Вы тут

Трансфармацыя арміі ў эпоху станаўлення суверэннай Беларусі


Сёлета ў нашай краіне шырока адзначаецца 100-годдзе стварэння Узброеных Сіл. Аднак чамусьці ў цені засталася трансфармацыя арміі ў эпоху станаўлення Беларусі як суверэннай дзяржавы. А менавіта ж у гэты час і было сфарміравана будучае аблічча нацыянальнай мадэлі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь — неад'емнага атрыбута яе дзяржаўнасці.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Гэта стала адпраўным пунктам пачатку існавання суверэннай Беларусі.

Аднак урад БССР і Узброеныя Сілы, дыслакаваныя на тэрыторыі рэспублікі, на Дэкларацыю ніяк не адрэагавалі. Армія праводзіла планавую баявую падрыхтоўку ў адпаведнасці з распараджэннямі міністра абароны СССР, захоўваючы пры гэтым поўны нейтралітэт. Больш за тое, колькасць войскаў на тэрыторыі рэспублікі расла, дасягнуўшы да жніўня 1991 года каля 300 тысяч вайскоўцаў і вольнанаёмных. Ды і канцэнтрацыя вайсковых часцей і злучэнняў на тэрыторыі БССР была самай высокай у Еўропе. Адзін ваенны прыпадаў на 43 чалавекі грамадзянскага насельніцтва. Пры гэтым ва Украіне — на 98, а ў Расіі — на 634.

Што ж уваходзіла ў групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі да гэтага часу?

Гэта былі 5-я і 7-я танкавыя арміі, 28-я агульнавайсковая армія, 120-я мотастралковая дывізія, 51-я авіяцыйная дывізія, 72-я вучэбная дывізія і іншыя злучэнні і часці, аб'яднаныя ў Беларускую ваенную акругу. Акрамя таго, дыслакаваліся і часці цэнтральнага падпарадкавання. Гэта 26-я паветраная армія ў складзе авіяцыйнай дывізіі і шасці авіяцыйных палкоў, часці 46-й паветранай арміі ў складзе сямі авіяцыйных палкоў, 103-я паветрана-дэсантная дывізія, 38-я паветрана-дэсантная брыгада, 11-ы корпус 2-й асобнай арміі СПА, 28-я паветраная армія, злучэнні і часці РВСП (50-я ракетная армія войскаў стратэгічнага прызначэння ў складзе чатырох ракетных дывізій, якія мелі на сваім узбраенні ядзерную зброю), злучэнні і часці далёкай авіяцыі, Ваенна-марскога флоту і спецыяльных войскаў, якія падпарадкоўваліся ў той час непасрэдна Міністэрству абароны СССР і глаўкамам відаў Узброеных Сіл.

18 жніўня 1991 года міністр абароны СССР Дзмітрый Язаў аддаў распараджэнне на падрыхтоўку ўводу ў Маскву 2-й мотастралковай, 4-й танкавай і 106-й паветрана-дэсантнай дывізій. Падзеі вакол ДКНС (ГКЧП) пацвердзілі, што Узброеныя Сілы СССР захоўвалі сваю баяздольнасць, былі ў стане вырашаць пастаўленыя перад імі задачы. Беларуская ваенная акруга таксама была прыведзена ў павышаную баявую гатоўнасць. Гэтыя падзеі чарговы раз паказалі, што незалежнасць трэба абараняць, і для гэтага патрэбныя ўласныя ўзброеныя сілы.

Таму Вярхоўны Савет БССР 25 жніўня 1991 года прымае рашэнне аб наданні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце ад
27 ліпеня 1990-га статусу канстытуцыйнага закона. Дэ-факта ўсё гэта азначала абвяшчэнне незалежнасці рэспублікі. 20 верасня 1991 года Вярхоўны Савет прымае пастанову аб стварэнні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Яго і варта лічыць пунктам адліку пачатку стварэння ўласных Узброеных Сіл.

Канцэпцыя вызначала, што Узброеныя сілы з'яўляюцца тэрытарыяльнымі фарміраваннямі рэспублікі і павінны функцыянаваць на аснове Канстытуцыі і законаў краіны, а таксама статутаў, інструкцый, настаўленняў і дапаможнікаў, якія зацвярджаюцца Вярхоўным Саветам і падпарадкоўваюцца толькі Прэзідэнту краіны, які па сваім статусе вызначаўся як Вярхоўны Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі. Акрамя таго, бачылася наступная структура Узброеных Сіл: Беларускае войска, Рэспубліканская гвардыя, Пагранічная ахова.

Канцэпцыя прадугледжвала адсутнасць уласных узброеных фарміраванняў у Камітэце дзяржаўнай бяспекі і Міністэрстве ўнутраных спраў. Меркавалася, што агульнае кіраўніцтва Узброенымі Сіламі ў мірны час будзе ажыццяўляць Вярхоўны Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі праз Савет нацыянальнай бяспекі, Міністэрства абароны, аб'яднаны штаб Беларускага войска, штабы Рэспубліканскай гвардыі і Пагранічнай аховы, а ў ваенны час — праз Савет абароны рэспублікі. Пры гэтым Міністэрства абароны павінна было быць рэспубліканскай грамадзянскай установай і ўзначальвацца грамадзянскай асобай — міністрам абароны.

