Вы тут

«Наша мова павінна быць усюды!»


З гамяльчанкай Святланай Малец мы пазнаёміліся падчас правядзення дня падпісчыка ў аддзяленні № 50 Гомеля. Праўда, высветлілася, што падпіску на «Звязду» жанчына аформіла загадзя, але ж падышла, каб пагутарыць. І на пытанне, чаму вы выбіраеце «Звязду», адказала: «Гэта ж наша нацыянальная газета — адзіная на беларускай мове!»


Колькі гадоў запар з'яўляецца падпісчыцай, жанчына нават не можа дакладна ўспомніць. Ці то 30, ці то больш, кажа. Пры гэтым вельмі шкадуе, што не вучыла некалі беларускую мову ў школе:

— Мае бацькі мяне ад беларускай мовы вызвалілі — як многіх у той час. Стала цікавіцца ёю значна пазней. Колькі падарожнічала па свеце, паўсюль бачыла: усе ганарацца сваёй роднай мовай. А наша ж мова прыгажэйшая за італьянскую! Мне здаецца, яна павінна быць больш чутна ўсюды.

Сёння Святлана Канстанцінаўна пенсіянерка, а працавала ўсё жыццё інжынерам: доўгі час на гомельскім фанера-запалкавым камбінаце, перад пенсіяй — у гандлёвым доме «Малочныя карункі»:

— Я заўсёды параўноўваю інфармацыю ў розных крыніцах, у тым ліку чытаю палітычныя агляды «Звязды». Мне цікавыя публікацыі Захара Бурака ў рубрыцы «Кантыненты». Заўсёды важна даведвацца пра сітуацыю ў розных краінах свету. «Хатнюю энцыклапедыю» чытаю і нават нешта для сябе пакідаю. Было б добра, калі б вы напісалі, што азначаюць узоры на вышыванках. Тым больш што яны маюць асаблівасці ў розных рэгіёнах краіны.

Мы са свайго боку падарылі Святлане Канстанцінаўне сувеніры ад «Звязды».

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.