Вы тут

Ціск, мігрэнь ці стрэс? Чаму баліць галава


Хоць раз у жыцці кожны з нас пакутаваў ад галаўнога болю, і часта, спісваючы яго на стомленасць, мы нават і думкі не дапускаем, каб пайсці да ўрача. Тым часам гэты боль можа мець больш за дзясятак прычын — ад больш-менш бясшкодных да тых, што пагражаюць жыццю і патрабуюць неадкладнага ўмяшання медыкаў. Аб прычынах галаўнога болю мы пагутарылі з урачом-неўролагам 11-й гарадской паліклінікі г. Мінска Зояй КУРС.


— Зоя Анатолеўна, галаўны боль — гэта заўсёды паталогія?

— Ёсць такое захворванне, як галаўны боль напружання (ГБН). Ён звязаны з дысфункцыяй перыкраніяльных мышцаў. Дык вось гэты боль не мае структурна-арганічнай паталогіі. Зараз ГБН шырока распаўсюджаны, асабліва сярод людзей, якія займаюцца разумовай працай і вядуць маларухомы лад жыцця. Гэты боль мае двухбаковы характар, ён дыфузны (рассеяны). Хворыя апісваюць, быццам бы ён сціскае галаву абручом, шлемам ці шапачкай. Боль звычайна ўзмацняецца ў канцы дня, часам пасля стрэсавых сітуацый. І тут эфектыўныя не толькі супрацьзапаленчыя прэпараты — ацыклафенак, кетанал, дыклафенак, дадаткова прызначаюцца міярэлаксанты — лекавыя сродкі, якія зніжаюць тонус мускулатуры. У спалучэнні з прэпаратамі добра дапамагае масаж шыйнага аддзела пазваночніка, а таксама фізіялячэнне, у прыватнасці, дарсенваль.

Але перад тым, як прымаць той ці іншы прэпарат, важна пабываць ва ўрача і прайсці абследаванне. Бо адрозніць галаўны боль напружання ад, скажам, мігрэні не заўсёды можна без дапамогі спецыяліста.

— Чым яны, дарэчы, адрозніваюцца?

— Мігрэнь — пераважна жаночая праблема, хоць часам сустракаецца і ў мужчын. Тут галаўны боль, у адрозненні ад ГБН, іншага характару — прыступападобны. Прычым баліць палова галавы, правая ці левая. Мігрэнь развіваецца ў некалькі стадый: спачатку сасуды расшыраюцца-звужаюцца, утвараецца ацёк, а затым наступае адваротны працэс. Гэта захворванне, як правіла, спадчыннае. Прычыны мігрэні звязаны як са стрэсавымі сітуацыямі, так і з гарманальным фонам. У апошнім выпадку боль часта пачынаецца ў дзяўчынкі разам з менструальным цыклам і заціхае, як правіла, у клімактэрычны перыяд, калі ўзровень гармонаў зніжаецца. Мігрэнь можа справакаваць і харчаванне, у прыватнасці, такія прадукты, як чырвонае віно, сыр, шакалад. Улічваючы, што захворванне стадыйнае, яно можа працякаць па-рознаму. Папярэднічаць могуць, у прыватнасці, светаўспышкі, адчуванні пахаў, але тут усё вельмі індывідуальна. Дарэчы, мігрэнь нават уваходзіла ў пералік захворванняў, якія маюць супрацьпаказанні для кіравання аўтамабілем, бо па механізме ўтварэння яна блізкая да эпілепсіі. Таксама ўзнікае ачаг узбуджэння, у яго ўцягваюцца структуры мозга, але ў адрозненне ад эпілепсіі тут іншыя наступствы.

Падчас мігрэні — адразу як толькі пацыент адчувае, што з'яўляецца галаўны боль — неабходна прыняць эфектыўны для яго абязбольвальны прэпарат. Пачынаць варта з простых, нестэроідных супрацьзапаленчых, а калі яны не дапамагаюць, прызначаюцца больш моцныя сродкі. Аднак своечасовасць тут адыгрывае вырашальную ролю. Калі прыступ ужо пачаўся, няма сэнсу прымаць прэпараты ўпакоўкамі, трэба ўсвядоміць, што вы спазніліся, і чакаць, пакуль гэты боль пройдзе. Нават калі прымаеце прэпарат своечасова, важна не перадазіраваць, бо ў адваротным выпадку можа ўзнікнуць абузусны галаўны боль — ад прыёму вялікай колькасці лекаў.

— Праз які час гэты боль праходзіць?

— Мігрэнозны прыступ звычайна доўжыцца да сутак. Можа перайсці і ў мігрэнозны статус, ён больш працяглы, да трох сутак. Змагацца з мігрэнню разам з лекамі дапамагае сон, а яркае святло, розныя гукі наадварот раздражняюць.

— Чаму непажадана трываць боль падчас мігрэні? Чым ён небяспечны?

