Вы тут

Падзвіжнік беларускай навукі


У Мінску 10 чэрвеня развіталіся са слынным беларускім навукоўцам, членам-карэспандэнтам НАН Беларусі, доктарам філалагічных навук, прафесарам Міхасём Іосіфавічам Мушынскім.


Міхась Мушынскі нарадзіўся 24 студзеня 1931 г. у в. Мокрае Быхаўскага раёна. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1955). Працаваў рэдактарам выдавецтва БДУ (1955—1956). З 1956 — у Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук Беларусі. У 1979—2002 — загадчык сектара (потым аддзела) выданняў і тэксталогіі. З 2002 года — галоўны навуковы супрацоўнік. Выдаў звыш 340 навуковых прац, у тым ліку 12 індывідуальных і 31 калектыўных манаграфій.

Як тэкстолаг кіраваў падрыхтоўкай і ажыццяўленнем выдання збораў твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, І. Мележа, М. Лынькова, М. Гарэцкага, З. Бядулі, М. Зарэцкага, М. Багдановіча. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1980).

Міхась Мушынскі лічыцца самым аўтарытэтным у краіне коласазнаўцам. Летапіс жыцця і творчасці народнага паэта Якуба Коласа, які даследчык ствараў, удакладняў, удасканальваў фактычна на працягу ўсяго жыцця, — аснова сучаснай філалагічнай навукі. Выдадзеныя ў новым стагоддзі манаграфіі «Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага» (2005) і «Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі: Жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага» (2008; 2013 — 2-е выд.) акрэслілі сапраўды якасна новы этап у развіцці беларускага літаратуразнаўства.

Выключным, асаблівым рабіла яго не толькі незвычайная працаздольнасць, адданасць прафесіі і радзіме. Міхась Іосіфавіч быў вельмі мудрым дарадчыкам, заўсёды падтрымліваў філалагічную моладзь, накіроўваў у патрэбнае рэчышча даследчыцкі імпэт пачаткоўцаў. Ён ніколі не баяўся канкурэнцыі, быў самакрытычны і не пазбягаў пераасэнсавання ранейшых напрацовак, нават і ўласных, шкадуючы пра тое, як многа часу страціла яго пакаленне на абавязкова-дзяжурныя марксісцкія тэмы.

Спадчына, якую пакінуў Міхась Мушынскі, — сама па сабе тэма для асобнай навуковай працы. Акадэмік Уладзімір Гніламёдаў у сваім развітальным слове згадаў, што на паліцах Міхася Іосіфавіча сабралася каля 300 аўтарэфератаў кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Значыць, ёсць каму працягваць справу і ёсць каму ўшанаваць памяць настаўніка.

***

Гэтымі днямі смуткуе з нагоды смерці доктара філалагічных навук, прафесара Міхася Іосіфавіча Мушынскага калектыў Беларускага дзяржаўнага архівамузея літаратуры і мастацтва, з якім даследчык цесна супрацоўнічаў па розных пытаннях, але найперш — у сувязі з правядзеннем штогадовай навуковай канферэнцыі «Узвышаўскія чытанні», у заснаванні якой ён прымаў непасрэдны ўдзел.

Спачуванне родным і блізкім выказваюць прадстаўнікі Акадэміі навук Беларусі, філалагічнага факультэта БДУ, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, Павел і Валерыя Навуменкі. Народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка Івана Якаўлевіча Навуменку звязвалі з Міхасём Іосіфавічам доўгія гады прафесійнага сяброўства.

Пахавалі Міхася Мушынскага на Усходніх могілках.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».