Вы тут

Чым прываблівае Батсвана?


Далёкую афрыканскую краіну Батсвану «раскруціў» у сусветнай інфармацыйнай прасторы ўнук брытанскай каралевы Лізаветы ІІ прынц Гары. Герцаг Сасэкскі не раз называў яе сваім другім домам. «Я ўпершыню апынуўся ў Батсване ў 1997-м, адразу пасля смерці мамы (прынцэсы Дзіяны. — Аўт.). Тады бацька сказаў нам з братам, што мы едзем у Афрыку, каб адысці ад усёй гэтай жудаснай шуміхі», — казаў Гары, прызнаючыся, што адчувае сябе там «лепш, чым дзе-небудзь». У Батсване ў прынца, паводле яго слоў, з'яўляецца пачуццё «поўнага распаволення і нармальнасці». Чым адметная гэтая краіна?


Геаграфічны «козыр»

Рэспубліка Батсвана — буйная дзяржава на самым поўдні Афрыкі. Яна не мае выхаду да мора, дзве трэці яе тэрыторыі занятыя пустыняй Калахары. Нявыгаднае геаграфічнае становішча дапамагло краіне ў тым, што еўрапейскія каланізатары праявілі да яе мала цікавасці і не моцна ўплывалі на ўсе лакальныя канфлікты, калі сярод усіх узвысілася дзяржава народа тсвана. Толькі ў ХІХ стагоддзі брытанцы ўзялі тутэйшае насельніцтва пад сваю апеку і нават паспяхова яго хрысціянізавалі. У 1885 годзе краіна ператварылася ў пратэктарат Бечуаналенд пад кіраваннем брытанскай кароны, а ў 1966-м абвясціла незалежнасць у рамках Садружнасці нацый (членам якой застаецца дасюль) і змяніла назву на Батсвана.

Сучасная палітычная гісторыя гэтай дзяржавы пачалася ў 1951 годзе, калі спадчыннік караля аднаго з найбуйнейшых плямёнаў краіны — бамангвата — Серэтсэ Кхама, які насуперак усім ажаніўся з белай англічанкай, быў адпраўлены ў выгнанне ўладамі Вялікабрытаніі.

Грубае ўмяшальніцтва ў справы краіны справакавала рост нацыянальнага руху, у выніку запланаванае аб'яднанне Батсваны і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі не адбылося. Акрамя таго, выгнанне спрыяла росту папулярнасці Серэтсэ Кхама і створанай ім пасля вяртання ў краіну праваліберальнай Дэмакратычнай партыі. На першых усеагульных выбарах 1965 года яго партыя атрымала 28 месцаў з 31. Серэтсэ Кхама стаў першым прэзідэнтам незалежнай Батсваны.

Прэзідэнт, які атрымаў брытанскую адукацыю і быў жанаты з англічанкай, не стаў ставіць характэрныя для афрыканскіх посткаланіяльных рэжымаў сацыялістычныя эксперыменты або выцясняць з краіны былых белых каланізатараў. Наадварот, ён сам і яго пераемнікі паслядоўна ўмацоўвалі парламенцкую сістэму, падтрымлівалі традыцыйныя дэмакратычныя інстытуты (кготла — аналаг славянскага веча), забяспечвалі нізкі і стабільны ўзровень падаткаў і мытных пошлін, правялі па чылійскай мадэлі пенсійную рэформу.

Двухпалатны парламент складаецца з нацыянальнай асамблеі і палаты правадыроў. Апошняя з'яўляецца ў асноўным дарадчым органам і налічвае 35 членаў, сярод якіх васьмёра правадыроў найбуйнейшых плямёнаў. Найбольш уплывовай партыяй краіны з'яўляецца Дэмакратычная партыя Батсваны, якая была заснавана яшчэ да здабыцця краінай незалежнасці пад назвай Дэмакратычнай партыі Бечуаналенда. Яна выйгравала ўсе выбары, якія праходзілі ў Батсване з 1966 года, і ўсе прэзідэнты краіны з'яўляліся яе членамі.

З 1969 года Батсвана стала адыгрываць значную ролю ў рэгіянальнай палітыцы, адстойваючы прынцыпы антырасізму і ліберальнай дэмакратыі і супрацьпастаўляючы іх рэжыму апартэіду ў ПАР. У 1974-м яна разам з Замбіяй і Танзаніяй (пазней да іх далучыліся Ангола і Мазамбік) стварылі Арганізацыю прыфрантавых дзяржаў супраць рэжымаў у Паўднёвай Радэзіі, Намібіі і ПАР. У 1980 годзе арганізацыя была ператворана ў Канферэнцыю па каардынацыі развіцця краін Паўднёвай Афрыкі, якая з 1992 года вядомая як Супольнасць развіцця краін Паўднёвай Афрыкі.

