Вы тут

У Вілейцы адкрыта экспазіцыя, прысвечаная Тадэвушу Касцюшку


На гэтых выхадных у Вілейцы адкрылася адметная творчая майстэрня калекцыянера, гісторыка Уладзіміра Ліхадзедава. Насамрэч слова «майстэрня» ў гэтай сітуацыі падаецца перамяншэннем — бо па сутнасці мы пабачылі вялікі прыватны музей. Ці ёсць аналагі яму ў нашай краіне, прыгадаць пакуль складана. Першы паверх цалкам займае выстаўка друкарскага абсталявання XVІ—XX стагоддзяў. А вось другі паверх прадстаўляе наведвальнікам жыццё і дзейнасць нашага славутага земляка Тадэвуша Касцюшкі, пра яго мы і хочам расказаць чытачам «Звязды».


«Усе экспанаты, прысвечаныя Касцюшку, не змясціліся тут — яны маглі б заняць два паверхі памяшкання. Таму я выбраў тое, што палічыў неабходным, — кажа Уладзімір Ліхадзедаў. — У ілюстраваным выглядзе паказаны ўвесь жыццёвы шлях Тадэвуша Касцюшкі і ўвекавечана яго памяць. Мной сабрана вялікая калекцыя паштовак, і ўсе прадстаўленыя тут з'яўляюцца арыгінальнымі. Ёсць паштоўкі, прысвечаныя тым мясцінам, дзе нарадзіўся славуты палкаводзец, і мясцінам яго вучобы — у Любяшове, у Брэсце, у Варшаве, у Парыжы. На паштоўках адлюстраваны помнікі, пастаўленыя ў гонар Касцюшкі. У іншым пакоі сабрана падборка прэсы, якая пісала пра яго, — аб'ём адшуканых публікацый уражвае. Пакояў, што прадстаўляюць нашага славутага земляка, некалькі».

Уладзімір Ліхадзедаў кажа, што ўдалося адшукаць некалькі рэчаў, якія датычацца Касцюшкі, якімі сапраўды можна ганарыцца. Гэта памятны гадзіннік з яго бюстам, з унікальнай чаканкай 1875 года. Таксама вельмі цікавымі ўяўляюцца два кававыя кубачкі, набытыя ў Кракаве ў вядомага калекцыянера. Апошні сцвярджае, што яны з дома, у якім Тадэвуш жыў у Кракаве, — таму вялікая верагоднасць, што і сам палкаводзец да іх дакранаўся.

— Вельмі рады за Уладзіміра Ліхадзедава, што вянцом яго калекцыйнай працы стала такая выстаўка. Я быў у гэтым будынку некалькі гадоў таму, бачыў суцэльную разруху і, калі шчыра, нават не ўяўляў, што з таго, што было, атрымаецца стварыць такі цудоўны экспазіцыйны дом, — заўважыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім РЫЖАНКОЎ, які прысутнічаў на адкрыцці. — Важна, што Уладзімір Ліхадзедаў вяртае нашай краіне імёны яе сыноў, пэўныя невядомыя выявы, якія захаваліся толькі на паштоўках. І ўсяму гэтаму надае вельмі простую, даступную форму дэманстрацыі — кнігі, паштоўкі, цэлыя экспазіцыі. Ліхадзедаў часта ўдзельнічае ў розных выстаўках, кірмашах, дзе прадстаўляе нашу беларускую зямлю, расказвае і дэманструе звесткі пра яе сыноў. Гэта з'яўляецца сапраўдным патрыятызмам.

Другая частка экспазіцыі пра Тадэвуша Касцюшку прадстаўлена адноўленым пакоем — дакладна такім жа, у якім Касцюшка жыў у Філадэльфіі. Усё ў ім адпавядае арыгіналу: нават спецыяльна аднаўляліся шпалеры — спачатку іх перамалёўваў мастак, а пасля, па спецыяльнай замове, яны былі надрукаваныя на фабрыцы. Сваімі сіламі была адноўлена карта XVІ стагоддзя. З Англіі прывезлі і адрэстаўравалі крэслы. Сабраны пісьмовыя прылады часоў Касцюшкі. Побач месціцца зграбны шахматны столік. Тут адноўлены ўмывальнік і посуд, падобным карыстаўся Касцюшка. Удалося адшукаць ложак і посцілку даўніх часоў.

