Вы тут

Прафілактыка і дапамога падчас харчовых атручванняў


Атручванні, якія ў спякотнае надвор'е здараюцца часцей, чым у іншую пару года, узнікаюць праз няякасныя прадукты з тэрмінам прыдатнасці, які сышоў, або праз ежу, якая захоўвалася ў неспрыяльных умовах ці гатавалася з парушэннямі санітарных правілаў. Як не сапсаваць сабе летні настрой і адпачынак? Успомнім прычыны атручвання і першую дапамогу пры гэтай немачы.


Харчовае атручванне — гэта вострае захворванне, якое звычайна суправаджаецца расстройствам стрававання. Яго прычынай становіцца пападанне ў арганізм разам з прадуктамі розных мікраарганізмаў, часцей за ўсё бактэрый. Таксама атручванні нярэдка выклікаюць ядавітыя грыбы і расліны, сабраныя і ўжытыя праз неасцярожнасць ці няведанне.

Праверце сябе

Першыя прыкметы атручвання могуць праявіцца праз паўгадзіны пасля ўжывання няякасных прадуктаў, але часцей за ўсё — праз чатыры-шэсць гадзін, а часам — праз суткі. Тыповыя сімптомы — панос, шматразовая рвота, моцная млоснасць. Таксама вы адчуеце слабасць, галавакружэнне, павышэнне тэмпературы, дрыжыкі, болевыя спазмы ў страўніку.

Майце на ўвазе

Часцей за ўсё атручванне выклікаюць малочныя і кісламалочныя прадукты, торты ці пірожныя з крэмам, глазураваныя сыркі, мяккі сыр, вараная каўбаса, паштэт, яйкі, хатні маянэз, салаты, запраўленыя маянэзам ці смятанай, памідоры і таматны сок.

Першая дапамога

З першымі прыкметамі харчовага атручвання трэба прамыць хвораму страўнік. Для гэтага можна выкарыстоўваць слабы (бледна-ружовы) раствор марганцоўкі, які варта працадзіць праз папяровы фільтр або чатырохслойную марлю. Таксама падыдзе раствор харчовай соды (1 чайная лыжка на 1 літр кіпячонай, але не гарачай вады) ці паваранай солі (2 сталовыя лыжкі «без горкі» на 5 літраў вады). Раствор для прамывання трэба прыгатаваць загадзя, а патрабуецца яго каля 8—10 літраў. Ён абавязкова павінен быць цёплым, каб не дапусціць пераахалоджання арганізма, а таксама не замарудзіць перыстальтыку кішэчніка, што тармозіць прасоўванне таксічных рэчываў.

Варта забяспечыць хвораму спакой, калі яго калоціць, захутаць у цёплую коўдру. У першыя суткі лепш устрымлівацца ад ежы. На другі дзень можна прыступаць да булёну, працёртых супоў з гародніны і рысу, паступова меню можна пашыраць. Да поўнага выздараўлення варта пазбягаць марынаваных, вострых, салёных і вэнджаных прадуктаў, якія раздражняюць слізістую страўніка. Піць рэкамендуецца кіпячоную ваду, нямоцны салодкі чай, ягадныя морс і кісялі. А вось газіраваныя напоі катэгарычна забаронены.

Прафілактыка

Найлепшая прафілактыка харчовых атручванняў — прытрымлівацца правілаў гігіены падчас прыгатавання ежы, правільна захоўваць прадукты і праяўляць элементарную пільнасць. Звяртайце ўвагу на колер, пах і смак ежы. Гніласны пах, кіславаты смак, пашчыпванне на языку павінны насцярожыць. Прыкметай таго, што прадукт сапсаваны, можа быць і змяненне яго кансістэнцыі, з'яўленне на паверхні слізі.

Без шкадавання адпраўляйце ў сметніцу прадукты, якія пакрыліся цвіллю, сапсаваную садавіну і гародніну, нават калі згніў толькі бачок. Гэтак жа паступайце з уздутымі кансервавымі слоікамі і пакетамі з сокам ці кісламалочнымі прадуктамі. Слоік, закручаны жалезнай крышкай, павінен адкрывацца з характэрным гукам, які сведчыць пра тое, што яна была закаркавана герметычна. Калі яго не было, кансервы ўжываць не варта.

Падчас пакупкі абавязкова правярайце дату вытворчасці і тэрмін прыдатнасці прадуктаў, а таксама цэласнасць упакоўкі.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Калі з'елі нешта не тое...

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.