Вы тут

Колькі важыць біямаса планеты


У параўнанні з астатняй масай усяго жывога на Зямлі на чалавецтва прыходзіцца ўсяго нічога. Але нягледзячы на такую «нязначнасць», след, пакінуты чалавецтвам на гэтай планеце, па-сапраўднаму разбуральны для ўсяго астатняга.


Адной з галоўных мэт біялогіі як навукі з'яўляецца разуменне механізмаў функцыянавання біясферы ўвогуле, ва ўсіх яе складаных узаемасувязях, унутраных і вонкавых. Для гэтага важна мець абгрунтаваныя колькасныя ацэнкі масы жывых арганізмаў — як у цэлым, так і па асобных таксонах (групах у класіфікацыі, якія складаюцца з аб'ектаў, што аб'ядноўваюцца на падставе агульных уласцівасцяў і прыкмет). Але, як адзначаюць аўтары артыкула, надрукаванага ў часопісе Рrосееdіngs оf thе Nаtіоnаl Асаdеmу оf Sсіеnсеs, сучасных звестак аб гэтым няма.

У рамках самага ўсебаковага даследавання, накіраванага на колькасную ацэнку масы ўсіх жывых арганізмаў, якія прысутнічаюць на нашай планеце, амерыканскімі і ізраільскімі навукоўцамі было ўстаноўлена, што на долю чалавецтва прыходзіцца ўсяго нейкія 0,01 % усёй біямасы. Але нягледзячы на нашу фізічную нязначнасць у параўнанні з усёй той разнастайнасцю жыцця, якая нас акружае, гісторыя выразна паказвае, хто на самай справе дамінуе на планеце.

«Я спадзяюся, наша праца дасць яснае разуменне таго, якую дамінуючую ролю адыгрывае чалавек для ўсяго жывога на Зямлі, — кажа Рон Міла, біёлаг з ізраільскага Інстытута Вейцмана. — Яна (роля) безумоўна дзіўная і зусім непрапарцыйная нашаму месцу на планеце».

Рону Міла і яго калегам спатрэбілася каля трох гадоў на пошук і аналіз шырокай літаратуры (спіс спасылак у кароткім артыкуле дасягае паўсотні пунктаў), каб выключыць уплыў рознага ўтрымання вады ў розных арганізмах, ацэнку яны праводзілі па колькасці вугляроду, які звязаны тым ці іншым царствам жывога. Па гэтым паказчыку агульная маса ўсёй біясферы Зямлі склала каля 550 Гт (гігатон ці мільярдаў тон).

Нягледзячы на сваю каласальную колькасць (хоць, зразумела, справа ў іх памерах), вірусы складаюць толькі малюсенькую долю гэтай масы — 0,2 Гт. Безумоўнымі ж лідарамі апынуліся расліны з іх масай у 450 Гт (80 % усёй біямасы), прычым у асноўным вага прыпадае на расліны сушы: сухапутныя біяцэнозы наогул адказваюць за 470 Гт звязанага вугляроду. Другое месца адыходзіць бактэрыям, на іх прыпадае каля 70 Гт (15 %), следам ідуць грыбы — 12 Гт, археі — 7 Гт і найпрасцейшыя — 4 Гт.

Дзіўна, але жывёлы набіраюць увогуле ўсяго 2 Гт масы па вугляродзе, пры гэтым палова яе прыпадае на насякомых. Доля чалавецтва — 0,06 Гт — параўнальная з масай усёй групы тэрмітаў, але амаль у 10 разоў большая за агульную масу ўсіх дзікіх млекакормячых на планеце, якая складае каля 0,007 Гт.

А вось маса істот, абавязаных сваёй шматлікасцю чалавеку, нашмат пераўзыходзіць масу чалавецтва: так, свойскія жывёлы — рагатая жывёла, свінні і іншыя — «пераважваюць» усіх дзікіх млекакормячых; маса свойскіх — большая ў 20 разоў за дзікіх. Тая ж гісторыя з птушкамі. На масу раслін мы таксама значна ўплываем: за апошнія 10 тысяч гадоў людзі скарацілі яе ўдвая.

Усе гэтыя лічбы, вядома, цікавыя, але задачай навукоўцаў было не ацаніць масу жывых істот, а знайсці галоўную крыніцу бялкоў на Зямлі. Пакуль яны яе не знайшлі, паўсталі складанасці з ацэнкай масы і складу глебавых мікраарганізмаў. Рон Міла са сваімі калегамі разлічваюць адказаць на сваё пытанне да канца гэтага года.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».