Рэцэпты поспеху

Колішні галоўны эканаміст Сусветнага банка Джозэф Стыгліц толькі напалову мае рацыю, калі называе рэформы, якія праводзяцца ў Батсване, «альтэрнатывай праграмам у стылі МВФ» і прыкладам адмовы ад «рынкавага фундаменталізму». Сапраўды, калі ў 1981 годзе ў краіне з'явілася місія Валютнага фонду, значная частка неабходных для афрыканскай краіны пераўтварэнняў ужо была завершана. Аднак з гэтага не вынікае, што эканамічная палітыка, якая праводзілася дагэтуль, не была ліберальнай. Наадварот, ужо тады Батсвана была адной з найбольш свабодных у эканамічным дачыненні краін, а пасля здолела палепшыць свае паказчыкі і стаць найлепшай на кантыненце, падняўшыся ў індэксе эканамічнай свабоды з 48-га месца ў 1980 годзе да 30-га — у 2003-м.

Знойдзеныя ў пачатку 1970-х алмазныя радовішчы ў спалучэнні з высокай якасцю эканамічнай палітыкі (нізкія стаўкі падаткаў і прастата падатковага заканадаўства, невысокая інфляцыя, ліберальная знешнегандлёвая палітыка, збалансаваны бюджэт) і дзяржаўнага кіравання (самы нізкі ўзровень карупцыі ў Афрыцы, палітычная стабільнасць у спалучэнні з палітычнай свабодай) далі вынік, не пераўзыдзены не толькі іншымі краінамі Афрыкі, якія валодаюць багатымі прыроднымі рэсурсамі, — Анголай, Нігерыяй, Заірам, — але бадай што таксама і ніводнай краінай свету.

Батсвана, якая была ў момант атрымання незалежнасці адной з найбяднейшых дзяржаў планеты, раздробненай на плямёны, з зачаткамі каставай сістэмы і патрыярхальным рабствам здолела забяспечыць на працягу больш чым чатырох дзесяцігоддзяў сярэднегадавы рост валавога ўнутранага прадукту на ўзроўні 7,8 працэнта пры больш чым трохразовым павелічэнні колькасці насельніцтва за гэты ж перыяд.

У 1970-х тэмпы прыросту эканомікі Батсваны былі аднымі з самых высокіх у свеце, яны даходзілі да 24 працэнтаў (!) у год, у 1980—1995-м складалі ў сярэднім 10,3 працэнта. Сусветны банк перавёў Батсвану з разраду «бедных краін» у класіфікацыю «краін з даходамі вышэй за сярэдні». Яна — адна з нямногіх дзяржаў Афрыкі, якая робіць унёсак у фонд банка.

Па шляху дыверсіфікацыі

Эканоміка краіны практычна цалкам была заснавана на жывёлагадоўлі да 1970-х гадоў, калі Батсвана стала экспарцёрам алмазаў і іншых прыродных рэсурсаў. Нетры багатыя на карысныя выкапні, хоць геалагічная разведка праводзілася толькі на ўсходзе краіны. Адкрыты найбагацейшыя кімберлітавыя трубкі з вельмі высокай колькасцю алмазаў ювелірнай якасці. Маюцца багатыя радовішчы вугалю, медна-нікелевай руды, солі, соды, а таксама запасы плаціны, золата і срэбра.

Асновай эканомікі краіны з'яўляецца здабыча алмазаў, якая складае каля трэці ВУП. Батсвана — адзін з вядучых у свеце вытворцаў гэтых каштоўных камянёў, займаючы першае месца ў свеце па кошце іх здабычы. У 2015 годзе на радовішчы, размешчаным на поўначы Цэнтральнай Батсваны, быў знойдзены алмаз «Наш свет» вагой 1111 каратаў (больш чым 220 грамаў)— найбуйнейшы за апошнія сто гадоў і другі па велічыні за ўсю гісторыю здабычы алмазаў на планеце.

