Вы тут

Аршанскі раён знаходзіцца пад пільнай увагай Прэзідэнта


Ужо больш за год Аршанскі раён знаходзіцца пад пільнай увагай Прэзідэнта і ўрада краіны. У пытанні «перазагрузкі» рэгіёна сёння ўдзельнічаюць многія ведамствы і міністэрствы. Прычым праца вядзецца комплексна: абнаўляюць раён на ўсіх узроўнях сацыяльна-эканамічных кірункаў. Чакаецца, што ўвесь эфект працы з рэгіёнам будзе відаць ужо ў 2020 годзе. Першы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Сяргей Пац падрабязна расказаў, што сёння адбываецца ў раёне.


— Сяргей Мікалаевіч, якая работа праведзена ў прамысловым сектары раёна за год і якія тут перспектывы?

— У праграме развіцця раёна мы распрацавалі па кожным прадпрыемстве бізнес-планы, якія ўжо ўхвалены на ўсіх узроўнях. Па некаторых з іх да 2020 года ўключна, па некаторых — на перыяд да 2022 і 2025 гадоў. Хачу падкрэсліць, што да кожнага прадпрыемства мы падыходзім індывідуальна. У нас 33 буйныя і сярэднія прампрадпрыемствы, якія фарміруюць асноўныя аб'ёмы вытворчасці.

Напрыклад, на Аршанскім ільнокамбінаце ў 2017 годзе мы завяршылі другі этап мадэрнізацыі фабрыкі па перапрацоўцы доўгага льновалакна. Зараз да 2020 года запланаваны трэці этап — мадэрнізацыя фабрыкі па перапрацоўцы кароткага валакна. Акрамя таго, мы бачым, што неабходна развіваць швейную фабрыку на базе камбіната.

На нашым інструментальным заводзе, які доўгі час знаходзіўся ў складаным становішчы, сумесна з Міністэрствам прамысловасці мы збіраемся рэалізаваць праект па мадэрнізацыі. Акрамя таго, на інструментальным заводзе мы зараз займаемся пытаннямі па стварэнні дрэваапрацоўчых інструментаў. А гэтая ніша ў нас цяпер практычна нікім не занятая.

На заводзе «Легмаш» таксама запланаваны шэраг інвестыцыйных праектаў. На яго плошчы ў 2019 годзе пачне працаваць новая вытворчасць бясшвовых стальных балонаў. Мы плануем стварыць там больш за 40 рабочых месцаў. З чэрвеня ўжо павінны прыступіць да будаўніча-мантажных работ.

Таксама па нашым малочным камбінаце мы праводзім падрыхтоўчую работу і сёлета збіраемся рэалізаваць праект з удзелам кампаніі «Савушкін прадукт». Цяпер для нашага партнёра мы выбудоўваем лагістыку з улікам іх экспартных патрэб. Чакаецца, што праект будзе рэалізаваны да канца 2019 года.

— У раёне вядзецца работа над асаблівай эканамічнай зонай «Брэміна-Орша», якую многія сёння параўноўваюць з беларуска-кітайскім паркам «Вялікі камень». Вядома, што ёй цікавяцца нашы індыйскія партнёры. Раскажыце, на якім этапе гэты праект?

— Так, з 2015 года ў нас рэалізуецца праект у рамках указа Прэзідэнта аб стварэнні мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу «Брэміна-Орша». Летась мы пачалі будаўніча-мантажныя работы і да канца 2018-га ўвядзём яго першую чаргу. У цэлым жа развіццё лагістыкі ў нас запланавана ўключна па 2023 год. Зараз на тэрыторыі будучага лагістычнага цэнтра вядзецца работа па ўзвядзенні складскіх памяшканняў. Знаходзіцца ён у раёне гарадскога пасёлка Балбасава, што пад Оршай.

Мы разумеем, што на сваёй тэрыторыі павінны задзейнічаць усе магчымыя віды транспарту: авіяцыю, чыгунку і аўтамабільныя дарогі. Так, мы ўжо пачалі будаўніцтва дарогі — каля 13 км ад трасы М1 да лагістычнага комплексу. Да канца 2019 года мы яе завершым. Чыгунку таксама падвядзём бліжэй да лагістычнага цэнтра, што будзе нескладана, бо яна зараз праходзіць даволі блізка ад яго. Узлётна-пасадачная паласа аэрадрома «Балбасава» зараз знаходзіцца ў рабочым стане. Аднак мы правядзём яе мадэрнізацыю, каб можна было зручна прымаць грузы.

У перспектыве плануем стварыць на тэрыторыі лагістычнага цэнтра буйны аптовы рынак, накшталт знакамітага «Чаркізаўскага».

Тут таксама будзе функцыянаваць адмысловая эканамічная зона, якая будзе падобная на тую, што зрабілі ў сумесным Беларуска-кітайскім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Пры гэтым у «Брэміна-Орша» першапачаткова мы будзем арыентавацца на запрашэнне індыйскіх кампаній. Шэраг індыйскіх прадпрыемстваў ужо зацікаўлены ва ўваходжанні ў склад прамысловага парка. Мы разлічваем у першую чаргу на прыход высокатэхналагічнага бізнесу.

— Як ідуць справы з падтрымкай малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Аршанскім раёне?

— У нас ёсць некалькі напрамкаў падтрымкі малога бізнесу. Напрыклад, сёння працуе Аршанскі філіял інкубатара малога прадпрымальніцтва. Працуючы ў рамках бізнес-інкубатара прадпрымальнікі могуць атрымліваць плошчу з магчымасцю не плаціць за яе арэнду на працягу трох гадоў. Таксама там арганізоўваюць адукацыйныя трэнінгі, семінары. Парог уваходу досыць просты: прыйсці можа любы ахвотны.

У найбліжэйшы час будзе створаны яшчэ адзін інкубатар у горадзе-спадарожніку Барані на плошчах прадпрыемства «Тэхніка сувязі», які дасць магчымасць адкрыць свой бізнес усім ініцыятыўным маладым людзям. Мы вызначыліся па развіцці гэтага напрамку і цяпер паэтапна будзем яго рэалізоўваць.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Другое дыханне Аршаншчыны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?