Гэта можна даведацца, толькі спытаўшы яго самога. Дый то наўрад ці прызнаецца.

А вось у Дар'і ўсё яшчэ больш заблытана. Яна ў Польшчы, скончыўшы вучобу ва ўніверсітэце, знайшла вельмі добрую працу. Але атрымаць від на жыхарства ніяк не магла. Адзіная магчымасць была — выйсці замуж за мясцовага.

Але дзе яго знайсці, ды яшчэ так хутка? Знайшла... старэйшая сястра.

Ехала ў цягніку, да яе стаў заляцацца сусед па купэ. Прычым настойліва, расказваў пра каханне з першага погляду. Тая, дама замужняя, на заляцанні не адказвала, але сказала, што ў яе ёсць вельмі падобная на яе сястра. Карацей, проста з вакзала яны ўдваіх прыехалі да Дашы на кватэру — знаёміцца. Выслухаўшы гісторыю пра від на жыхарства, паляк спытаўся, чым ён можа дапамагчы. «Ажаніцца!»— ці то жартам, ці то ўсур'ёз хорам адказалі сёстры. «Я згодзен!» Яны пажаніліся, з'ехалі ў Бельгію, дзе працаваў наваспечаны муж. Але імклівы шлюб пратрымаўся нядоўга. Без работы і без мужа Даша вярнулася ў Мінск і думала, як жыць далей. Але тут здарыўся сюжэт, як у славутай «Адзіноце ў Сеціве»: самотна седзячы за камп'ютарам, яна аднойчы ўвечары атрымала паведамленне па «асьцы» (хто памятае, быў такі чат, правобраз сённяшніх месенджараў): «У Парыжы сёння дождж, а ў вас?» Яна адказала штосьці досыць банальнае пра залежнасць надвор'я ад настрою... Яны разам ужо больш за дзесяць гадоў. Жывуць у тым самым Парыжы, дзе, як і паўсюль, то дождж, то сонца. Першага мужа, нягледзячы на непаразуменні і сваркі, якія былі ў іх нядоўгім шлюбе, Даша інакш як «рукой лёсу» не называе. І ці можна тут спрачацца?..

Нядаўна ў Сеціве прачытала на старонцы ў знаёмай цікавы пост. Маўляў, што рабіць, калі адчуваеш сябе цацкай у краме, за якую многія б'юцца, а яна так і застаецца стаяць на паліцы, бо ніхто ўрэшце не забраў? Яшчэ больш цікавыя каментарыі спачуваючых. Хтосьці прапануе самой уступіць у бойку за каго-небудзь. Хтосьці філасофствуе, што мы не цацкі і не абавязаны быць камусьці патрэбнымі, хтосьці фаталістычна заўважае: будзе так, як захоча Бог.

А я, калі шчыра, каб і хацела, дык не ведаю, што напісаць...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Лепш даганяць, чым пачакаць...

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.