Вы тут

Імгненная каштоўнасць жыцця, бясконцая каштоўнасць Радзімы


Янка Брыль у нашым прыгожым пісьменстве прызнаны як майстар лірычнай прозы. Лірызм яго твораў, думаецца, найперш у тонкім схопліванні, адчуванні і разуменні логікі руху глыбінных працэсаў плыні жыцця, асабліва праз перадачу інтымных і лёсавызначальных зрухаў душы герояў, звязаных з пражываннем аўтарам самога сябе.


Ёсць празаікі, якім жыццёвая плынь адкрываецца праз сюжэтна-падзейны далягляд, дзе ў аснову сваіх твораў яны закладваюць тую ці іншую важную і знамянальную гістарычную дамінанту часу. А ёсць тыя, для каго галоўным стылёва-эпічным прынцыпам адлюстравання становіцца працэс засяроджанасці на экзістэнцыі чалавечага пражывання ў свеце, цікаўнасць да яе ўнутранага падсвятлення ў зрэзе чалавечага быцця. Янка Брыль, на маю думку, адносіцца менавіта да другой кагорты пісьменнікаў. Яго асноўны герой бачыць жыццё з «нутра» свайго існавання, прыкмячаючы самыя тонкія псіхалагічныя і ментальныя нюансы праламлення плыні жыцця праз глыбінную, унутраную праекцыю светабачання.

Для Я. Брыля, думаецца, чалавек найперш створаны не прыродай і эвалюцыяй — ён (чалавек) ствараецца бесперапынна, штохвілінна, штораз пераствараючыся ў побыце і ў гісторыі з актыўным удзелам сябе самога, пры дапамозе індывідуальных кропкавых намаганняў і высілкаў. Вось гэтая неперарыўнасць і паступовасць самастварэння, самастаяння і зададзена для чалавека найчасцей у люстэркавым бачанні сябе праз сімвал «вобраза і падабенства Божага». Такім чынам, чалавек уяўляе з сябе найперш істоту, якая штораз узнаўляецца і ўзрастае наноў, адначасна з кожным індывідуумам і ў кожным індывідууме.

Аповесць Я. Брыля «Золак, убачаны здалёк» упершыню была апублікавана ў № 11 1978 года ў часопісе «Маладосць», а ў 1982 годзе за гэты твор пісьменнік быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР. У гэтай аповесці пісьменнік вельмі ўдала і шматаспектна і, што не менш важна, жыццёва-арганічна ўвасобіў у мастацкім слове форму перадачы спавядальна-філасофскай логікі адлюстравання светабачання і светасузірання лірычнага героя, беларуса ХХ стагоддзя ў адзінстве быту і быцця.

У псіхабіялагічным працэсе жыцця чалавека ёсць цікавы момант, які заключаецца ў тым, што ў сталым узросце ён пачынае больш выразна, яскрава і ўсвядомлена-асветлена ўспамінаць і ўсведамляць эпізоды жыцця ў раннім маленстве, якія былі зарэтушаваныя штодзённасцю і амаль забытыя. А цяпер усплываюць у арэоле новых яркіх каляровых фарбаў і шчымлівых душэўных успамінаў і асацыяцый.

Светлы вобраз Радзімы аўтар раскрывае ва ўсёй паўнаце і велічы выяўлення: ад простай рэчы, якая нечакана высвяцілася і выплыла з цянётаў памяці аб далёкім мінулым, да ўсведамлення ролі і месца свайго народа ў агульначалавечым руху гісторыі і цывілізацыі. Радзіма паўстае ў паэтыцы аўтара ў шматаблічнай дынаміцы і гаме салярнай вобразнасці: ад пануючага вобраза сонца ў творы да яго дапаўняльных мікравобразаў — іскрыстай усмешкі, цеплыні лета, светлай памяці, душэўнай спагады і сардэчнай дапамогі. Уся гэта пранізвальная салярная вобразнасць выразна кантрастуе з вобразамі цемры, вайны, варожасці, нядобразычлівасці, якія былі выразнымі спадарожнікамі чалавека ХХ стагоддзя.

З чаго пачынаецца чалавек? Безумоўна, з Радзімы, дзе былі зафіксаваны першарухі як фізічных, так і душэўна-свядомасных паводзін, якія засталіся ў памяці праз уражанні, пахі, водар, тактыльнасць, успамін. Радзіма ў аповесці Я. Брыля «Золак, убачаны здалёк» раскрываецца як канкрэтная форма, якая цэласна ахоплівае ўсе каштоўнасці і сцвярджэнні разам, усе перыпетыі анталагічна-эмацыянальнага свету чалавека.

Для лірычнага героя аповесці Я. Брыля Радзіма пачынаецца з суседскай ліпы, якая, аднойчы здзівіўшы, назаўсёды зачаравала свядомасць маленькага хлопчыка: «Прочымава ліпа, першая ліпа ў маім жыцці, была не проста вялізная, — яна была непараўнальна большая за ўсе тыя ліпы, якія мне потым давялося бачыць у многіх вёсках, гарадах, лясах і парках вялікага свету. Яна таксама салодка пахла, і звонка гудзела ад халадочку зямлі да бясхмарнага неба, і ўся аж варушылася ад пчол».