— Сваімі ўскладненнямі. Варта насцярожыцца, калі прыступы мігрэні пачасціліся, сталі больш інтэнсіўныя, чым раней. Можа ўзнікнуць геміплегічная форма мігрэні, калі на фоне болю з'яўляецца слабасць у руцэ ці назе, якая потым праходзіць. Адным з ускладненняў можа стаць і інсульт. Таму пацыенты з мігрэнню патрабуюць назірання і абследавання, як зрэшты, і ўсе хворыя з галаўным болем. Неабходна зрабіць МРТ галавы па сасудзістай праграме, каб выключыць такія больш сур'ёзныя паталогіі, як анеўрызмы, пухліны, якія могуць патрабаваць аперацыйнага лячэння.

— Якія яшчэ могуць быць прычыны галаўнога болю?

— Напрыклад, глісныя інвазіі, калі паразіты становяцца прычынай новаўтварэння — кісты. Кісты галаўнога мозга, гемангіомы таксама могуць стаць прычынай галаўнога болю. На прыёме ўрач можа выявіць і неўралагічную сімптаматыку: рознасць у рэфлексах, кардынаторныя парушэнні, змены паводзінаў, змены палёў зроку. Галаўны боль у любым выпадку павінен прымусіць неўролага задумацца і шукаць яго прычыну.

Прычынай болю становіцца і праблема з шыйным аддзелам пазваночніка, так званая вертэбрагенная цэрвікалгія. Нагрузка на пазваночны слуп з-за нашага вертыкальнага становішча вялікая, і тут з-за аднаго аддзела, дзе ёсць парушэнні, могуць пакутаваць і ўсе астатнія. Калі галаўны боль раней не турбаваў, а раптам з'явіўся, ён можа сведчыць і пра інфекцыйныя захворванні, у тым ліку такія грозныя, як менінгіт, энцыфаліт, якія з яго і пачынаюцца. Прычынамі болю могуць быць траўмы, павышэнне артэрыяльнага ціску. У апошнім выпадку ў галаўным мозгу ніякай паталогіі няма. Калі павышаецца артэрыяльны ціск, спачатку ніякіх змяненняў не адчуваецца, пасля звужаюцца сасуды, парушаецца кровазварот, і развіваюцца дыфузныя галаўныя болі. Пацыенты скардзяцца на галавакружэнні, шум у вушах, кардынаторныя парушэнні, так званыя хістанні.

— Але далёка не заўсёды з галаўным болем мы ідзём да ўрача. Як часта павінен турбаваць боль, каб гэта было нагодай звярнуцца па медыцынскую дапамогу?

— Па-першае, калі з'явіўся моцны галаўны боль, які непакоіць, у гэты момант і трэба звяртацца да медыкаў. Вострыя галаўныя болі могуць сведчыць пра субарахнаідальнае кровазліццё (кровазліццё ў поласць паміж павуціннай і мяккай мазгавымі абалонкамі), унутрымазгавыя гематомы. Па-другое, калі ў вас галаўны боль кожны месяц, то гэта ўжо часта, і нагода прыйсці да доктара ёсць, не кажучы пра тое, калі боль турбуе некалькі разоў у месяц, што ўжо зашмат.

Звяртацца да ўрача неабходна, але гэта не значыць, што вам адразу прызначаць такое складанае абследаванне, як МРТ. Часта, каб выявіць прычыну болю, дастаткова нават самых простых аналізаў. У прыватнасці, зніжэнне гемаглабіну можа выклікаць і галаўны боль, і галавакружэнні.

— Які яшчэ галаўны боль лічыцца «дрэнным»?

— З пульсіруючым, рэзкім болем, які суправаджаецца млоснасцю і рвотай, болямі ў патыліцы, звяртацца да ўрача трэба неадкладна, каб выключыць выпадкі, якія патрабуюць хуткага ўмяшання. Адразу павінен насцярожыць начны і ранішні галаўны боль, што сведчыць пра парушэнні вянознага адтоку. Так сябе праяўляюць пухліны. Калі галава баліць у канцы дня, то лагічна спісаць гэта на стомленасць. А вось пасля ночы чалавек павінен адпачыць і не адчуваць болю.

— Комплекс якіх прэпаратаў варта прымаць для лячэння галаўнога болю?

— Падчас прыступу прызначаюцца абязбольвальныя, супрацьірвотныя, прэпараты для зняцця спазму і заспакаяльныя сродкі. У міжпрыступны перыяд лячэнне крыху іншае. Калі ў пацыента няма супрацьпаказанняў, спадарожных паталогій, то карысны масаж, разнастайныя жамчужныя ванны, вітамінатэрапія, антыаксіданты, нейрапратэктарная тэрапія, а таксама выкарыстоўваюцца простыя прэпараты-антыдэпрэсанты — такія, як мебікар, адаптол, наафен. Калі ж хворы цалкам абследаваны і ніякай паталогіі не знойдзена, неўролаг дзейнічае сумесна з псіхатэрапеўтам, прызначаюцца ў тым ліку і рэлаксуючыя прэпараты для зніжэння ўспрымання болевага адчування.

Алена КРАВЕЦ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.