Вы тут

«Некаторыя вучні ў другім ці трэцім класе, не ведалі, колькі будзе 3+3»


Мая Ракаўскене нарадзілася і жыве ў Барысаве. Усё сваё жыццё яна прысвяціла адукацыі: спачатку выкладала ў пачатковых класах, а цяпер (у свае 82 гады) вось ужо больш як дзесяць гадоў працуе рэпетытарам-валанцёрам у сям'і, дзе выхоўваюцца прыёмныя дзеці.


— Мая Васілеўна, вы сталі сведкай рэформаў у адукацыі, якія адбываліся на працягу больш як паўстагоддзя...

— Я была не проста сведкай, а чалавекам, які ўвасабляў рэфарматарскія задумкі. Напрыклад, прыняла актыўны ўдзел у рэформе 1960-х гадоў. У той час я працавала ў самай прэстыжнай барысаўскай школе № 6, дзе вучыліся дзеці гарадской адміністрацыі і інтэлігенцыі. Курыраваў пачатковыя класы гэтай установы адукацыі заслужаны настаўнік БССР Васіль Андрэевіч Самцэвіч. Найвышэйшае кіраўніцтва прапанавала эксперыментальную праграму, каб паглядзець, як іх ідэя ўвасобіцца на практыцы: мы павінны былі чатырохгадовую праграму выкласці за тры гады. На здзіўленне, усе мае вучні засвоілі вучэбны матэрыял. Лічу, што гэта быў добры вопыт, які так і не пабачыў свет у поўным маштабе.

Задума наступнай рэформы заключалася ў дыферэнцыяцыі навучэнцаў. Былі адкрыты школы для дзяцей з запаволеным развіццём. Вучняў у такіх класах было менш (каля дваццаці), але там ніхто не дапамагаў адно аднаму з-за таго, што ў калектыве не было больш моцных школьнікаў, якія маглі б павесці за сабой, дапамагчы і падтрымаць. Мяркую, што і настаўнікі не атрымлівалі задавальнення ад працы па прычыне адсутнасці цікавасці да вучобы з боку дзяцей. Але ў той жа час класы, адкуль забралі слабых вучняў («непаўнавартасных», на думку некаторых чыноўнікаў), не сталі лідарамі па паспяховасці. Да ўсяго гэтага другагодніцтва было амаль забаронена і педагогаў вінавацілі ў дрэннай паспяховасці іх вучняў.

— А адкуль узялася такая вялікая колькасць дзяцей з запаволеным псіхічным развіццём?

— Насамрэч не было нейкага адставання ў развіцці. Проста дзяцінства ў гэтых малых заканчвалася раней: у школу яны прыходзілі ў шэсць гадоў, а не ў сем. Але іх няўрымслівасць, жаданне пагуляць, неакрэплы фізічны стан і няўстойлівая ўвага перанесліся ў клас, дзе патрабаваліся ўседлівасць, канцэнтрацыя ўвагі і цяга да ведаў. Адсюль і вынік: непаспяховасць і адставанне ад праграмы.

— Які час вы лічыце найбольш эфектыўным?

— Найлепшая сістэма адукацыі была ў СССР, мабыць, да вайны і адразу пасля яе, без уліку асобнага навучання хлопчыкаў і дзяўчатак. Хоць у мае школьныя гады колькасць вучняў у пачатковых класах была роўная 42. А калі набіралася 46, то выдаваліся два журналы. Пасля 4-га класа былі іспыты. Гэта быў не проста сродак кантролю: іх сэнс заключаўся ў тым, што паўтарэнне — маці навучання. Экзамены давалі магчымасць палепшыць гадавую адзнаку, паказаць свае веды. І тыя, хто не атрымаў станоўчую адзнаку, мусілі падцягваць свае веды летам і праходзіць пераэкзаменоўку. Калі вучэбны матэрыял за гэты час не быў засвоены, школьнік заставаўся на другі год. Рэпетытараў у той час не было. Настаўнікі займаліся са слабымі вучнямі пасля ўрокаў бясплатна. Бацькі апошніх імкнуліся прыцягнуць выдатнікаў для дапамогі сваім дзецям, усе спрабавалі падзяліцца ведамі. Нікому не хацелася заставацца на другі год. Я памятаю, як мяне папрасілі пазаймацца з хлопчыкам, на год малодшым за мяне. Паколькі нашы заняткі аказаліся паспяховымі, яго бацькі шчодра мне аддзячылі, але гэта было першай і апошняй платай за рэпетытарства ў маім жыцці.  А ў старшых класах школьнікі вывучалі латынь — мову мудрацоў і філосафаў.

