Вы тут

Шляхецкая спадчына


Пра яе ішла гаворка на Міжнароднай навуковай канферэнцыі на гістарычным факультэце БДУ, прымеркаванай да 60-годдзя з дня нараджэння выбітнага даследчыка Паўла Лойкі. Праблемы, прапанаваныя да абмеркавання, з розных ракурсаў закраналі тэму, вывучэнню якой ён аддаваў усе намаганні на працягу нядоўгага жыцця: «Шляхта Вялікага Княства Літоўскага: палітычныя інтарэсы і сацыяльная актыўнасць».


— Шляхта Вялікага Княства Літоўскага заўжды шукала мадэль дзяржаўнага ладу, федэрацыі ці канфедэрацыі, якая б адпавядала і ўнутраным інтарэсам, і на міжнароднай арэне годна бараніла б дзяржаўную цэласнасць. Сутнасць шляхецтва, значэнне яго для нашай гісторыі падрабязна апісаў у сваіх даследаваннях Павел Лойка, — упэўнены доктар філасофскіх навук, прафесар Аляксандр Лойка.

Павел Лойка быў адным з нешматлікіх гісторыкаў, хто не толькі генераваў уласныя ідэі, але і шчодра адорваў імі вучняў і сяброў, перадаваў свой досвед. Новыя падыходы ў выкладанні айчыннай гісторыі, напісанні школьных падручнікаў, а таксама тое, што ўзначаленая ім кафедра на гістарычным факультэце БДУ стала цэнтрам вывучэння праблем Вялікага Княства Літоўскага, — нямногае з таго, што ставіцца ў заслугу навукоўцу.

 Рэстаўраваць далёкую мінуўшчыну праз фразы, выразы, вызначэнні, знойдзеныя ў архіўных дакументах, аднавіць ход гісторыі — над гэтым працуюць не толькі сталыя навукоўцы, дацэнты, кандыдаты і дактары навук, але і студэнты, настаўнікі, архівісты, даследчыкі-аматары, даклады якіх таксама багата былі прадстаўлены на канферэнцыі. Леў Сапега, Францыск Скарына, Тадэвуш Рэйтан, Канстанцін Паклонскі, мітрапаліт Язэп Руцкі, Ціт Лівій Бараціні, скарбны ВКЛ Лукаш Мамоніч — гэтыя і некаторыя іншыя знаныя асобы трапілі ў аб’ектыў даследчыцкай увагі. Навукоўцаў цікавілі таксама шматлікія войны, што адбываліся на землях ВКЛ, радаводы многіх шляхецкіх родаў, іх грамадская і сацыяльна-палітычная актыўнасць, уплыў на развіццё навукі і адукацыі, праблемы ўлады, асаблівасці заключэння шлюбаў шляхтай, а таксама як развівалася мастацтва ў слыннай беларуска-літоўскай дзяржаве.

Павел Алегавіч не рэкламаваў ні гісторыю Вялікага Княства, ні гісторыю Беларусі, але пасля яго выступлення ўся аўдыторыя хацела спецыялізавацца менавіта ў яго, на яго кафедры. А пасля яго паездак па школах напярэдадні кампаніі паступлення ў ВНУ конкурс сярод абітурыентаў быў забяспечаны.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».