Вы тут

У Карэліцкім раёне адбыліся начныя прыгоды з Баламутнем


Яны здарыліся на выхадных у аграгарадку Краснае непадалёк ад Карэліч. Туды ў водпуск прыехаў міфалагічны беларускі вадзяны цар — халасцяк-гарэза Баламуцень, каб адпачыць ды пажартаваць з мясцовымі. А тыя не разгубіліся і не толькі як след прынялі дарагога госця, а і паказалі, якія яны рыбаловы, спартсмены і проста жвавыя ды ахвотныя да вяселля людзі.


У Карэліцкім раёне шмат прыгожых азёраў, таму не дзіва, што адно з іх выбраў для адпачынку Баламуцень. Ды толькі не ведаў, што ваду ў ім зачаравала пачвара, бо надта часта людзі па яго берагах гуляюць, ім з лесуном жыць замінаюць. Толькі пакупаўся Баламуцень — выраслі ў яго рогі. Загараваў жартаўнік. Як на вочы жанчынам паказацца, да якіх ён вялікі ахвотнік, як іх зачароўваць? Лясун яго грыбамі карміў — не дапамагло. Разважалі нават, ці не спілаваць іх, ды ў пару адумаліся. Нарэшце верныя русалкі ўгаварылі-такі пачвару пазбавіць Баламутня рагоў.

Гэтую вясёлую і яркую тэатралізаваную пастаноўку для гасцей падрыхтавалі супрацоўнікі мясцовага аддзела культуры.

— Такое свята мы арганізавалі сёлета ўпершыню. Вельмі хацелася не проста дзень рыбака адзначыць, а знайсці нешта сваё, адметнае. Кажуць, у нашым возеры Баламутня бачылі, вось мы яго да сябе і запрасілі, — смяецца Алеся СТРУК, загадчыца аддзела культуры і вольнага часу «Красненскі дом культуры». — Калі гледачам спадабаецца, то працягнем такое рабіць штогод, будзем удасканальваць творчую частку, дадаваць тэатральнасці і відовішчнасці.

Пасля міні-спектакля Баламуцень адправіўся шукаць сабе дзяўчыну, якую, кажуць, ён назаўжды не забірае, а праз нейкі час адпускае назад, да людзей. Затое яна ўжо ніколі ў жыцці не патоне. Асаблівым попытам карысталіся ў цара тыя, хто вытрымаў неабавязковы, але пажаданы дрэс-код свята і прыйшоў у чырвоным.

Госці спачатку добра патанчылі на канцэрце, што давалі артысты з Іўеўскага дома культуры, а пасля скіраваліся шукаць заняткі па інтарэсах.

Вось у «Рэстаране на кручку» з'явіліся першыя наведвальнікі, мясцовыя жыхары Анатоль і Мікалай, якія, пачаставаўшыся сушанай рыбай ды квасам за сімвалічную плату (рубель), задаволена казалі: «О, каб такое кожны дзень — добра б было». А работнікі культуры ў цяльняшках частавалі юшкай і смажанай на мангале рыбай. Смаката! Сама каштавала.

Ну, а як жа пасля хлеба і відовішчаў не паказаць сябе, не паспаборнічаць? Мясцовыя рыбакі праявілі спрыт, ловячы рыбу з басейна голымі рукамі. Пасля яны сышліся ў кулінарным паядынку, на хуткасць чысцілі рыбу ды гатавалі яе на мангале. Затым надышоў час спартыўнага майстэрства: перацягвання каната ды ўздымання гір.

Самым маленькім таксама было чым заняцца, таму на свята некаторыя прыходзілі не проста ўсёй сям'ёй, а трыма пакаленнямі:

— Прыехаў на выхадныя дадому да бацькоў, як заўжды, а мама кажа, што ў нас свята такое. Узяў яе з татам, жонку з сынам і прыйшлі. Не пашкадавалі. Надвор'е цудоўнае, і забаў на любы густ. Хто танцуе, хто на батуце скача, хто юшку сёрбае, і ўсе задаволеныя, — разважае Андрэй НАПОРКА, мясцовы жыхар у дзяцінстве, а цяпер выкладчык Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта.

Адпачынак ды гульні цягнуліся ледзьве не дацямна. А тыя, у каго засталіся сілы, скакалі да гадзіны ночы на начной дыскатэцы.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».