Вы тут

«Ажывіць» эпоху Купалы


Пад вокладкай кнігі Міколы Труса «Купалаўскія адрасы ў Славакіі» (Мінск, «Медысонт», 2018) — уласнае навуковае даследаванне, звязанае з візітам песняра ў Чэхаславакію ў 1935 годзе ў складзе дэлегацыі савецкіх журналістаў і пісьменнікаў (пра гэта ў 2012 г. навуковец выдаў манаграфію «Янка Купала ў Славакіі»), а таксама плён і вынікі новых росшукаў, здзейсненых пасля выхаду манаграфіі. Гэта пакуль маладаследаваная старонка беларуска-славацкіх літаратурных сувязяў: працяглы час іх асэнсаванне і асвятленне было другасным у маштабе кантактаў Савецкага Саюза і Чэхаславакіі.


Славакія і Беларусь — дзве дзяржавы ў цэнтры Еўропы, у гісторыі якіх шмат падобнага. Дыпламатычным адносінам паміж краінамі больш за 20 гадоў, а дыялогу дзвюх культур — трохі больш за стагоддзе. Пачаткам літаратурных сувязяў можна лічыць 1909 год, калі ў «Нашай ніве» быў надрукаваны пераствораны па-беларуску верш славацкага паэта. У 1925 годзе Чэхаславакію ўпершыню наведалі афіцыйна беларускія пісьменнікі (Янка Купала, Цішка Гартны, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі). У 1927 годзе Янка Купала як член праўлення Таварыства культурных сувязяў Савецкай Беларусі з заграніцай ізноў пабываў у Чэхаславакіі.

У 1935 годзе СМІ Чэхаславакіі падрабязна, дзень за днём, апісвалі візіт савецкай дэлегацыі. Краіна была шматпартыйная, адпаведна, за дэлегацыяй цікавалі журналісты з выданняў і левага (якія сімпатызавалі СССР), і правага (у якіх, наадварот, змяшчаліся фельетоны) толку. СССР успрымалі як краіну ў нечым экзатычную — таму да савецкіх журналістаў і пісьменнікаў стаўленне было вельмі пільнае. Але калі дэлегацыя апынулася ў Браціславе, раптам замаўчалі, — гэта і зацікавіла М. Труса, падштурхнула правесці дэталёвае даследаванне.

М. Трус наведаў гарады, дзе ў 1935 г. быў і Янка Купала — а цяпер там знаходзяцца архівы і бібліятэкі. Браціслава, Святы Юр, Модра, Пешцяны, Высокія Татры… Нечакана пазначыўся яшчэ адзін пункт купалаўскага візіту: Прэшаў (Усходняя Славакія) — гэты горад паэт на наведаў, але там знайшліся яго аўтографы — дзве кнігі са «Збору твораў», падараваныя славацкаму пісьменніку Францішку Ціхаму.

Зварот да архіваў, беларускіх і славацкіх, нястомная пошукавая праца, звязаная з паездкамі па гарадах Славакіі, выявіла шмат імёнаў, новых фактаў, падзей грамадскакультурнага еўрапейскага працэсу. Усё гэта апісвалася ў артыкулах, паступова ў навуковы абарот уводзіліся новыя звесткі. Для даследчыка было важна «ажывіць» той далёкі час — таму ў славацкіх газетах ён цікавіўся ўсім: што найперш займала людзей, пра што яны клапаціліся, што думалі; што тады ставілася ў кінаі тэатрах, якім было надвор’е. Высветлілася, што Янку Купалу ўспрымалі як народнага будзіцеля (тоесна нашаму тэрміну «адраджэнец») і як імпрэсіяніста.

У 2015 годзе ўпершыню беларускія музейшчыкі і журналісты прайшлі шляхамі Янкі Купалы па замежжы (раней падобныя экскурсіі здзяйсняліся ў нашай краіне). Візіт быў арганізаваны пры падтрымцы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліку Беларусь Мар’яна Сэрваткі. Пад кіраўніцтвам дырэктара Дзяржаўнага музея Янкі Купалы Алены Ляшковіч дэлегацыя рушыла шляхамі беларускага песняра дзеля новых стасункаў. Музейшчыкі найперш рупіліся, каб наладзіць супрацоўніцтва з гарадамі Славакіі. У Браціславе на фасадах будынкаў нямала памятных шыльдаў, прысвечаных розным слынным творцам: Моцарту, Шапэну і іншым. Дзякуючы перамовам было вырашана, што шыльда, прысвечаная Янку Купалу, упрыгожыць сцяну атэля «Карлтан», дзе падчас візіту спыняўся беларускі паэт. Вынікі паездкі 2015 года знайшлі сваё дэталёвае адлюстраванне пад вокладкай выдання 2018 года. Шматлікія архіўныя і сучасныя здымкі, аўтографы, старонкі газет і часопісаў, карыкатуры, шаржы, выявы маляўнічых славацкіх гарадоў зробяць чытанне прыемным і наглядным.

Такім чынам, тэма «Янка Купала ў Славакіі» аказалася «закальцаванай» новай кнігай, што беспрэцэдэнтна ў сферы міжнародных зносінаў Беларусі і Славакіі: Мікола Трус паказаў інтэграванасць навуковых росшукаў у сучасную практыку ў міжнароднай сферы. Выданне прызначана не толькі для літаратуразнаўцаў, але і ўсім, хто цікавіцца творчасцю беларускага генія, айчыннай гісторыяй і культурай.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.