Вы тут

За год жыллёвая нерухомасць у Мінску падаражэла на 22%


Па звестках Нацыянальнага кадастравага агенцтва, у маі было ўсяго 1000 дагавораў куплі-продажу. На куплю выдаткавалі 143 мільёны рублёў. Гэта значыць, у сярэднім кватэра каштавала 143 тысячы рублёў. У параўнанні з папярэднімі месяцамі адбыўся спад пакупніцкай цікавасці. У лютым, сакавіку і красавіку здзелак было на 14 % больш, чым у маі. Растлумачыць падзенне рынку можна і новымі правіламі выдачы крэдытаў. Цяпер ёсць жорсткае абмежаванне, калі на выплату працэнтаў і асноўнага доўгу ў вас павінна прыходзіцца не больш як 40 % ад прыбытку. Таму буйныя крэдыты сталі даступныя далёка не ўсім.


Згаданыя абмежаванні па крэдытах быццам бы павінны весці да патаннення жылля, але ў нас спецыялісты па нерухомасці прагназуюць яшчэ нязначнае падаражэнне па выніках года. У маі ў сталіцы працягваўся рост цэн на кватэры. Сярэдні кошт «квадрата» дасягнуў 2,5 тысячы рублёў, што на 8 % больш, чым у студзені, і на 22 % — чым у маі мінулага года. Падаражэнне адбываецца на фоне недастатковай прапановы першаснага жылля, а гэтая праблема не вырашаецца з прычыны дэфіцыту пляцовак пад забудову, гаворыць ганаровы старшыня савета Беларускай асацыяцыі «Нерухомасць» Мікалай ПРАСТАЛУПАЎ.

Наш эксперт сцвярджае, што цэны на кватэры ў новабудоўлях падняліся, бо саміх дамоў становіцца менш. Ужо нават панэльнае жыллё прапануюць па 2400—2600 рублёў за квадратны метр. Вядома, павышэнне цэн на 22 % за год — гэта зашмат, досыць нечакана і амаль што нерэальна. Да чэрвеня намецілася стабілізацыя цэн, попыту і прапановы. Здзелак стала менш. У прынцыпе летам часцей за ўсё ў нас назіраецца зацішша. На думку Мікалая Прасталупава, да сярэдзіны жніўня змен на рынку не адбудзецца, а вось чаго чакаць далей...

У Мінску шмат жылля будавацца ўжо не будзе. Утворыцца дэфіцыт новабудоўляў, які і так ёсць. Аднапакаёвая кватэра за 100—120 тысяч рублёў без аздаблення — гэта няправільна, асабліва з улікам якасці будаўніцтва. У галоўным мегаполісе краіны штучна створаны дэфіцыт новабудоўляў. Зямлю ў горадзе не даюць, вакол кальцавой забудоўваць не жадаюць. За першасным будаўніцтвам расце і цана другаснага жылля. Каля 90 % прадаўцоў кватэр на другасным рынку ўзамен купляюць іншае жыллё, паляпшаюць жыллёвыя ўмовы. І ўсе хочуць новабудоўлі, а іх мала.

Нават калі прадаваць маленькую кватэрку ў старой панэльцы за 80 тысяч рублёў, то застаецца купіць больш прасторную новабудоўлю за 110 тысяч рублёў ды зверху ўкласці 20 тысяч у аздабленне. Варыянтаў палепшыць жыллёвыя ўмовы няшмат, лічыць Мікалай Прасталупаў. Але наш эксперт упэўнены, што пасля лета цэны відавочна не пойдуць уніз...

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?