Вы тут

«Міс Беларусь — 2018» — пра мары, планы і перамены ў жыцці


Схлушу, калі скажу, што ў дзяўчыне, з якой мы сустракаемся ў мінскай кавярні сонечным чэрвеньскім ранкам, складана пазнаць новую «Міс Беларусь» Марыю Васілевіч. Насамрэч яе часта пазнаюць на вуліцах, просяць сфатаграфавацца альбо проста праводзяць позіркам. «Напачатку мяне гэта вельмі бянтэжыла, але цяпер стараюся рэагаваць прыязна: усміхнуцца, перакінуцца парай слоў», — гаворыць яна.

А вось ва ўніверсітэце старасту курса хоць і павіншавалі з прыгожай перамогай, але патуранняў не рабілі — і дыплом БДЭУ Маша атрымала на агульных падставах, што саму яе толькі радуе.


Жыццё пасля кароны

— Літаральна днямі абараніла дыплом на 9 балаў. Праўда, больш хвалявалася на дзяржэкзамене, — прызнаецца Марыя. — Усё ж дыплом я пісала, можна лічыць, з другога курса, вяла курсавыя работы, і калі яны нарэшце «выраслі» ў выніковую, ведала тэму ўжо ледзьве не на памяць. А на дзяржэкзамене было шмат прадметаў у адным білеце, да таго ж нечакана на іспыт зазірнуў рэктар — ён прафесар на нашай кафедры, так што я расперажывалася і сабралася, толькі калі пачала адказваць. Але ў выніку ўсё добра, ужо атрымалі дыпломы — вельмі прыгожая, кранальная і крыху сумная цырымонія атрымалася...

— Але ж для вас гэта не развітанне з роднай ВНУ, вы планавалі паступіць у магістратуру. Або планы памяняліся?

— Не, усё ў сіле. Акрамя таго, мяне чакае і рэкламная кампанія, дзе я працавала акаўнт-менеджарам, але тут я не ўпэўнена, ці атрымаецца ўсё сумясціць па часе і занятасці. Праца ў рэкламнай сферы вельмі падабаецца, аднак хутка пачнецца шчыльная падрыхтоўка да конкурсу «Міс свету», потым трэба будзе на месяц паехаць на яго, і неяк, мне падаецца, нязручна ўвесь час адпрошвацца і падводзіць людзей. Таму, відаць, буду шукаць працу з гібкім графікам альбо частковай занятасцю, бо ведаю дакладна, што проста сядзець дома і па вечарах хадзіць у магістратуру мне будзе сумна.

— Я так разумею, з загрузкай і абавязкамі «Міс Беларусь» на тое, каб проста сядзець дома, і часу не будзе. Наогул, удалося нармальна адпачыць?

— Ну, тыдзень адсыпацца ніхто не даў, былі там недзе прамежкі ў палову дня, — смяецца Маша. — Вось мінулыя выхадныя сабе вызваліла, каб з'ездзіць да сваякоў і пахрысціць пляменніка, — гэта такая ўзрушальная і адказная справа... А так пакрысе, памалу прыходжу ў сябе. Гэтым летам яшчэ, спадзяюся, дазволю сабе канікулы.

— Адзін з галоўных прызоў — белы пазадарожнік «Джылі Атлас» — вы ўжо атрымалі. Як пачуваецеся за рулём?

— Здорава! Гэта мая першая машына: правы я атрымала ў 19 гадоў, але дагэтуль не кіравала, так што перапынак атрымаўся даволі вялікі. Першы тыдзень ездзіла з братам ці татам, якія ацэньвалі маё кіраванне і ў прынцыпе пахвалілі. Цяпер проста атрымліваю задавальненне і, напэўна, як кожны, у каго з'явілася першая машына, стараюся ездзіць часцей куды-небудзь: хоць па справах, хоць з мамай у краму.

Фота: onliner.by

— У канцы мая вы збіраліся сустрэцца з дзяўчатамі — выпускніцамі праекта «Міс Беларусь»...

— Убачыцца ўсім, натуральна, не атрымалася — усё ж сабраць 30 чалавек з усіх рэгіёнаў даволі складана. На апошнім званку сустракаліся і адпачывалі разам з дзяўчатамі, якія ўвайшлі ў топ-10, яшчэ плануем 3 ліпеня сабрацца.

— Інтрыга пра тое, ці вольнае ваша сэрца, пратрымалася зусім нядоўга...

— Журналісты раскруцілі на прызнанне, што хлопца ў мяне няма, таму ўвагі з боку супрацьлеглага полу стала вельмі многа. Канешне, гэта прыемна, але пакуль што я з усімі кантактую толькі па-сяброўску.

— Дарэчы, пра сяброў: ці ўсе яны прайшлі выпрабаванне «меднымі трубамі» і здолелі шчыра парадавацца за вашу перамогу?