Эканамічная палітыка ўрада накіравана на садзейнічанне прыватнаму сектару, пашырэнне і дыверсіфікацыю вытворчасці, стварэнне новых галін апрацоўчай прамысловасці, ірыгацыю сельскагаспадарчых зямель. У Батсване ёсць невялікі, але дынамічны вытворчы сектар. Ён у асноўным спецыялізуецца на выпуску тэкстылю, напояў, хімічных рэчываў, металаў, пластыку і электратэхнічнай прадукцыі. Нягледзячы на дынамічныя тэмпы росту вытворчасці, яна абмежавана малым унутраным рынкам краіны, недастаткова развітой інфраструктурай, залежнасцю ад імпарту і некваліфікаванай рабочай сілай.

З усёй тэрыторыі краіны толькі 0,7 працэнта займаюць ворныя землі. Асноўная частка сельскагаспадарчых палеткаў знаходзіцца на ўсходзе краіны. Пры гэтым вытворчасць збожжа забяспечвае толькі 10 працэнтаў спажывання. Асноўная частка адпаведнай прадукцыі закупляецца ў Зімбабвэ і ПАР. У краіне дзейнічае шэраг урадавых праграм, накіраваных на падтрымку фермерскіх гаспадарак. Праводзяцца даследаванні для вядзення сельскай гаспадаркі без прычынення шкоды глебе, павышэння ўраджайнасці збожжа. Значным сектарам эканомікі з'яўляецца жывёлагадоўля — мясная прадукцыя, большая частка якой рэалізуецца ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку і Заходнюю Еўропу, — адзін з галоўных артыкулаў знешніх паставак. Дарэчы, гэтая краіна займае першае месца ў Афрыцы па экспарце ялавічыны.

Праблемы лепш абмяркоўваць

Батсвана пастаянна займае высокія месцы ў рэйтынгах як адна з найбольш эфектыўна кіруемых дзяржаў Афрыкі. Заўсёды асабліва адзначаецца яе нізкая, у параўнанні з астатнімі краінамі рэгіёна, карупцыя. Пасля серыі скандалаў у пачатку 1990-х урад Батсваны ў 1994 годзе заснаваў дэпартамент па праблемах карупцыі і эканамічных злачынстваў, які займаецца расследаваннямі і пакараннем чыноўнікаў, замешаных у карупцыі. Варта яшчэ адзначыць, што прыбыткі дзяржавы ад здабычы алмазаў даволі справядліва размяркоўваюцца паміж усімі сферамі грамадства і рэгіёнамі краіны. «Наша дзяржава была створана на аснове нацыянальнага адзінства, мы і сёння ад гэтага не адыходзім, — расказаў ВВС жыхар Батсваны Сехені Тлатлега. — Мы — нацыя, якая верыць у тое, што супярэчнасці вырашаюцца ў дыскусіях, а не ў войнах».

Краіна славіцца высокім узроўнем грамадзянскіх свабод — у прыватнасці, свабоды прэсы і асабістых маёмасных правоў. Гэтыя свабоды знаходзяць адлюстраванне і ў паўсядзённым жыцці. «У батсванцаў лёгкі, ужыўчывы характар, яны адкрытыя і не любяць крывадушнасці. Любыя праблемы лепш абмяркоўваць — так яны вырашаюцца хутчэй, — заўважыў Тлотлега. — Мы вельмі ліберальнае грамадства, колер вашай скуры, ваша рэлігія, ваш пол не маюць значэння, і мы імгненна рэагуем на любую форму несправядлівасці».

У Батсване любая вёсачка з насельніцтвам у 500 жыхароў і больш мае паліклініку і пачатковую школу, падкрэслівае Тлатлега. У краіне даволі рана зразумелі небяспеку СНІДу і прынялі дзяржаўную праграму праверак на ВІЧ і кансультавання заражаных. Усім грамадзянам, чый аналіз аказаўся станоўчым, праводзіцца бясплатная антырэтравірусная тэрапія.

Стварэнне дзяржаўных запаведнікаў (у адным з нацпаркаў жыве самая буйная ў свеце папуляцыя сланоў) прывяло да таго, што доля турызму ў ВУП краіны складае 12 працэнтаў. «Большая частка даходаў турыстычнай галіны выдаткоўваецца на ўтрыманне запаведнікаў і прыродных рэзерваў, на захаванне жывёльнага свету па-за запаведнікамі і на фінансаванне аперацый супраць браканьерства, — расказаў Тлатлега. — У Батсване адна з самых магутных у Афрыцы дзяржаўных службаў па барацьбе з браканьерствам». Усе гэтыя фактары ў спалучэнні і вызначаюць насамрэч унікальны феномен Батсваны.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Сланы і алмазы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».