— Адкуль у вас такое моцнае жаданне выкладаць?

— Усе тры мае родныя цёткі былі настаўніцамі пачатковых класаў. А адну з іх, Наталлю Міхайлаўну Фрэйндорф, можна назваць педагогам ад Бога. Гэта было адразу пасля вайны, калі ў школу прыходзілі дзеці-сіроты і дзеці-пераросткі. Дарэчы, у той час сірот у дзіцячых дамах было менш, чым цяпер, таму што, нават калі бацькі паміралі, хлопчыкаў і дзяўчатак забіралі блізкія сваякі.

У школе, дзе працавала мая цётка, вучыўся хлопчык з дзіцячага дома. Ён два гады прасядзеў у першым класе, і яго пакінулі на трэці. Ніхто з настаўнікаў не хацеў браць такога вучня, бо за другагодніцтва, вядома, не хвалілі, але і пераводзіць у наступны клас без ведання праграмы таксама не дазвалялася. Але Наталлі Міхайлаўне гэты хлопчык чымсьці спадабаўся, і яна ўзяла яго да сябе ў клас. І здолела не толькі навучыць грамаце, але і натхніла на поспех. У выніку ён скончыў універсітэт і пераехаў у Мінск. Але нават не гэта галоўнае. Калі ён працаваў у сталіцы, часта прыязджаў да нас у госці, яны гадзінамі гутарылі, і кожны раз пасля яго наведвання мы знаходзілі грошы, якія былі таемна пакінуты для былой настаўніцы. Навучыць можна ўсіх, але выхаваць удзячнага чалавека дадзена не кожнаму.

Некаторыя вучні на момант сустрэчы са мной, будучы ў другім ці трэцім класе, не ведалі, колькі будзе тры плюс тры і не маглі прачытаць слова «мама» нават па складах. Але, калі яны даганялі па праграме сваіх аднакласнікаў і пачыналі атрымліваць выдатныя адзнакі, адразу заяўлялі мне, што больш займацца не хочуць. Мабыць, гэта мая недапрацоўка, аднак усё роўна я вельмі задаволена тым, што дапамагла зрабіць гэтым дзецям крок у лепшую будучыню.

— Ці моцна стаўленне дзяцей і бацькоў да педагога змянілася за гады вашай прафесійнай дзейнасці?

— Вельмі моцна. У мае маладыя гады слова «настаўнік» нават прамаўлялася з іншай інтанацыяй. Быў стымул добра вучыцца, каб самому стаць настаўнікам. Мне здаецца, усё змянілася пасля таго, як у пачатку 1960-х гадоў абвясцілі лозунг: «Галоўны ў краіне — рабочы клас». На заводах пачалі атрымліваць заробак нашмат вышэйшы, чым быў у інжынераў, а тэхнічка ў школе атрымлівала столькі ж, колькі і настаўніца. Я памятаю выпадкі, калі хтосьці з бацькоў, хто быў членам прафкама на заводзе, прыходзіў да мяне ў школу і адчытваў за няўменне знайсці падыход да яго дзіцяці альбо крытыкаваў метады нашай работы. Але раней, на пачатку маёй настаўніцкай дзейнасці ў 1954 годзе, такое было абсалютна немагчымым, бо перад настаўнікам знімалі капялюш.

— Што для вас важнае сёння?

— Вельмі хацелася б падзяліцца сваімі думкамі з вялікім колам чытачоў з дапамогай маёй кнігі-зборніка з сямі навел. Яна для дзяцей, для тых, хто так ці інакш з імі звязаны, і ў першую чаргу для настаўнікаў. Гэта не навуковы трактат па педагогіцы і псіхалогіі, а творы з цікавымі сюжэтамі і лёсамі людзей, узятымі з жыцця. Але, аказваецца, для таго каб выдаць кнігу, трэба за гэта заплаціць. Параілі знайсці спонсара не толькі на выданне, але і на рэкламу, інакш публікацыя не мае сэнсу...

Ульяна КАСЦЮНІНА, выпускніца 11 класа Ліцэя БДУ

Загаловак у газеце: Навучыць галоўнаму на мове мудрацоў і філосафаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.