— Усе, каго я лічыла блізкімі сябрамі, такімі і засталіся, пацвердзілі шчырасць нашых адносін, і гэта вельмі важна для мяне. Што да эмоцый малазнаёмых людзей, то нейкі негатыў ад іх мяне мала хвалюе.

Але ж няма тое хусты, каб завязаць людзям вусны, і новую «Міс Беларусь», як чалавека публічнага, часта абмяркоўваюць у інтэрнэт-прасторы. Самая забаўная чутка, якая ходзіць пра Машу, — як быццам яна дачка аднаго з топ-10 беларускіх бізнесменаў. «Улічваючы, што я з простай сям'і: мама працуе памочнікам выхавальніка ў садку, тата былы вайсковец, цяпер працуе таксістам, — мы толькі пасмяяліся з гэтага «праверанага сведчання», — не крыўдуе дзяўчына на сеціўных плеткароў.

Не для птушачкі

Марыя яшчэ не атрымала грашовы прыз, які складае каля 12 000 беларускіх рублёў, але ўжо займаецца дабрачыннасцю. Так, у Дзень абароны дзяцей яна завезла падарункі ў сталічны дзіцячы дом № 5. «Былі ўласныя накапленні, і я змагла выдаткаваць на гэта пэўную суму, — паціскае плячыма Марыя з такім выглядам, як быццам проста выйшла ў краму па хлеб. — Шчыра кажучы, мела наконт дзетдомаўцаў некаторыя стэрэатыпы і сустрэчы чакала з пэўнай насцярогай: як там дзеці да мяне паставяцца, якія яны наогул — мо і непатрэбны ім мае падарункі? Але атрымала такі шчыры, цёплы прыём, што на ўсе свае страхі забылася: так ужо радасна беглі да мяне абдымацца і маленькія, і старэйшыя дзеці. Хіба зусім дарослыя хлопцы, якім па 17—18 гадоў, сядзелі далёка, паводзілі сябе стрымана і толькі падышлі сфатаграфавацца, а ўсе астатнія відавочна ўсцешыліся... Нават не ведаю, хто больш задавальнення атрымаў: яны ад падарункаў або я ад іх усмешак і радасці».

— На мой погляд, вялікі плюс, што гэта было не шумнае, не пратакольнае мерапрыемства, а ўласная добрая воля...

— Насамрэч многія часта пытаюцца: «Дзе прапісана, што вы павінны займацца дабрачыннасцю?». А хто тут прымусіць, калі гэта павінна ісці ад сэрца? Я і раней займалася дабрачыннасцю — патроху, як магла, а цяпер тытул проста дазволіць рабіць гэта з большым маштабам. І калі ў тым ліку з дапамогай СМІ ўдасца прыцягнуць увагу да канкрэтных людзей і адрасоў, нагадаць кожнаму, што ён можа дапамагчы ў меру сваіх магчымасцяў, хай нават дробяззю, — гэта важна.

Прадбачу пытанне шаноўнай публікі: дык што ўсё ж будзе з грашыма, якія выйграла «Міс Беларусь»? Марыя адказвае шчыра, што не любіць з незабітага ліса футра шыць, таму канкрэтныя планы пабудуе, калі атрымае грошы на рукі: «Выдаткаваць іх можна часткова на дабрачыннасць, часткова на ўласную адукацыю, а яшчэ на падрыхтоўку да «Міс свету», дзе спатрэбяцца розныя ўборы, касметыка, шмат чаго яшчэ... Транжырыць і куціць дакладна не буду, гэта не пра мяне».

Фота: onliner.by

Конкурс «Міс свету» пройдзе ў Кітаі толькі ў снежні, але час мінае хутка і спецыялісты Нацыянальнай школы прыгажосці ўжо распачалі падрыхтоўку. Марыя, са свайго боку, вывучае інфармацыю пра ход шоу, уважліва слухае рэкамендацыі былых удзельніц — напрыклад першай «Міс Беларусь — 1998» Святланы Крук, і ўжо задумваецца, як будзе ўдзельнічаць, напрыклад, у спаборніцтве талентаў:

— Думаю, гэта будуць танцы. Я даволі доўга імі займалася, спрабавала практычна ўсе стылі, ад эстрадных да сучасных, уключаючы хіп-хоп і кантэмпарары дэнс, зрабіла перапынак толькі ў апошнія два гады, але тэхніка засталася, і калі як след падрыхтавацца, з дапамогай прафесіяналаў, мяркую, можна прыдумаць і адрэпеціраваць цікавае выступленне... Наогул, я лічу, да любой справы варта як след падрыхтавацца, каб зразумець, што цябе чакае, а не прыязджаць з карабля на баль.

— Незалежна ад вынікаў конкурсу «Міс свету», куды думаеце рухацца далей: рэкламная сфера або тэлевізійная, мадэльны бізнес ці яшчэ нешта?

