Вы тут

Больш за 1,5 тысячы салдат у Печах прынялі вайсковую прысягу


Пахмурнай чэрвеньскай раніцай пад Барысавам панаваў святочны настрой. З усіх канцоў Беларусі туды з’ехаліся людзі, каб пабачыць, як іх сыны, унукі, пляменнікі, браты будуць прымаць вайсковую прысягу ў 72-м аб’яднаным навучальным цэнтры ў Пячах. Агулам жа словы на вернасць Радзіме прамаўлялі па краіне больш 4 з паловай тысячы ваеннаслужачых, прызваных на тэрміновую ваенную службу, і каля 200 рэзервістаў.


За паўгадзіны да пачатку ўрачыстай цырымоніі паспяваем крыху пагутарыць з салдатамі і іх сваякамі.

- Мы прыехалі са Старых Дарог з мужам, стрыечнай сястрой і братам, – гаворыць маці аднаго з салдат Святлана Валодзька. – Наш Дзіма скончыў БДТУ, уладкаваўся на працу інжынерам-праграмістам, прайшло некалькі месяцаў – і яму прынеслі павестку. З войскам мы знаёмы, як гаворыцца, не па чутках – пляменнік зусім нядаўна вярнуўся дадому з арміі. Дык хай і Дзіма нясе службу з гонарам.

- Не шкадую, што трапіў сюды, - кажа Дзмітрый Валодзька. – Калектыў добры, афіцэрскі склад – проста выдатны. Нам усё паказваюць, дапамагаюць ва ўсім. Зараз асвойваю спецыяльнасць кухара. Зусім хутка, у ліпені, пачнецца навучанне. Гатаваць я ўмею і люблю гэта рабіць з маленства. Што змянілася ўва мне за за месяц, праведзены ў Печах? Перш за ўсё – стаў больш дысцыплінаваным і самастойным.

А вось у салдата з Гродна Аляксея Галузы іншы жыццёвы шлях. Ён паступіў у БДУІР, вучыўся на праграміста. Але пасля першага курса перадумаў і забраў дакументы. Пасля ўладкаваўся на працу. Адтуль і трапіў у войска.

- Ужо вырашыў, што буду пасля дэмабілізацыі аднаўляцца ва ўніверсітэце, - усміхаецца Аляксей. – А войска для мяне – яшчэ і магчымасць набрацца жыццёвага досведу і перагледзець погляды на жыццё. Служба тут ідзе цікава. Самае складанае – гэта падняцца а шостай гадзіне раніцы. Будучая вайсковая спецыяльнасць таксама будзе мець дачыненне да тэхнікі – буду вучыцца на радыста-сувязіста. А зараз у нас ідзе курс маладога байца. Шчыра кажучы, мне было няцяжка. Яшчэ ў 10-м класе я ездзіў у ваенна-патрыятычны лагер разам са школьнымі сябрамі, таму я асвойваю вайсковую навуку не поўнасцю з нуля.

З прыняццем прысягі навабранцаў павіншаваў міністр абароны Андрэй Раўкоў.

- У салдат наперадзе самы напружаны этап – авалоданне ваеннай спецыяльнасцю. Скончыцца курс маладога байца, і новае папаўненне сядзе за парты па асобных школах. Для працы з навабранцамі ў 72-м Аб’яднаным навучальным цэнтры ўзмоцнены штат псіхолагаў. Хлопцы прыходзяць у войска і трапляюць у стрэсавую абстаноўку для свайго арганізма. Той апарат афіцэраў-камандзіраў, які сфарміраваны ў цэнтры для працы з імі, спраўляецца з задачамі і дапамагае хутчэй адаптавацца да армейскага жыцця. Для камфортнай службы ў цэнтры зроблена многае. Мы адрамантавалі казармы, адміністрацыйна-гаспадарчыя будынкі, клуб, сталовыя, месца размяшчэння тэхнікі. Працягвае ўсталёўваць сістэмы відэаназірання ў казармах.

Акрамя таго, у падраздзяленнях, якія дыслакуюцца ў Печах, пачалося ўстанаўленне сістэм відэаназірання. Адна з іх ужо працуе ў 3-й гвардзейскай школе падрыхтоўкі спецыялістаў танкавых і артылерыйскіх падраздзяленняў. Карцінка з 64 камер, усталяваных на 4 паверхах, выводзіцца на два велізарныя маніторы. Аб’ектывы “прастрэльваюць” наскрозь усе памяшканні. Больш за тое, камеры пішуць і гук. Мікрафоны ловяць нават шэпат.

- Вось давайце паглядзім, што адбываецца ў казарме, - гаворыць намеснік начальніка школы па ідэалагічнай роце гвардыі капітан Міхаіл Кумякоў. – А цяпер уважліва глядзіце на паралельны манітор. Карцінка ў якасці FullHD дазваляе разгледзець у падрабязнасцях усё, што адбываецца ў памяшканні. Твары бачныя так, нібыта ваеннаслужачы стаіць побач з намі. Больш за тое, у камерах прадугледжана функцыя распазнавання твараў. За тэставы перыяд мы не выявілі ніводнай памылкі ідэнтыфікацыі. Запіс будзе захоўвацца на працягу месяца.

Мяркуецца, што да канца года сістэма будзе ўсталявана ва ўсім 72-м Аб’яднаным вучэбным цэнтры.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота прадастаўлена прэс-службай Міністэрства абароны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».