Вы тут

Чэрвеньскія кветкі і зарапады ў Маладзечне


Ёсць адна характэрная асаблівасць Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне: жыхары горада ад яго не стаміліся. Гэта вельмі аптымістычны момант і яскравы доказ таго, што ўзоры беларускага мастацтва ў песенна-паэтычных формах прымаюцца людзьмі. На прыкладзе аднаго горада можна заўважыць, што ім блізкія свае песні і яны адчуваюць родныя словы. Часам пра гэта можна казаць ціха ці проста дэманстраваць сваю павагу, наведваючы канцэрты і сустрэчы…


Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі Міхаіл Фінберг, старшыня журы конкурсу, вітае маладых спевакоў

Песні нашай краіны

Так, істотны момант свята. Як жа без яго на вуліцах, уздоўж якіх шпацыруюць маладзечанцы сем’ямі, кампаніямі. Прыемна, што цікавіцца моладзь: з разлікам на будучыню ствараўся гэты форум. XVІІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2018» стаў яшчэ адным крокам на шляху «да Беларусі», якую б кожны яе грамадзянін насіў у сваім сэрцы. Шлях не хуткі — праз пакаленні. Але фестываль і не ставіў сабе імгненных мэтаў. Трэба спяваць і спяваць па-беларуску, круціць гэтыя песні ў эфіры радыё і тэлебачання, каб іх існаванне ў культурнай прасторы парышалася і нават успрымалася як модны трэнд.

«Прысвечаная Году малой радзімы праграма сёлетняга фестывалю надае яго мерапрыемствам асабліва высокае гучанне, ярка раскрывае багатую палітру нацыянальнага мастацтва», — адзначалася ў прывітанні Прэзідэнта Беларусі ўдзельнікам фестывалю. Важна, што да высокіх узораў айчыннай песеннай культуры далучаюцца «маладыя таленты Беларусі, для якіх гэты музычна-паэтычны форум — чарговы крок у прафесійным станаўленні».

Крокі сталення

Менавіта таму на фестывалі ад пачатку з’явіўся конкурс маладых выканаўцаў. Зоркі, што ў розныя гады заззялі ў Маладзечне, сёння ўжо мэтры: Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Наталля Тамела, Вікторыя Алешка, Ларыса Грыбалёва, Таццяна Глазунова, Руслан Аляхно, Дзмітрый Качароўскі ды іншыя. Сапраўды, пэўныя час фестываль і Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі выконвалі функцыю своеасаблівага прадзюсарскага цэнтра, вакол якога гуртаваліся перспектыўныя маладыя артысты. І сёння гэты калектыў — адказны за конкурс. За пошук маладых артыстаў, якія не проста могуць паказаць голас, але праз яго яшчэ і сваё адчуванне песні, якая гучыць па-беларуску. Вось што тут найбольш істотна: моладзь, якая знаходзіць і выбірае прыгожыя песні з мінулага, адчувае, які твор можа быць папулярны ў іх аднагодкаў, а які напісаны цуд як хораша, на высокім мастацкім узроўні, што адразу дае дадатковыя бонусы выканаўцу.

Ганаровы грамадзянін Маладзечна Ігар Лучанок прымае віншаванні ад намесніка старшыні Мінаблвыканкама Віктара Сірэнкі

Старшыня журы конкурсу «Маладзечна-2018», ініцыятар гэтага фестывалю ад пачатку, народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг адзначыў, што маладыя артысты, якія змагаліся за ўзнагароды на працягу двух тураў, «вельмі цікавыя і таленавітыя». Але для патрабавальнага журы часам і гэтага бывае мала. Таму што Гран-пры імя Мулявіна, якое прадугледжана ў якасці галоўнай узнагароды, — гэта адзнака не проста вакальных здольнасцяў, гэта адзнака яркай самастойнай асобы, што можа зрабіць палітру эстраднага мастацтва Беларусі больш разнастайнай. Тым больш патрабаванняў, калі за галоўным прызам стаіць такое імя…

Патрабавальнасць журы адлюстравалася ў размеркаванні ўзнагарод. Гран-пры вырашылі не прысуджаць. Але, магчыма, гэта сведчыць пра роўны ўзровень маладых спевакоў? Усяго 20 удзельнікаў змагаліся за галоўны прыз конкурсу маладых выканаўцаў — новыя імёны, якія адкрывае для сябе Беларусь. Але як сказаць — адкрывае… Напрыклад, імя ўладальніцы Першай прэміі Златы Ларчанкі на слыху ў тых, хто сочыць за эстраднамузычным жыццём: дзяўчына выступала на шматлікіх міжнародных фестывалях і конкурсах, у прыватнасці, апынулася сярод лаўрэатаў дзіцячага конкурсу «Славянскага базару ў Віцебску» ў 2010 годзе, трапляла ў фінал адбору дзіцячага «Еўрабачання» ў 2009 годзе. І працягвае ўдасканальвацца творча: з’яўляецца студэнткай аддзялення мастацтва эстрады Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Аліна Чыжык здабыла другую прэмію для Гродзенскай вобласці, якую прадстаўляла. Трэцяе месца — у Дзяніса Чуракова з Магілёўскай вобласці.

За мэтрамі

На тое, што ўзровень нашых маладах артыстаў, якія спяваюць жывымі галасамі, на галаву вышэйшы, чым той, што дэманструюць многія заезджыя зоркі, звярнуў увагу і міністр культуры Беларусі Юрый Бондар.

На яго думку, Нацыянальны фестываль прыцягвае шчырасцю, з якою робіцца, і самабытнасцю. Фармат яго адпрацаваны, ёсць падмурак, вызначаны задачы: «Фестываль у Маладзечне асаблівы і адзіны, таму што тут гучыць беларуская песня». Але канцэрты і конкурс падтрымліваюцца яшчэ і выстаўкамі, пленэрамі, спектаклямі, кірмашом у Горадзе майстроў.

Адметна і тое, што моладзь выступае на адной сцэнічнай пляцоўцы з мэтрамі. Ганаровым госцем быў кампазітар Ігар Лучанок, сёлетняму юбілею якога быў прысвечаны канцэрт адкрыцця «Мелодыя лёсу». Вядома, Ігар Лучанок не першы раз у Маладзечне, а колькі разоў тут у розных праграмах гучалі яго песні — не злічыць. І, уявіце, не надакучваюць. Некаторыя з іх зала гатовая спяваць хорам. Нездарма госцю было прысвоена званне ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці, з чым павіншаваў кампазітара намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Сірэнка.

Любяць ездзіць у Маладзечна артысты, якія прайшлі з гэтым фестывалем творчае «хрышчэнне» (Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Саша Нэма), і тыя зоркі, хто ўспрымае за гонар выступленні на нацыянальным фестывалі, іх аб’яднала праграма «Маладзечанскі зарапад», у якой таксама выступілі Ядвіга Паплаўская, Аляксандр Саладуха, Аляксей Хлястоў, Іскуі Абалян, Алена Ланская, гурты «Дразды» і «Чысты голас»… Але гэта толькі ў Амфітэатры. Насамрэч вечарамі гудзеў увесь горад: людзі сыходзіліся на сузор’е артыстаў — тут, у Маладзечне, найбольш ярка адчуваецца, што ёсць для нашых людзей разуменне сваіх зорак. А калі яно яшчэ ўзмацняецца зорным феерверкам у небе… Свята адбылося.

Марыя АСІПЕНКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».