— Перш за ўсё хачу скончыць магістратуру, атрымаць поўную вышэйшую адукацыю па сваёй спецыяльнасці «менеджар-эканаміст» і дыплом, які будзе каціравацца ў тым ліку за мяжой. Буду ўдасканальваць англійскую мову, якая дакладна спатрэбіцца і на «Міс свету», і ў працы, і наогул у жыцці. Магчыма, у будучыні таксама паспрабую рэалізаваць даўнюю мару стаць тэлевядучай. Праўда, усе журналісты ў адзін голас кажуць, што для гэтага журфак не патрэбны, а патрэбная прафесійная школа або курсы тэлевізійнага майстэрства, а потым — кастынгі і пошук свайго кірунку.

Пра сваё, дзявочае

— Дзяўчаты не даруюць, калі я пра гэта не спытаю. Цудоўны вонкавы выгляд — гэта добрая генетыка і здаровы лад жыцця альбо ўсё ж дыеты, пэўныя абмежаванні?

— Я не ставіла б генетыку на першае месца, інакш можна псіхалагічна загрузіцца і, калі ў цябе блізкія — мама, бабуля — з лішняй вагой, паставіць на сабе крыж. Лічу, што правільнае харчаванне і спорт у любым выпадку дапамогуць выглядаць лепей — утрымліваць вагу, мець чыстую скуру, быць у тонусе і гэтак далей. Сама я, напэўна, на фоне стрэсу і напружанага конкурснага рэжыму скінула некалькі кіло і пакуль што не вельмі камфортна адчуваю сябе, але спадзяюся неўзабаве вярнуцца ў норму. Не скажу, што для гэтага патрэбна штосьці асаблівае, — як і ўсе, я часам люблю смачна паесці, напрыклад у перыяд доўгіх навагодніх свят. Але на конкурсе нам падабралі правільны, збалансаваны рацыён. І калі першыя два дні было складана, то сёння я ўжо і сама не магу вярнуцца да тлустай ежы або ўжываць мучное — праўда, днямі вось з'ела булачку ва ўніверсітэце, — смяецца Марыя. — Дзяўчаты, калі вы хочаце палепшыць форму, то карэктуйце свой рацыён і паціху, без фанатызму, павялічвайце фізічныя нагрузкі. Трэба перацярпець, прывучыць арганізм да перамен, і вынікі будуць хай і не самыя хуткія, затое трывалыя.

— Што параіце юным беларускам, якія паспрабуюць свае сілы на наступным конкурсе «Міс Беларусь»?

— Не раўняцца на іншых, не прыпадабняцца, верыць у свае сілы і мець унутраны стрыжань. А яшчэ неабходна разумець, што конкурс ужо даўно не толькі пра прыгажосць, але і пра ўнутранае напаўненне, што тытул — гэта не толькі ўзнагарода, але і адказнасць, пэўная місія. І каб быць яе вартай, трэба звярнуць увагу як на дэфіле, так і на чытанне кніг, як на заняткі спортам, так і на інтэлектуальнае самаразвіццё.

Бліц для каралевы

— Якую музыку зробіце гучней?

— Не магу вылучыць аднаго выканаўцу. У машыне заўжды іграе радыё «Рэлакс» — ціхая, спакойная музыка, для трэніровак выбіраю драйвовую, пад настрой слухаю класіку.

— Кніга ці аўтар, да якіх любіце вяртацца?

— «Майстар і Маргарыта». Як і ўсе, прачытала твор у школе, але лічу, што гэта было зарана і «даспела» я пазней. А цяпер штораз, перачытваючы, знаходжу новыя сэнсы. Яшчэ сярод любімых аўтараў Дастаеўскі, а з замежнікаў — Рэмарк, ягоную «Іскру жыцця» я праглынула за суткі.

— Калі актыўны лад жыцця, то...

— Бег. З дзяцінства бегаю па лесе з татам, які не толькі расказаў, што такое марш-кідок на 15 км у поўнай выкладцы, але і прывіў сапраўдную любоў да бегу. І калі раней я даганяла, то цяпер ужо тата вымушаны падцягвацца пад мой тэмп.

— Самае зручнае для вас адзенне...

— Класічнага стылю, жаноцкае: сукенкі, абцасы і г. д. У 18 гадоў я саромелася свайго росту, а потым, працуючы мадэллю, убачыла, што высокія дзяўчаты на абцасах — гэта прыгожа і эфектна.

— Першае, на што звяртаеце ўвагу пры знаёмстве з новым чалавекам?

— Напэўна, на ўсмешку. Я сама ўсмешлівая, і калі чалавек усміхаецца ў адказ, то выклікае большую прыязнасць, чым надта ўжо сур'ёзны суразмоўнік.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ і з архіва гераіні

Загаловак у газеце: «Транжырыць і куціць дакладна не буду»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.

Грамадства

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

 Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з мастаком Аляксандрам Благіем.

Грамадства

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

​Беларускія санаторыі перасталі быць месцам адпачынку пераважна пажылых людзей.

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці