21 Верасень, пятніца

Вы тут

Як атрымаць добры ўраджай агуркоў


Каб атрымаць добры ўраджай агуркоў, трэба прыкласці трохі клопату і ведаць некаторыя асаблівасці вырошчвання.


Пустыя клопаты

Адна з бед на агурочных градах — пустацвет. Калі расліна фарміруе першы-другі сапраўдны ліст, адбываюцца закладка і фарміраванне будучай кветкі. Якой яна будзе — мужчынскай або жаночай — шмат у чым залежыць ад знешніх умоў.

Агуркі пытанне палавой прыналежнасці («хлопчык» або «дзяўчынка») вырашаюць не як людзі: раз і назаўжды. У раслін ёсць час для роздуму: яны прыглядаюцца да ўмоў пражывання і вырашаюць, колькі і якіх кветак павінна быць. Калі ўмовы камфортныя, то гародніна песціцца і забывае пра плады, а калі жорсткія і экстрэмальныя, то стараецца як мага хутчэй даць кветку і плод з насеннем. Фактараў, якія стымулююць утварэнне жаночых кветак, шмат: кароткі дзень, нізкія начныя тэмпературы, павышаны ўзровень азоту ў глебе, празмернасць вуглякіслага і чаднага газаў.

Калі ў пачатку вегетацыі сыра, суха або цесна, то ў раслін пачынаецца магутны рост плецяў і ўтварэнне мужчынскіх кветак, якія ў народзе і называюць пустацвет. Некаторыя агароднікі абрываюць іх. Гэтага ні ў якім разе рабіць нельга, бо «мужчыны» патрэбны для апылення.

Калі з'явіўся пустацвет, паспрабуйце не паліваць агуркі некалькі дзён запар, а толькі апырскваць зверху вадой. Павялічвае «жаночы род» праграванне (да плюс 50—60 градусаў) насення перад сяўбой і прышчыпванне канчукоў над пятым-шостым лістом.

Калі агуркі высаджаны ў цяпліцы, правядзіце невялікі эксперымент: пастаўце ў цяпліцу бочку з гнаявой жыжкай. Пладоў стане нашмат больш! Можна пакласці ў цяпліцу і некалькі галавешак, якія тлеюць. Пасля такой чаднай апрацоўкі колькасць «дзяўчынак» прыкметна ўзрасце.

Нізкі паклон

Капрызны агурок і ў харчаванні. Спачатку пакуль расце і набіраецца сіл, ён актыўна «налягае» на фосфар. А як толькі пачнуць завязвацца першыя плады, тут жа патрабуе пабольш азоту і калію. Але не захапляйцеся азотнымі падкормкамі, не збірайце нітраты ва ўраджаі.

З'явіўся першы сапраўдны ліст — прыступайце да падкормкі. Агурок, як і ўсе гарбузовыя, добра адклікаецца на ўнясенне арганікі. І лепш за ўсё ўгнойваць яго настоем каравяку (1:10) або птушынага памёту (1:25). Паколькі расліна дрэнна пераносіць высокую канцэнтрацыю ўгнаенняў, то падкормліваць лепш часцей (кожныя два тыдні), але меншымі дозамі. Расліна пачала пладаносіць? Смела павялічвайце дозу ўдвая. Некаторыя агароднікі кожныя 15 дзён апрацоўваюць расліны кіслым малаком або растворам аскарбінавай кіслаты (1 таблетка на 5 л вады).

Калі на лісці з'явіліся апёкі, ведайце: перавышаная канцэнтрацыя ўгнаення. А таму не лянуецеся пасля кожнай падкормкі паліваць расліны вадой з палівачкі, каб змыць раствор, які выпадкова трапіў на агурочнік.

Любое харчаванне павінна быць «па патрабаванні». Як толькі з'явяцца першыя агурочкі, звярніце ўвагу на іх афарбоўку, форму пладоў, колер лісця. Калі плады светла-зялёныя з завостранай верхавінай — ім патрэбен азот. Калі пашыраны да верху і звужаныя да пладаножкі або сагнуліся кручком — не хапае калію. Калі лістота цёмна-зялёная з сінню — у дэфіцыце фосфар.

Даведка: з-за недахопу харчавання агуркі растуць выродлівымі. Калі па форме яны падобныя на грушу — у дэфіцыце калій, на моркву — азот.

Лягчэй за пух

У шчыльнай глебе агуркі растуць вельмі цяжка. Таму так важна даць іх караням дастатковы запас паветра. Для гэтага шматлікія агароднікі ўскопваюць градку не раз, а два. Пры такім падвойным ускопванні агуркі атрымліваюць «пуховую» пярыну, а карані — двайны запас глебавага паветра. Паверце, выдаткаваныя сілы і час з лішкам акупяцца ўраджаем.

Вяртаць агуркі на ранейшае месца пасеву можна не раней чым праз пяць гадоў, інакш павялічваецца небяспека хвароб. Калі такой магчымасці няма, то трэба хоць бы аздаравіць глебу, пасеяўшы авёс. Каранёвыя выдзяленні аўса пагібельна дзейнічаюць на шэраг глебавых патагенаў. Рана вясной на 1 кв. м высейце 30—40 г аўса і, калі ўсходы дасягнуць вышыні 15—20 см, градку, прызначаную пад агуркі, перакапайце, заладзіўшы парасткі аўса ў глебу. Калі хочаце вясной агуркі пасеяць раней, пасейце авёс адразу пасля ўборкі агурочных плецяў.

Усё бялюткае

Калі гарачае сухое надвор'е змяняецца на халаднаватае — на раслінах з'яўляецца белы налёт. Адразу ж апрацуйце агурочнік настоем меднага купарвасу (1 ч. л на 10 л вады), кальцыніраванай соды (20 г на 10 л вады) або марганцоўкі (3 г на 10 л вады). Калі дажджы былі зацяжныя, абавязкова апырскайце агуркі цёплай чыстай вадой з марганцоўкай.

Загаловак у газеце: Уся праўда пра агуркі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!