Вы тут

Мікалай Радзівіл Чорны


(04.02.1515 — 28/29.05.1565)

Ён атрымаў нямала перамог, але не зброяй на полі бітваў, а словам і справай за дыпламатычным сталом або ў соймавай зале. І гэтыя перамогі былі вартыя самых бліскучых вайсковых трыумфаў.


Намаганнямі Мікалая Радзівіла па мянушцы Чорны да Вялікага Княства Літоўскага была далучана Лівонія, а з Маскоўскай дзяржавай доўгія гады захоўваўся мір. Ён зрываў планы польскіх паноў далучыць ВКЛ да Польскага Каралеўства. Урэшце, узначаліў рэфармацкі рух у краіне. Надзелены вялікай уладай, вырашаў дзяржаўныя справы не сілай, а згодай і словам.

У юнацтве Чорны разам са стрыечным братам Мікалаем Радзівілам, празваным Рудым, выхоўваўся пры каралеўскім двары, дзе яны пасябравалі з юным каралевічам Жыгімонтам Аўгустам. У далейшым гэтае сяброўства перарасце ў палітычнае супрацоўніцтва. Жыгімонт Аўгуст ацэніць разважлівасць і актыўнасць Мікалая Чорнага і ваенны талент Мікалая Рудога. А іх палітычнае супрацоўніцтва пачалося з таго, што браты Радзівілы праз свае сувязі з магнацкімі родамі паспрыялі агітацыі сярод ліцвінскай шляхты аб перадачы вялікакняжацкай улады Жыгімонту Аўгусту. На Берасцейскім сойме ў 1545 годзе Жыгімонт Казіміравіч перадаў уладу ў ВКЛ сыну. А Чорны атрымаў ад удзячнага гаспадара высокую пасаду земскага маршалка, адказнага за правядзенне соймаў. Аднак гэтымі абавязкамі роля Чорнага не абмежавалася. Ён зрабіўся першым дарадцам вялікага князя, выканаўцам ягоных спраў. У тым ліку і шлюбу з Барбарай Радзівіл. Чорны паклаў шмат сіл і грошай, каб гэты шлюб прызнала польская і ліцвінская шляхта і Барбару прызналі каралевай. Для падвышэння родавай годнасці Мікалай Чорны за вялікія грошы атрымаў ад імператара Карла V у 1547 годзе Радзівілам ганаровы тытул князёў Свяшчэннай Рымскай імперыі.

За кароткі тэрмін Чорны стаў канцлерам, віленскім ваяводам і берасцейскім старостам — па значнасці і ўплыве першым вяльможам у краіне, а калі гаспадар адсутнічаў, — фактычным яе кіраўніком.

Пра яго магутнасць тады вобразна казалі «Дзе канцлер Чорны прывяжа карову ў Літве ці ў Польшчы, там яна стаіць і стаяць будзе». Гаспадар цалкам апынуўся пад уплывам свайго дарадчыка і вяльможы. Сучаснікі тлумачылі гэта нейкім чарадзействам Чорнага. «Тое, што ён параіць, нагаворвае, што скажа і што пажадае, тое кароль чыніць, не зважаючы ні на чыю раду, у справах рэлігійных, ці справах панства, ці іншых важных справах», — сведчылі пра абсалютную ўладу Чорнага над сваім гаспадаром. У сенаце кароль падымаўся з трона, ішоў насустрач Радзівілу і садзіў каля сябе, тым самым падкрэсліваючы яго выключнае становішча.

Не без падстаў лічылі, што ў выпадку смерці Жыгімонта Аўгуста Мікалай Чорны мог стаць правіцелем Вялікага Княства Літоўскага. А ён і не хаваў гэтага і лічыў сябе вартым вялікакняжацкага пасада. Затое яго справы былі велікакняжацкімі. Галоўным яго клопатам было захаванне міру з суседнімі краінамі. «Я заўжды думаю пра спакой», — не раз казаў ён, «смяротным боем» біўся з гетманамі Мікалаем Рудым і Рыгорам Хадкевічам, каб стрымаць іх агрэсію супраць Лівоніі. Вёў перамовы з маскоўскімі пасламі, каб «кровь бы ся христьянская невинная на обе стороны не разливалася».

