Вы тут

Шыфры падсвядомасці: мянушкі ў прозе Георгія Марчука


Ствараючы партрэты нашых сучаснікаў, аналізуючы чалавечыя стасункі ў цяперашнім грамадстве, Георгій Марчук умела выкарыстоўвае прагматычны патэнцыял антрапонімаў — яркага паказчыка статусу чалавека ў соцыуме і дзейснага прагматычнага рэгулятара ўзаемаадносінаў.


Кожны з нас да другога чалавека можа падысці з двух розных пунктаў гледжання: аб’ектыўна, з пункту гледжання абыякавага назіральніка, альбо прызнаўшы ў другім суб’екце асобу, падкрэсліўшы яе каштоўнасць. Так, называючы чалавека па імені, суб’ект маўлення прызнае значнасць непаўторнай асобы. Заўважым, што пры адчуванні да індывіда чужасці, непавагі, пагарды ўласнае імя звычайна не ўжываюць. Той, хто выкарыстоўвае ацэначна-характарыстычнае найменне (мянушку), часта становіцца ў пазіцыю абыякавага назіральніка, які не выяўляе ў адносінах да аб’екта характарыстыкі шчырых пачуццяў, не суперажывае, не спачувае яму. В. Казько пісаў: «Можна, канешне, адбівацца, казаць, што мянушку далі выпадкова. Але ж чамусьці ўсё роўна далі. Пабочнае, абыякавае, здавалася, мімаходзь слізгануўшы па табе, вока, куды часцей, чым мы самі жадаем, бывае празорлівым». Цікавымі ў гэтым сэнсе з’яўляюцца назіранні за ўжываннем антрапонімаў у творах Г. Марчука.

Маленькія героі навелы «На беразе Гарыні» ненавідзяць шкіпера Сцяпана за тое, што ён не дае ім рыбачыць з баржы, якую ахоўвае. Мянушка Бомба, якой надзялілі гора-рыбакі свайго ворага і крыўдзіцеля, падкрэслівае злосць, агрэсіўнасць шкіпера: Злосны быў Сцяпан як сто галодных ваўкоў. Падшыванцы не ўпускаюць выпадку, адплыўшы на бераг, супрацьлеглы ад месца швартоўкі баржы, выкрыкнуць здзеклівую мянушку: «Бом-ба! Бом-ба! Каб ты да свайго Пінска не даплыў. Каб ты ўтапіўся, Бомба! Каб табе вушы начальства адарвала! Каб цябе дзеўкі не любілі, Бом-ба! Бом-ба!». Праз нейкі час хлопцы, што дражніліся і смяяліся са Сцяпана, глянуўшы на свет ужо паразумнелымі вачыма, неяк падсвядома адчуваюць, што не ўсё так проста ў гэтым складаным дарослым жыцці. Героі даведваюцца: Сцяпан пасля смерці жонкі сам гадуе маленькага сына. Убачыўшы замест звыклага магутнага Бомбы стараватага дзядка, які перажыў у жыцці не адну страту, хлопцы ўпершыню не дражняцца, не ўжываюць мянушку, а задумліва маўчаць.

Да ліку гаваркіх онімаў належаць мянушкі гераінь рамана «Год дэманаў» Ціхая і Капрызная. Першая характарызуе нясмелую, палахлівую жанчыну. Ціхай здавён Горыч называе трыццацігадовую выкладчыцу інстытута замежных моў, непрыкметную і сціплую жанчыну, якая да смерці баіцца мужа — трэнера коннаспартыўнай школы, таму сустракаецца з Любамірам рэдка і ў «надзейным» месцы. Другая мянушка — характарыстыка свавольнай жанчыны, якая з лёгкасцю мяняе аб’ектаў сваіх сімпатый, не кахаючы нікога і не прывязваючыся ні да кога. Жанчын, да якіх Горыч не выяўляе шчырых і глыбокіх пачуццяў, герой называе толькі мянушкамі. На старонках рамана ні разу не згадваюцца іх імёны. А вось жанчыну, якую герой сапраўды пакахаў, якая стала яму самым родным, блізкім чалавекам, герой называе толькі па імені — Алеся.

На азлобленасць, бесчалавечнасць партызан, якія, злоўжываючы законамі ваеннага часу і статусам узброеных людзей, гаспадарылі ў вёсцы і ў панскім доме, указваюць мянушкі Баксёр і Цыган, якія належаць героям рамана «Вочы і сон»: Асабліва часта і толькі сярод ночы прыходзілі ў маёнтак двое партызан — сувязныя Цыган і Баксёр — мянушкі такія. Наглаватыя былі. Мы іх усе баяліся. Паводзілі сябе і распараджаліся як дома. Усё ім [Цыгану і Баксёру] было не так, кожнае слова пані ўспрымалі ў штыкі, быў такі адкрыты, нахабны здзек з жанчыны. Заўважым: вяскоўцамі ні разу не згадваюцца імёны партызан. Мянушкі Цыган і Баксёр — адзін са сродкаў характарыстыкі жорсткіх, амаральных людзей, якія становяцца прычынай смерці пані Батуры і яе сыноў.