Прадугледжвалася рэарганізацыя існуючых органаў кіравання, злучэнняў і часцей Беларускай ваеннай акругі, а таксама іншых воінскіх часцей і падраздзяленняў Міністэрства абароны СССР, дыслакаваных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з перадачай іх функцый, бюджэтаў, штатаў, запасаў матэрыяльных сродкаў, тэхнікі, фондаў і аб'ектаў, вытворчых магутнасцяў у распараджэнне рэспублікі. Апроч гэтага, узнікла ідэя правядзення дэмакратызацыі арміі. Вайскоўцы маглі аб'ядноўвацца ў прафесійныя саюзы, уводзілася поўная забарона на любую партыйна-палітычную дзейнасць у арміі.

Камплектаваць Узброеныя Сілы меркавалася на добраахвотнай аснове па асабістым жаданні грамадзян з 20 гадоў. Працягласць тэрміновай ваеннай і альтэрнатыўнай службы ўстанаўлівалася ў 18 месяцаў, з іх 6 месяцаў складаў абавязковы курс агульнай ваеннай падрыхтоўкі ў вучэбных цэнтрах краіны.

Фарміраванне Узброеных Сіл меркавалася ажыццявіць у тры этапы і завяршыць на працягу дзевяці гадоў — да 2000-га. Аднак Вярхоўны Савет адклаў разгляд Канцэпцыі. Толькі 11 снежня 1991 года была прынята пастанова аб прызначэнні міністра па справах абароны Рэспублікі Беларусь. А праз чатыры дні Беларусь наведвае Дзяржсакратар ЗША Джэймс Бэйкер. У ходзе яго сустрэчы з вышэйшым кіраўніцтвам краіны абмяркоўваліся пытанні бяспекі. Тагачасны міністр па справах абароны Беларусі Пётр Чавус у адным з інтэрв'ю ўспамінае: «Раніцай 15 снежня, перад сустрэчай з Бэйкерам, я зайшоў да Кебіча. Пытаюся: «Вячаслаў Францавіч, навошта прыязджае Бэйкер?» — «А хто яго ведае!» Я сказаў: «Вы павінны ведаць, што амерыканцаў сёння больш за ўсё хвалюе ядзерная зброя на нашай тэрыторыі, яны плануюць даведацца, што мы хочам з ёй рабіць». Кебіч звязаўся з Шушкевічам: «Станіслаў Станіслававіч, навошта да нас прыязджае Бэйкер?» — «Не ведаю». — «Тут у мяне Чавус сядзіць, кажа, што амерыканцаў хвалюе ядзерная зброя на нашай тэрыторыі». Шушкевіч паклікаў нас да сябе, я давёў да іх ведама, навошта прыязджае Бэйкер, а таксама расказаў, колькі і якая ў нас ядзерная зброя. Сустрэча была ў рэзідэнцыі на Вайсковым завулку, з абодвух бакоў — чалавек па 20. Сабраліся на першым паверсе, а Бэйкер і кажа: «Вы пакуль тут пасядзіце, а мы ўтрох — ён, Кебіч і Шушкевіч — паднімемся на другі паверх».

Яны гутарылі гадзіны дзве, мы ўнізе таксама. Амерыканцы пыталіся, як мы будзем будаваць Узброеныя Сілы. Я выказаў сваё меркаванне: «Беларусь будзе бяз'ядзернай, нейтральнай дзяржавай і мець уласныя Узброеныя Сілы, пабудаваныя ў адпаведнасці з Канцэпцыяй, якую цяпер разглядае Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь».

Пасля гэтай сустрэчы на працягу кароткага часу Вярхоўны Савет ухваляе Канцэпцыю стварэння Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, вызначае іх колькасць у 100 тысяч чалавек і прымае наступныя нарматыўныя акты: 11 студзеня 1992 года — пастанову «Аб Узброеных Сілах, якія дыслакуюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», 18 сакавіка 1992-га — пастанову «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь».

20 сакавіка 1992 года ўрад Рэспублікі Беларусь прымае пастанову «Аб стварэнні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь». Гэты дзень можна лічыць датай пачатку стварэння беларускай арміі. У адпаведнасці з пастановай былыя войскі Беларускай ваеннай акругі пачалі ператварацца ў армію незалежнай краіны.

Аднак прынятая ў 1991 годзе Канцэпцыя пабудовы Узброеных Сіл, па сваёй сутнасці, так рэалізавана і не была. Замест будаўніцтва Узброеных Сіл у адносінах да Беларускай ваеннай акругі, якая павінна была стаць іх асновай, доўгі час праводзілася скарачэнне, затым аптымізацыя і рэфармаванне. І толькі ў 2005-м быў упершыню прадстаўлены План будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл на 2006—2010 гады. Таму пятнаццаць першых гадоў існавання арміі ў незалежнай Беларусі яшчэ чакаюць сваіх гісторыкаў.

Дасье «Звязды»

Леанід Мартынаў, палкоўнік у адстаўцы

Падчас службы ў Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці са службовымі абавязкамі займаўся ў тым ліку і пытаннямі пабудовы Узброеных Сіл. Прымаў актыўны ўдзел у стварэнні прававой базы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Удзельнічаў у распрацоўцы Законаў Рэспублікі Беларусь «Аб абароне», «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь», «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі» і інш. Пасля заканчэння службы працаваў у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрстве эканомікі, Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэце, Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Цяпер працягвае працаваць на адным з прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у абаронны сектар эканомікі нашай краіны.

Леанід МАРТЫНАЎ

Загаловак у газеце: Нерэалізаваны праект

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».