Мір патрэбны быў для грандыёзных пераўтварэнняў у Вялікім Княстве Літоўскім. Па даручэнні гаспадара Чорны праводзіў у краіне маштабную аграрную рэформу, гэтак званую валочную памеру. Прыводзілася да ладу сістэма дзяржаўнага землекарыстання, што закранула інтарэсы, як шляхты, гэтак сялянства і гарадоў. Канцылярыя была завалена скаргамі на злоўжыванне рэвізораў, якія праводзілі рэвізію зямель. Як кожная «навіна», рэформа ламала звыклы ўклад жыцця і выклікала незадаволенасць людзей. Пакрыўджаныя наракалі на Чорнага, нібыта ўсе беды ішлі ад яго. Адначасова Чорны падрываў звыклы лад рэлігійнага жыцця. Прыняўшы радыкальную плынь пратэстантызму — кальвінізм, Чорны пачаў уводзіць у сваіх уладаннях новую веру. Гэта была яго духоўная патрэба — стварэнне народнай царквы. «Закладаючы ў сваіх уладаннях і там, куды мая ўлада сягае, зборы і алтары новай веры, раблю тое дзеля вяртання сапраўднай веры Хрыстовай, вольнай ад папскіх прыдумак ідалапаклонства. Нашыя прапаведнікі добра ведаюць праўдзівую навуку Хрыстовую, прапаведуюць не каноны і дэкрэты, а словы вечнага жывога Госпада Бога», — заяўляў Радзівіл. З падтрымкі Чорнага ў Літве пашыралася кнігадрукаванне. У 1563 годзе выйшла славутая Берасцейская біблія на польскай мове. Сымон Будны выпускаў свае беларускамоўныя творы.

Амаль усе вярхі магнатэрыі ўслед за Радзівіламі зрабіліся пратэстантамі. Гэта была ўнікальная з'ява ў гісторыі ВКЛ, як духоўная, гэтак і палітычная, якая магла вывесці краіну з крызісу. На жаль, перамагла контррэфармацыя.

Вырашальную ролю адыграў Мікалай Чорны ў далучэнні да ВКЛ Лівоніі. Пасланы гаспадаром у Рыгу на перамовы, ён пераступіў свае паўнамоцтвы і прапанаваў лівонцам распусціць іх ордэн і ператварыць Лівонію ў свецкае герцагства, якое на роўных увойдзе ў ВКЛ. Ордэн і рыжскі магістрат пагадзіліся з прапановай Чорнага. Жыгімонт Аўгуст хоць і быў незадаволены ініцыятывай свайго падданага, але вымушаны быў прыняць яе. Віленскі сойм у 1561 годзе пагадзіўся, каб «земли Лифляндское з иншими паньствы нашими за ровню статися».

Адначасова Чорны як канцлер узначальваў працу над стварэннем другога Статута Вялікага Княства Літоўскага. Шэраг артыкулаў павінны былі гарантаваць ВКЛ дзяржаўную незалежнасць ад захопніцкіх дамаганняў палякаў. На соймах Чорны горача выступаў супраць польскіх прапаноў далучыць ВКЛ да Польшчы. Пагроза ўзрасла пасля таго, як Жыгімонт Аўгуст стаў на польскі бок. Узрушаны Мікалай Чорны заявіў, што нельга служыць такому гаспадару. Ён гатовы быў зброяй абараняць Літву ад пагрозы навязаць ёй «нягодную унію» на найбліжэйшым сойме ў 1565 годзе. Чорны на чале 6-тысячнага войска заняў Вільню. Гэтая акцыя на час астудзіла захопніцкі запал палякаў і адцягнула Люблінскую драму на некалькі гадоў. Трэба было вырашыць праблему Чорнага, і яна была вырашана. Усёмагутны магнат раптам захварэў і не перамог, як высветлілася, смяротнай хваробы. Незадоўга перад смерцю ў лісце да брата Мікалая Рудога ён з надзеяй пісаў: «Прыйдзе час, і буду ў каталогу, сярод тых грамадзян, якія добра служылі сваёй дзяржаве». Яму так хацелася, каб яго справы былі карыснымі для яго краіны і яе людзей, каб нашчадкі добрым словам згадалі яго імя.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».