Адрозненне пакоя ў самой Філадэльфіі ў тым, што ўнутр там зазвычай не заходзяць — зрэзана частка сцяны, яна закрыта шклом — наведвальнікі зазіраюць унутр менавіта праз яго. А ў пакоі ў Вілейцы ўсё-такі зроблены дзверы, яны знаходзяцца на месцы каміна.

Міністр інфармацыі Алесь КАРЛЮКЕВІЧ, які таксама прысутнічаў на адкрыцці, адзначыў:

— Праект «У пошуках страчанага» пачынаўся амаль 15 гадоў таму на старонках «Советской Белоруссии». Дарэчы, не памятаю ніводнай газетнай рубрыкі (акрамя такіх як «Надзённа», «Актуальна»), якая праіснавала б так доўга! Гэтыя публікацыі ішлі таксама на старонках газеты «Голас Радзімы», у часопісе «Беларусь» на пяці мовах. У гэтым праекце пачалі выходзіць і кнігі. А ўсё разам знайшло ўвасабленне ў выглядзе гэтай творчай майстэрні... Існуе такое вымярэнне як нацыянальны здабытак. Мне здаецца, у дачыненні да гэтай мясціны і самой ініцыятывы, якая, я ўпэўнены, будзе пашырацца, набываць новыя фарматы, можна ўжыць такі тэрмін — «нацыянальны здабытак». Сам Уладзімір Ліхадзедаў — адметны чалавек, ён з'яўляецца рухавіком многіх ідэй і спраў. Ён можа разварушыць астатніх, не даць ім спакою. Такіх асоб, багатых на ідэі, безумоўна, мала ў жыцці.

У творчай майстэрні Уладзіміра Ліхадзедава сапраўды ёсць што паглядзець. Аднак маецца ўсяго адно «але». Любы ахвотны трапіць унутр пакуль не зможа. Гісторык адзначае, што для таго, каб яго майстэрня запрацавала як паўнавартасны музей, патрэбна дзяржаўна-прыватнае партнёрства: аформіць уваходныя квіткі, мець магчымасць да кожнага пакоя прыставіць музейнага супрацоўніка. Пакуль жа зрабіць нейкія крокі наперад у гэтай справе ці дасягнуць папярэдніх дамоўленасцяў з вілейскімі ўладамі не ўдалося.

— Запрашаю ўсіх ахвотных далучацца і дапамагаць фонду «У пошуках страчанага». Бо далей аднаму такую справу мне не пацягнуць. На цяперашні момант я знаходжуся ў пэўным тупіку, — кажа Уладзімір Ліхадзедаў. — Побач маецца яшчэ два будынкі, якія мы пачалі крыху аднаўляць, аднак у сілу некаторых прычын, у тым ліку не атрыманага пакуль дазволу, не можам працягваць гэтым займацца. Аднак хацелася б стварыць у Вілейцы цэлы культурны гістарычна-асветніцкі комплекс, аналагаў якому ў краіне дакладна няма. Зацікаўленыя могуць далучацца да працы — і, безумоўна, штосьці карыснае за гэта атрымаюць... Дарэчы, хачу падзякаваць Міністэрству інфармацыі, газеце «СБ. Беларусь сегодня» і Выдавецкаму дому «Звязда», якія вельмі падтрымліваюць мяне ў папулярызацыі даследаванняў.

Варта адзначыць, што на другім паверсе абсталяваны таксама і «Пакой пісьменніка» — там сабраны рарытэты сярэдзіны XX стагоддзя. На пытанне, чаму менавіта «пакой пісьменніка», Ліхадзедаў адказвае, «бо я сам пісьменнік!». Цяпер вядзецца работа над адкрыццём пакоя, прысвечанага Адаму Міцкевічу.

Будзем вельмі спадзявацца, што цікавінкі творчай майстэрні Уладзіміра Ліхадзедава чытачы «Звязды» ў хуткім часе змогуць убачыць на свае вочы — не толькі ў якасці фотаздымкаў, надрукаваных у газеце і размешчаных на сайце.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Прадстаўляючы Беларусь

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».