Вы тут

Шляхам удасканалення


Заўсёды, калі бяру ў рукі чыйсці новы зборнік вершаў, абавязкова трапляю ў асаблівы трапяткі стан прадчування захапляльнага падарожжа па ўнутраным свеце аўтара.


Менавіта з такім прадчуваннем разгарнула паэтычную кнігу Рэгіны Рэўтовіч «На далонях жыцця» (Мінск, «Чатыры чвэрці», 2018). У пацвярджэнне правільнасці свайго прадчування на адной з першых стронак кнігі — такія радкі:

На роздумы-радочкі слоў каралі

Нанізваючы ўдумліва, паэт

Не адрачэцца мэты і маралі,

Ён разважае з сэрцам тэт-а-тэт.

Крок за крокам, верш за вершам спасцігала таямніцы душы аўтара, адкрываючы яго светаўспрыманне і здзіўляючыся разнастайнасці пачуццяў:

А жыццялюбства мне не ўтаймаваць!

Шпацыраваць шляхамі з ім да скону.

Я словам трапным буду шчыраваць,

Душы падпарадкоўвацца закону.

Мара кожнага паэта — праз паэтычнае Слова здолець перадаць думкі, пачуцці, эмоцыі, якія правядуць чытача па шляху духоўнага ўдасканалення аўтара, паглыблення Яго светаўспрымання. Менавіта праз такую натуральную дэманстрацыю сапраўдных здабыткаў жыцця ёсць магчымасць убачыць нялёгкі, але вельмі важны і патрэбны працэс развіцця асобы і спасціжэння жыццёвай мудрасці.

У вершы Рэгіны Рэўтовіч «Каб раней» гучыць роспач ад усведамлення сваёй ранейшай недасканаласці:

…Колькі бэзу трапіла, язміну

З-пад пяра няўрымслівага ў друк?!

 

Як жа позна думкі завіталі

У маркотна-сціплыя радкі?!

Каб раней… Іначай бы віталі

Восеньскія роздумы ракіт

Асабліва кранальна гучаць вершы першага раздзела зборніка са шматзначнай назвай «Чарнавікі бяссоння», дзе адлюстроўваецца прага да аналізу пражытага жыцця, жаданне спасцігнуць яго сэнс, разгадаць законы існавання:

Паплакаць бы — не плачацца.

Чарсцвею

І па начах я слухаю завею

У шматлікіх радках — і роспач, і расчараванне, і сум і боль, перасыпаныя узнёслымі радочкамі неўміручай надзеі і светлай мары, спагады і любові да жыцця і людзей. У вершы «Паратунак», які адкрывае другі раздзел зборніка, Рэгіна Рэўтовіч піша:

А за акном маркоціцца скавыш,

І сэрца нематою студзіць слота

Зусім не проста несці лёсу крыж,

Яшчэ цяжэй змагацца з адзінотай.

……………………………………….

Сумленне, міласэрнасць, дабрыня

На ўсёй планеце — існы паратунак,

Калі ісці наперад з ім штодня,

То плынь жыцця не выставіць рахунак.

Менавіта ў гэтых унутраных ваганнях і адлюстроўваецца пошук душэўнай раўнавагі, гармоніі — той залатой сярэдзіны, да якой з часам міжволі імкнецца кожны.

*

Падмурак дзён не спапяліць,

Як не стрымаць жыцця імгненне…

Чаму, скажыце, так баліць

Душа ад непаразумення?!

Усведамляючы высокае прызначэнне паэтычнага Слова, якое магчыма выказаць дзеясловамі «абудзіць», «данесці», «перадаць», «запаліць», «узбагаціць», «расфарбаваць» і г. д., Рэгіна Рэўтовіч заўважае:

Збудую ў сэрцы храм з узнёслых слоў,

Дзе будзе мова родная прычасцем,

Сябрам і блізкім падару любоў

І дабрыню — на радасць і на шчасце.

Шмат радкоў аўтар прысвяціла разважанням над прызначэннем паэта, цяжкасцямі яго лёсу, усведамленню сябе як паэткі і неабходнасці ўдасканалення паэтычнага майстэрства:

Нібы зажураны філосаф,

Між мудрагелістых радкоў

Вядзе паэт гаворку з плёсам,

Вярэдзіць сны былых вякоў.

*

Паэзія — куток,

Дзе песціцца душа,

Дзе годных слоў выток,

Дзе мар і сноў імша…

*

Мне б маляваць у думках далячынь,

А не псаваць паперу ў эпігонках.

Але, нягледзячы на цяжкасці лёсу творцы, Рэгіна Рэўтовіч не адпрэчвае яго, а збіраецца ісці абраным шляхам далей:

*

Я прысак часу думна варушу,

Да донца п’ю грахоў сваіх атруту,

Вяду штоноч да сповядзі душу

І дзякую абранаму маршруту.

……………………………………………….

Сплылі дарогай вечнасці імгненні

Жаданне жыць я чэрпаю ў натхненні.

Наогул, зборнік «На далонях жыцця», які складаецца з сямі раздзелаў, можна назваць споведдзю чалавека, улюбёнага ў жыццё, у сваю родную зямлю, яе прыроду. У радках і паміж радкоў пейзажнай лірыкі Рэгіны Рэўтовіч чытаюцца жыццёвыя высновы, якія ёй дапамагае зрабіць прырода роднай зямлі:

*

Не дакарай за водгукі самоты —

Я верш пішу на мове ручая,

Дзе чэрпае і сум, і веліч цноты

Надзея накуваная мая.

*

Пад чароўны пах вясны

Гімн жыцця гучыць нанова!

Маладыя сняцца сны,

І квітнее ў вуснах слова!

Спрабуе сябе Рэгіна Рэўтовіч і ў перакладах. Напэўна, паэтку вельмі кранула паэзія Валерыя Брусава, Васіля Семенюка, Шарля Бадлера (пераклад з рускамоўнага варыянта ў перакладзе Л.Турбіной), Людмілы Бурдыкі, Ірыны Палікарпавай, таму яна і пераклала вершы гэтых паэтаў на мілагучную беларускую мову.

Глыбокім аналізам асабістага жыцця і адначасова запаветам дзецям, будучаму пакаленню з’яўляецца верш «Думкі»:

*

А каб жыцця пазначыць шлях,

Я не адзін спісала сшытак.

Каму пакінуць свой пасаг —

Душы нястомнае набытак?

………………………………

І дзецям хопіць — веру я!

Я ім пакіну свет надзеі,

І весні пошчак салаўя,

І радасць знакавай падзеі.

Я ім пакіну дабрыню

І дам наказ: дарыць пяшчоту,

Любому радавацца дню,

Цурацца здрады і ляноты.

Своеасаблівым рэфрэнам, які ўзмацняе жаданне аўтара пакінуць пасля сябе на зямлі добры след, гучаць радкі:

*

Буду зоркам шчыра спавядацца,

Светлай думкай промнікі вітаць,

Каб радком на аркушы застацца,

Нізкай слоў з мінулага паўстаць.

Упэўнена, што новы зборнік Рэгіны Рэўтовіч знойдзе сваіх шматлікіх чытачоў, у якіх, як і ў мяне, адгукнуцца шматгалосым сугуччам яе думкі, кранальная мелодыя яе душы...

Святлана БЫКАВА, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».