У рамане «Крык на хутары» знаходзім прыклад мянушкі, якая даецца асобе ў мэтах канспірацыі. Так, празванне Спелы, 307 далі прадстаўнікі паліцыі Мікіту Летуну, які стаў іх тайным агентам: Прайшоўшы інструктаж і атрымаўшы другое хрышчэнне як «Спелы, 307», Мікіта напаследак замачыў сваю новую пасаду за кошт паліцыі, атрымаў свае грошы і паехаў дамоў. Незаслужана праседзеўшы ў турме, згубіўшы бацькавы грошы, Мікіта, малады, нявопытны хлопец, «даспеў» да таго, каб выдаць паліцэйскім роднага брата. Заўважым, што кампанентам мянушкі з’яўляецца нумар, які мае такое ж прызначэнне, як этыкетка на штучных вырабах. Носьбіт нумара з’яўляецца аб’ектам, выступае ў ролі сродку для ажыццяўлення чужой волі, гэты індывід не мае права на сваё «я». Нумар часта выкарыстоўваецца як сродак індывідуалізацыі арыштаваных, зняволеных, да ліку якіх адносіўся і Мікіта.

Пра неадольную цягу да моцных напояў сведчаць празванні персанажаў трагікамедыі «Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі». Жывуць героі твора ў вёсцы з сімвалічнай назвай Пераброды. Заўважым, што персанажы называюцца не імёнамі, а найчасцей мянушкамі. Так, празванне Крываножка стварае ўяўленне пра асаблівасці хады чалавека — аматара чаркі. Згаданае найменне адносіцца да ліку парадыйных онімаў, якія ўтвараюцца ў выніку камічнага скажэння сапраўднага імя. Так, у рэпліках сяброў-сабутэльнікаў прозвішча героя Крываручка мадыфікуецца ў мянушку Крываножка: А мы неяк пазнаёміліся з табой, Крываручка, год таму, калі кароў здавалі. Добра тады замачылі. Не Крываручка ты быў, а Крываножка. Па сутнасці, у аснове гэтай мянушкі ляжыць мімезіс — сацыяльнае перайманне, якое выўляецца ў сваёй антыподнасці (перайначванні, перадражніванні, перакрыўліванні). Унутраная форма мянушак Долар і Бражка раскрываецца ў кантэксце трагікамедыі. Носьбіт першай мянушкі «…азербайджанскае віно любіць, “даляр” называецца. Доларам ахрысцілі». А носьбіт другога празвання ўжывае шырокі спектр напояў: ад «чарнілаў» да рэктыфікату. Людзі, якія страцілі чалавечае аблічча, памянялі сям’ю, работу, сумленне на гарэлку, пазбаўляюцца імёнаў. Нябожчык-бацька, звяртаючыся да Сцяпана Крываручкі, гаворыць: «Навошта табе імя? Памяці ў цябе не засталося, сумленне спіць, дух народны падменены, ні гордасці, ні гонару за Айчыну ў цябе няма… Жыві безыменным». Страта імені азначае страту Сцяпанам чалавечага, асобаснага статусу. Гэтая падзея становіцца пераломным момантам у існаванні героя, тым штуршком, які вядзе да пераасэнсавання жыцця. Пачатак унутранага аднаўлення, адраджэння чалавечага ў героі звязваецца з вяртаннем імені.

Заўважым, што мянушкі ў творах Г. Марчука з’яўляюцца сродкам характарыстыкі не толькі іх носьбітаў, але і соцыуму, у якім ужываюцца такія формы найменняў. Найчасцей гэта вясковае асяроддзе, дзе людзі не так строга прытрымліваюцца этыкетных нормаў, дзе прынята адкрыта, востра, трапна, а часам і крыўдна ацэньваць чалавека. Гэта і крымінальнае асяроддзе, дзе ў коле «сваіх» прынята ўжываць мянушкі. Так, злачынцы, з-за якіх загінула гераіня рамана «Крык на хутары» Маня Лятун, называюцца толькі мянушкамі Кіцала і Барка.

Мянушкі выконваюць у творах Георгія Марчука важную мастацкую функцыю: дапамагаюць больш поўна раскрыць вобраз героя і тонка перадаць нюансы чалавечых узаемаадносінаў.

Святлана БУТ-ГУСАІМ, кандыдат філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?