Вы тут

Як сказаць па-беларуску «От корки до корки»?


Два пытанні ад спадара Анатоля з Паставаў: «Калі хочуць падкрэсліць грунтоўнасць чытання, то па-руску кажуць «От корки до корки». А як перадаць гэта па-беларуску?»

Яго ж, Анатоля, цікавіць, як перакласці «дом стоял в отдалении».

«На слыху выраз «скакаць з парашутам», але ці правільна ўжываць тут слова «скокі»?» — пытаецца спадар Антон з Мінска.

«Ёсць у нашай мове слова «вырашыцца», — піша Юлія са Старобіна, — але казаць, што нехта «вырашыўся і сеў за руль», па-мойму, няправільна?»

Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.


1. Рускае слова корка перакладаецца на беларускую як кара, скарынка, лупіна, скурка і вокладка. Таму выраз от корки до корки паводле «Руска-беларускага слоўніка» можа гучаць як ад вокладкі да вокладкі.

У гэтым жа значэнні ўжываецца і нашае ад дошкі да дошкі (першапачаткова вокладкі рабілі з цэльнага куска дрэва, які абцягваўся скурай). Гэты выраз знаходзім у «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы», а таксама ў «Слоўніку фразеалагізмаў» Івана Лепешава (навукоўца, які спецыялізаваўся на ўстойлівых выразах). Таму і мы раілі б аддаваць перавагу другому фразеалагізму і чытаць (у тым ліку «Звязду») ад дошкі да дошкі, з першай старонкі да апошняй.

«Руска-беларускі слоўнік» рэкамендуе раздзяляць дзеянне (аддаленне) і адрэзак прасторы, часу (адлегласць). Пра падобнае раздзяленне іншых пар мы пісалі мінулы раз. Такім чынам, правільна будзе гаварыць дом стаяў на адлегласці, але ёсць, вядома ж, выпадкі, калі трэба ўжываць і слова аддаленне:

Калі ў дзень сустрэчы ён казаў ёй «ты», то цяпер звяртаўся на «вы», як належыць лекару да хворай. На такое аддаленне ён пайшоў свядома (Іван Шамякін. «Сэрца на далоні»).


2. Безумоўна, скокі з парашутам — гэта нешта анекдатычнае, бо скокі — гэта па-беларуску танцы:

Я і скакаць наўчыўся, з ёю польку скакаў, — скокі не такі ўжо грэх... (Максім Гарэцкі. «У чым яго крыўда?»).

Таму калі гаворка пра парашуты, то тут, вядома ж, ужываецца слова скачкі.


3. Так, сапраўды, вырашыцца значыць 'стаць вырашаным': пытанне вырашылася, сёння ўсё вырашыцца.

А вось каб сказаць, што нехта прыняў рашэнне нешта зрабіць, то трэба ўжыць словы надумаць, надумацца: надумалі з братам адведаць бацькоў, надумаўся паехаць у заробкі.

Здараецца, што прыняць нейкае рашэнне цяжка — для гэтага патрэбна смеласць. Тады кажуць адважыцца, асмеліцца: адважыўся загаварыць з незнаёмкай, асмеліўся запярэчыць начальніку.


У абарону слоў

Памяшканне, дзе пераадзяваюцца, па-беларуску, натуральна, называецца раздзявальня або па-размоўнаму раздзявалка. Раздзяваць, раздзецца, раздзявальня — паўнапраўныя адзінкі слоўнікавага складу беларускай мовы. (Пра сінонімы апранаць і надзяваць мы пісалі раней. Таму зараз толькі нагадаем, што апранаюць верхняе адзенне — вопратку, — а вось надзяваюць усё астатняе.)

Месца, дзе здымаюць і пакідаюць вопратку, — апроч гардэроба — называюць яшчэ апранальняй.

Думаецца, што ўсе гэтыя словы могуць прыдацца ў адпаведных сітуацыях, таму лічыць нейкія з іх лішнімі не варта.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».