Адным з прыёмаў, які нярэдка выкарыстоўвае празаік у інтымнай перадачы сваіх перажыванняў аб гадах маленства, з’яўляецца псіхічна-фізіялагічны стан сну: «Спрадвечнае маленства. Яно прыходзіць калі-нікалі неверагодна прыгожымі снамі. Адзін такі паўтарыўся ў мяне... Ну, не раз ужо і не два. Бачыць самога сябе з вялікай адлегласці бывае вельмі прыемна. Бо бачыш не проста самога сябе, а сябе найлепшага, без памылак-грахоў і балючых дакораў сумлення.

Бачыць сябе таго — дапытлівага, чыстага, вясёлага — выразна бачыць, дзякуючы дараванай узростам і вопытам дальназоркасці, мудра асцерагаючыся залішняга самалюбавання, прэсна расчуленага на старэчы лад, — тут адчуванне незвычайнае, крыху падобнае да таго хвалявання, з якім разглядаеш ніколі дагэтуль не бачаны твой вельмі даўні фотаздымак, які ў кагосьці нейкім цудам захаваўся. Тым больш хвалюе гэта, што на здымку ты не адзін, а з тымі, з кім табе добра, каго так радасна ўспамінаць».

Такія блізкія — маці, бацька, браты, сёстры, сябры, каханка, аднавяскоўцы, бо ты сам частка іх. Вобраз маці для пісьменніка — у іконным аздабленні Маці-Багародзіцы, Маціахоўніцы свайго дзіцяці, якая з малых гадоў і да смерці імкнецца клапатліва засцерагаць свайго сына ад напасцяў варожых і ліхадзейных сіл неспакойнага і сівернага веку.

Ёсць яшчэ адно, ужо ў канцы аповесці, вельмі лаканічнае і быццам побытавае публіцыстычна-інфарматыўнае паведамленне. «У партызаны, пад восень 1943 года мы пайшлі ўсёй сям’ёй. Раман з жонкай і дзіцём, мама і я, яшчэ нежанаты». За гэтым паведамленнем — глыбінны сэнс. Тыя, хто адважыўся ўступіць у смяротную барацьбу з лютым ворагам усёй сям’ёй, рызыкуюць анталагічным існаваннем роду, паставіўшы вышэй за ўсё каштоўнасць Радзімы. І вобраз маці, якая вырашае змагацца са сваімі сынамі, паўстае ў гераічнай і драматычнай паўнаце і высакароднасці.

Гэтая высокая характарыстыка дадзена амаль усяму пакаленню юнакоў і дзяўчат равеснікаў Янкі Брыля, пакаленню, якое ўзрастала і выхоўвалася на памяці аб Першай сусветнай вайне, а затым гартавалася і трагічна амаль было выбіта падчас Другой сусветнай вайны. Шмат у чым аповесць «Золак, убачаны здалёк» і з’яўляецца рэквіемам па сябрах-аднагодках. Вайна ў свядомасць маленькага хлопчыка Ігара (Юрыка) уваходзіла ў насычаным на ўражанні працэсе самавыяўлення і самапражывання падлетка. Упершыню пачутае героем страшнае слова «вайна» адкідае нас у даўні ўспамін маленства героя. «Нейкая чорная, вялізная капа, не падобная на копы сена, несамавіта ўзвышалася над сіва-зярністаю зелянінай аўсянага поля. — Мама, што гэта? — Гэта? — перапытала яна. — Гэта калючы дрот. Я ведаў дрот — ім абгароджвалі поле на пашы, нацягвалі на нізкіх слупчыках адну бясконцую драціну, ім адгараджваліся, у некалькі драцін, да суседняга агарода. А гэта? — Чаму такі дрот? — Што тут табе сказаць? — за маму адказаў Раман. — Тут нядаўна праходзіў фронт. Вайна была».

Калючы дрот вайны затым тысячамі калючак і шыпоў утыкаўся сваімі іголкамі ў цела, душу і памяць падлетка і яго сяброў, праз драматычныя і трагічныя біяграфіі, аповеды і лёсы родзічаў і аднавяскоўцаў. Недарэмна ж галоўны нерв-матыў твора, яго асацыятыўна-гукавы фон трымаецца на драматызме ўспаміну аўтара пра сваіх герояў — сяброў байструкоў-аднагодкаў Валодзю Казака і Толю Немца, якія загінулі на вайне.

Арытмія ўспамінаў-асацыяцый аўтара — то сонечныя ўсмешкі, радасць і весялосць, то пакутлівы сум і жаль па чалавечай недасканаласці, несправядлівасці, разбэшчанасці — выступае фонам-панарамай людской містэрыі жыцця.

У аповесці «Золак, убачаны здалёк» Янка Брыль зафіксаваў шэраг універсальных, агульначалавечых і нацыянальных вобразаў, зразумелых кожнаму простаму чалавеку, і ўвасобіў іх у такую інтымна-спавядальную і задушэўную, нават, можна сказаць, лірычна-музычную форму, дзе з карпатлівай і філіграннай дакладнасцю вывеў духоўныя пошукі галоўнага героя, амаль свайго двайніка, і цэлага пакалення беларусаў.

Ігар ШАЛАДОНАЎ, кандыдат філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.