Вы тут

Якія бытавыя паслугі развіваюцца ў вёсцы


Амаль кожная сёмая арганізацыя бытавога абслугоўвання працуе ў сельскай мясцовасці. Ці дастаткова гэтага? Што прапануюць вяскоўцам? І ці могуць жыхары аддаленых населеных пунктаў разлічваць на прыезд цырульніка і пральні?

За мінулы год аб'ём бытавых паслуг на Міншчыне вырас на 6,5 %. Перш за ўсё на вёсцы развіваліся СТА, паслугі чысткі падушак і коўдраў, рамонт адзення, выраб штор і пакрывалаў. Апошнім часам істотна павялічыўся попыт на мыццё дываноў.


— У кожным раённым доме быту ёсць дыспетчарскія пункты. Па кароткім нумары 167 можна пазваніць з любога населенага пункта і заказаць паслугу. За мінулы год такіх зваротаў паступіла больш за пяць тысяч. Сёлета — ужо 1300. У асноўным прасілі адрамантаваць складаную бытавую тэхніку, добраўпарадкаваць месцы пахаванняў, вырабіць і ўстанавіць агароджы, узараць прысядзібныя ўчасткі, пашыць адзенне, — расказвае начальнік упраўлення бытавога абслугоўвання Мінскай вобласці Лілія ПУЛКО.

Яна дадае, што развіваюцца тыя паслугі, якія запатрабаваны. Важна, каб дзейнасць была рэнтабельнай. З цікавага — нядаўна ў Нясвіжскім раёне адкрыўся вакуумна-ролікавы масаж для карэкцыі фігуры.

Канкрэтным прыкладам работы з насельніцтвам падзялілася дырэктар Салігорскага раённага камбіната бытавога абслугоўвання Марыя ЖЫЛІЧ:

— У нас адкрыты наступныя падраздзяленні: чатыры майстэрні па рамонце абутку і чатыры — па пашыве адзення, тры цырульні, чатыры фотаатэлье, адзін пункт пракату, пяць салонаў рытуальных паслуг, пральні і сучасная хімчыстка. Апошняя аказвае шмат паслуг: афарбоўка, чыстка дублёнак, скуры, замшы, велюру, пуха-пер'евых вырабаў. Працуем над вывучэннем новых тэхналогій і іх укараненнем.

Са 157 бытавых паслуг, якія ёсць у рэестры, салігорскі камбінат аказвае 41. Штогод стараюцца пашыраць гэты пералік. Летась, напрыклад, абсталявалі дзіцячую залу цырульні, асвоілі перманентны макіяж, прапанавалі пашыў пасцельнай бялізны для дзяцей. На будучыню хочуць аднавіць у Доме быту ламбард (раней ён прыносіў нядрэнную выручку) і адкрыць участак па пашыве вырабаў з футра.

— Практычна ўся сетка аб'ектаў бытавога абслугоўвання ў сельскай мясцовасці захавана, — адзначае Марыя Жыліч. — Хачу сказаць, што нашаму прадпрыемству яна была перададзена ў разбураным стане. Мы аднаўлялі яе практычна з нуля за ўласныя сродкі. Пабудавалі пяць комплексных прыёмных пунктаў, шэсць — капітальна адрамантавалі. На сёння ўся сетка прыведзена ў нармальны выгляд.

За студзень — май у краіне было адкрыта 911 новых аб'ектаў, якія аказваюць бытавыя паслугі, 43 працэнты з якіх — у раённых цэнтрах і сельскай мясцовасці. Больш за ўсё аб'ектаў на вёсцы з'явілася ў Гродзенскай і Мінскай абласцях. Каб забяспечыць сацыяльны стандарт у аддаленых пунктах, ёсць выязное абслугоўванне па графіку ці заяўцы.

Начальнік упраўлення сацыяльнай сферы і паслуг Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Валяр'ян БЯСПАЛЫ спадзяецца, што ў галіну прыйдзе працаваць больш прыватнікаў. Ён нагадаў, што заканадаўствам былі ўведзены пэўныя паслабленні. Так, Дэкрэт № 7 прадугледжвае кардынальнае змяненне механізма ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і бізнесу. Дакумент мінімізуе ўмяшанне службовых асоб у работу суб'ектаў гаспадарання, узмацняе механізмы самарэгулявання бізнесу. Уведзены паведамляльны парадак здзяйснення распаўсюджаных відаў эканамічнай дзейнасці, у ліку якіх і аказанне бытавых паслуг.

— Для старту дастаткова падаць адзінае паведамленне, і на наступны дзень можна займацца заяўленай дзейнасцю. Па інфармацыі аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама па стане на 1 чэрвеня ў рамках рэалізацыі нормаў Дэкрэта № 7 пададзена 1891 паведамленне аб пачатку аказання бытавых паслуг. Гэтым прынцыпам скарысталіся 160 суб'ектаў гаспадарання, — канстатуе Валяр'ян Бяспалы.

Указ № 345, які дзейнічае да канца 2022 года, дае магчымасць устанаўліваць на асобных тэрыторыях асаблівы рэжым падаткаабкладання. Індывідуальным прадпрымальнікам даецца права плаціць падатак на прыбытак у памеры шасці працэнтаў ці адзіны падатак у памеры адной базавай велічыні. Спісы населеных пунктаў, дзе прымяняюцца спрошчаныя ўмовы, зацверджаны рашэннямі абласных Саветаў дэпутатаў. У іх уключана каля 15 тысяч сельскіх населеных пунктаў па краіне, якія ахопліваюць больш за мільён чалавек (ці 20 працэнтаў вясковага насельніцтва), а таксама 66 малых гарадскіх паселішчаў. На гэтай тэрыторыі прадугледжана таксама вызваленне ад падатку на дабаўленую вартасць, на нерухомасць, ад зямельнага падатку і арэнднай платы за зямельны ўчастак, які знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці.


У сельскай мясцовасці сярод аб'ектаў бытавых паслуг пераважаюць цырульні (10,8 % ад агульнай колькасці), пункты пракату (9,6 %), майстэрні па рамонце і пашыве адзення і тэкстыльных вырабаў (9,4 %), пральні (8,2 %), майстэрні па рамонце і пашыве абутку і вырабаў са скуры (8,1 %).

Калі глядзець па рэгіёнах, то карцінка можа адрознівацца. Так, у Мінскай вобласці з бытавых паслуг найбольш развіваецца тэхнічнае абслугоўванне і рамонт транспарту (36,4 %). Папулярныя таксама цырульні (10,7 %) і рамонт і вытворчасць мэблі (7,6 %).

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Хімчыстка і... масаж для пахудзення

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».