Вы тут

Новая карціна «Беларусьфільма» не шукае складаных шляхоў


Я трапіла ў дзіцячую лавіну, якая пад кіраўніцтвам настаўнікаў запоўніла залу кінатэатра «Піянер», дзе ішла новая стужка Нацыянальнай кінастудыі «Правілы геймера». «Табе страшна?» — пыталася ў сяброўкі школьніца за маёй спінай, калі галоўныя героі трапілі ў падземны лабірынт. Страху, магчыма, карціна і не нагнала, нават, належнага ўзроўню саспенсу не дасягнула, але дэтэктыўную дзіцячую гісторыю расказала «роўна». Новы беларускі дзіцячы фільм — жанр, дарэчы, для «Беларусьфільма» базавы — выбраў у якасці лакацый Нясвіжскі замак, абыграў таямніцу Радзівілаў і ў якасці знака сучаснасці прыплёў кіберспорт.


У выпадку з «Правіламі геймера» цікава назіраць, як на абсалютны дэтэктыўны шаблон апроч мясцовых патэрнаў нанізваюцца актуальныя рэаліі, якімі яны бачацца сцэнарысту Валянціну Залужнаму, Нацыянальнай кінастудыі і Міністэрству культуры, што выдзяляе сродкі на выбраныя праекты.

Фільм пачынаецца з каштоўнай і загадкавай знаходкі. Галоўныя героі — геймеры Дзімка, Юрка і Генка (у анатацыі яны называюцца менавіта такім панібрацкім спосабам) — выцягваюць з падзямелля адну з першых лічыльных машын і таямнічы медальён. Артэфакты павінны стаць ключом для пошуку клада Радзівілаў. Супрацоўнік музея бярэцца за даследаванне, але хутка трапляе ў бальніцу з-за рабаўнікоў, што прабраліся ў дом з надзеяй скрасці знаходку.

Справу даследчыка працягвае яго дачка Даша разам з геймерамі. Па законах жанру на спадчыну Радзівілаў прэтэндуе і банда, частка якой прасачылася ў штат музея, з дрэннымі намерамі і беспрынцыпнымі паводзінамі. Шлях да скарбу ў лабірынце знойдуць, канешне, менавіта дзеці, а зладзеі накіруюцца за імі і скарыстаюцца іх матэматычнымі здольнасцямі.

Выразнае раздзяленне на станоўчых і адмоўных герояў, здрадніцтва, шпіёнства, мудрагелісты тайнік са скарбам, дзе няправільная лічба павінна прывесці да непапраўных вынікаў, выратаванне ў апошні момант, выкрыццё «хто ёсць хто». А таксама героі, якія першапачаткова маюць карыслівую матывацыю, а ў выніку выяўляюць прыхільнасць сяброўству, высокім мэтам і праўдзе, ствараюць пэўны зразумелы і добра вядомы кінатрафарэт.

І сам факт выкарыстання шаблону, і яго напаўненне для кінастудыі з'яўляюцца сімптаматычнымі. «Правілы геймера», на жаль, выяўляюць даўнюю праблему не проста з якаснымі сцэнарыямі, а больш за тое — з арыгінальнасцю і хітрамудрасцю думак. Ужо трывала «Беларусьфільм» характарызуюць выкарыстанне гатовых формаў, некаторае перайманне і прага моцных эфектаў. «Правілы геймера» сталі чарговым доказам: фільм можна лічыць традыцыйным, добрым, лёгкім, разглядаючы яго, як адзінку кіно, але шаблонным, сімптаматычным і нецікавым у кантэксце кіно ўвогуле.

Тройка галоўных герояў захапляецца інтэрнэт-гульнямі, мае свой клуб і марыць пра ўдзел у турніры па кіберспорце. ІT і без таго надзвычай папулярныя ў нашых фільмах і не толькі ў іх. Праўда, у гэтым выпадку жаданне зрабіць герояў цікавымі маленькім гледачам праз прапісанае захапленне кіберспортам выглядае даволі наіўным. На фоне не вельмі вынаходлівага сцэнарыя выбар хобі герояў — відавочны аж да выкрыцця матываў аўтараў і звычайна нябачнай кінакухні. Пакаленне, зачараванае інтэрнэт-гульнямі, быццам павінна купіцца на фільм са словам «геймер» у назве, дзе само захапленне ўзведзена ў статус сур'ёзнай справы — з «правіламі геймераў», аб'яднаннямі «прафесійных» гульцоў і турнірам па кіберспорце. То-бок чым адметныя героі? — звычайнымі жанравамі рэчамі накшталт вынаходлівасці, здольнасцямі ў пэўнай сферы (матэматыка) і некаторай авантурнасцю, а дадаткова — дзеля сучасных гледачоў — зацікаўленасцю анлайн-гульнямі.

