Вы тут

Пад прыцэлам чужых вачэй


Да якой ступені пісьменнік можа агаляцца? Не душэўна, а… Гэта пытанне хочацца задаць пасля прачытання кнігі Адама Глобуса «Сям’я» (Мінск, «Мастацкая літаратура», 2017), што выйшла ў серыі «Беларуская проза ХХІ стагоддзя».


Жанр твора аўтар вызначае як раман. Ён уключае тры блізкія па сэнсе часткі, якія могуць быць і самастойнымі творамі: «Дом», «Глобусы», «Бацькі». Аповед А. Глобуса складаюць кароценькія нататкі, кожная з якіх не заўсёды лагічны працяг папярэдняй. Няма і выразнага сюжэта. Галоўныя героі — родныя і блізкія пісьменніка: мама, тата, жонка, дачка, брат, дзед, баба. Апавядае пра іх аўтар як старонні назіральнік, а чытач у некаторых выпадках міжволі становіцца сведкам чужых сакрэтаў. Напрыклад, нататка пад назвай «Сцэнар»: аўтар апісвае адну з самых цяжкіх у жыцці старонак — як тата на парозе смерці, а сваякі рыхтуюць пахаванне. Гэта магло б успрымацца зусім па-іншаму, калі б мы не ведалі, што бацька — знакаміты беларускі пісьменнік Вячаслаў Адамчык…

Ідзём далей. Расповед «Мянушкі»: «…для жонкі, адразу пасля знаёмства, прыдумляецца інтымнае імя “Сфінкс”, а калі ласкава — “Сфінксік”. …Так дваццаць гадоў я і сплю ў адным ложку са сваім Сфінксам. Часам прыдумляюцца іншыя імёны, толькі не прыжываюцца яны ў нашым ложку. У апошнія месяцы Алена паўнее, і я называю яе “Збанок”». А. Глобус належыць да тых пісьменнікаў, якія не працуюць з мастацкім вымыслам, — на прыкладзе сваёй сям’і ён падае «злепак» сям’і ўвогуле. Усё вельмі натуралістычна — так бывае шмат у каго. Але... чамусьці з’яўляецца адчуванне, быццам падглядаеш за кімсьці знаёмым у замочную шчыліну… Тое ж самае ў расповедзе «Спакой» — пра цётку і яе мужа: «…Я сплю на лоджыі. Хаджу праз пакой, дзе спіць Рэня з Генам. Ноччу заходжу ў пакой, а Гена на Рэні. Ціха прабіраюся на лоджыю. Ніхто нікому нічога не скажа». Улічваючы, што пісьменнік не хавае падрабязнасцей, так і хочацца запярэчыць, маўляў, як гэта: «ніхто нікому»? Мы ж даведаліся!

У апісаннях аўтар зазвычай вельмі стрыманы ў сваіх пачуццях. Ён больш засяроджваецца на вонкавых дэталях, і менавіта па іх мы робім выснову аб яго душэўным стане (сцэны перад пахаваннем таты і яго пахавання, «Кроў» і «Слова»). На першы погляд здаецца, што яму абыякава, як ён сам пры гэтым выглядае: «…І я толькі сказаў: “Тата, я так цябе люблю, што ў мяне няма слоў”. Сказаў — і заплакаў гучна, непрыгожа». Але часам скрозь маску стрыманасці і вонкавай халоднасці з'яўляецца і такое: «…Ядзя адбыла ў тым садку тры дні і захварэла. Прастудзілі гадаўкі-выхавацелькі маё дзіця…» («Дзіцячы сад»). Што ж, усе мы недасканалыя. Часам злуёмся, кідаемся ў бойкі — фізічна ці слоўна, брудна лаемся. І А. Глобус святога з сябе не строіць: вось, маўляў, я такі, які ёсць, гэта — я... Але адны ходзяць спавядацца да святара, іншыя — да псіхааналітыкаў, некаторыя, адораныя найбольш, «пераплаўляюць», сублімуюць перажыванні ў творчасць. А пісьменнік А. Глобус эпатуе чытача, «здымаючы» перад ім покрыва прыватнасці, таямніцы асабістага. Прычым не толькі з сябе... (Тут дарэчы будзе згадаць, што ў творы — часам як і ў асабістых адносінах: хочацца «распрануць» не таго, на кім амаль нічога не засталося, а, наадварот, добра «апранутага». Даведацца самому пра тое, што не на паверхні, а калі гэта перад табою — на талерку — плясь, то знікае жаданне дакранацца.)

Яшчэ адно пытанне, якое хочацца задаць, датычыць мастацкасці: творы А. Глобуса чытаюць таму, што ён распавядае пра сябе і сваіх блізкіх, сяброў, знаёмых? А ці было б цікава чытаць, каб ведалі, што лірычныя героі — насамрэч выдуманыя, нерэальныя?

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?