Апошняя «рыса» тут даволі функцыянальная, бо тлумачыць матыў герояў увязвацца ў пошук скарбу (ім патрэбны грошы на ўдзел у турніры), а ў выніку адсоўваецца на другі план дзеля сяброў і вечных каштоўнасцяў. Апроч гэтага, кіберспорт, як і любое рашэнне сцэнарыста, тут нічога не значыць. «Правілы геймера» пабудаваны на функцыях, дзе задача зрабіць забаўляльнае кіно суправаджаецца задачай звязаць адзін эпізод з другім і больш ні пра што не клапаціцца.

Несумненнай вартасцю фільма з'яўляюцца нясвіжскія лакацыі: горад і замкавы комплекс пераўтварыліся ў цэлую загадкавую сетку таямніц, якая абыгрываецца праз адмысловае размяшчэнне аб'ектаў адносна адзін аднаго (накшталт «прамень сонца ў поўдзень пакажа шлях да партала...»), наяўнасць невядомых хадоў і лабірынтаў, адсылку да багацця славутага роду.

Горад, што хавае радзівілаўскую спадчыну, узбагаціўся цэлай інфраструктурай — тут ёсць тэлебачанне, што паведамляе пра сакрэтную групу жулікаў, якая наладзіла вываз каштоўнасцяў за мяжу; міліцыя са сваім грунтоўным следствам і шпіёнам у варожым лагеры; музей са штатам супрацоўнікаў — сур'ёзных даследчыкаў. Карацей, правінцыйны беларускі горад атрымаў усе складнікі дэтэктыва і жыццё ў ім падпарадкавалася законам кіно.

Несвіжскія рэсурсы і таямніца Радзівілаў — таксама даволі відавочны выбар. Гэта прыемна — бачыць у кіно адсылку да слаўных старонак беларускай гісторыі і не першыя, але спробы іх абыграць, пабудаваць на іх сучаснае мастацтва, выкарыстаць іх добрую славу для свайго сюжэта. Але выбар зноў жа выдатна падпарадкоўваецца логіцы стваральнікаў «Правілаў геймера». Дзе лепш за ўсё схаваць скарб? — у замку, то-бок у першую чаргу ў Міры альбо Нясвіжы. Што за скарб павінен там хавацца? — канешне ж, звязаны з Радзівіламі. Пры гэтым Радзівілы служаць карціне зноў жа толькі функцыянальна, — калі забаўляльнаму сюжэту не хапае інтрыгі і таямнічасці, трэба выкарыстаць знакамітае імя.

Адным словам, «Беларусьфільм» не шукае складаных шляхоў — у выкарыстанні кінашаблонаў у пэўнай канфігурацыі і іх напаўненні кінастудыя выяўляе сваю бездапаможнасць. Ва ўсім свеце межы паміж дзіцячым і дарослым кіно размываюцца, а кантэнт, прызначаны ў тым ліку для юнай аўдыторыі, размаўляе на сур'ёзныя тэмы без спрошчанага сюсюкання. У гэты час беларускі дзіцячы фільм спрабуе трансляваць старыя ўстаноўкі, прычым у максімальна даступнай манеры: трэба дапамагаць маці, добра вучыцца, выручаць сяброў, не здраджваць, быць справядлівым і так далей.

Тым не менш гісторыя атрымала належнае візуальнае ўвасабленне. Нягледзячы на такі з пэўнага пункту гледжання няўдалы сцэнарый, рэжысёр Ігар Чацверыкоў зняў добрую карціну. Зноў жа «выканаў сваю функцыю», як і шмат што ў «Правілах геймера» гэтым займаецца і, дарэчы, абмяжоўваецца.

Нацыянальная кінастудыя зноў выявіла занадта шмат інфармацыі пра стан сваіх спраў праз аддадзены ў пракат фільм.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Простыя рэчы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.