Вы тут

Алена Русакевіч. Што было ў сакрэтнай зоне?


На выстаўцы «Сакрэтная зона» ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва былі прадстаўлены творы запрошанага з Расіі мастака Сяргея Катрана. У экспазіцыйнай прасторы размясціліся інсталяцыі, скульптуры і відэа-арт. Куратарам выстаўкі, што ладзілася ў рамках фестывалю «АртМінск», выступіў Павел Вайніцкі.


Выстаўка ўяўляла своеасаблівую «артлабараторыю» — для разважанняў на экзістэнцыяльныя і сакральна-філасофскія тэмы. Варта адзначыць, што трансфармацыя звыклай і практычна канвенцыйнай выставачнай прасторы ў памяшканне, якое прадугледжвае эксперымент і мадыфікацыю, — вельмі таленавіты ход з пункту гледжання падачы матэрыялу. Акрамя таго, даволі цікавы досвед, каб пазнаёміцца з новымі формамі сучаснага мастацтва. Гэта тая форма выставачнай практыкі, пры якой мастацтва ў пэўны момант становіцца навуковай дзейнасцю.

Дзесяць памяшканняў змясцілі ў сабе дзесяць цалкам самадастатковых сюжэтных вектараў, кожны з якіх раскрываў мастацкую задуму. Усе гэтыя гісторыі выступалі раўназначнымі элементамі аўтарскага наратыву. Мастак размаўляў з гледачом на мове знакаў і метафар, якія павінны былі падштурхоўваць наведвальніка да ўласных высноў. Аўтар распавядаў пра ўніверсальныя і практычна архетыпічныя паняцці: пра быццё і небыццё, пра час, пра чалавека, пра соцыум і г. д. Наведвальнік пры такім падыходзе атрымлівае магчымасць самастойна выбіраць напрамак для развіцця думкі, абапіраючыся на ўжо закладзеныя аўтарам сэнсы.

Нягледзячы на ўласцівую творам канцэптуальнага мастацтва ўмоўнасць у візуальным выкладанні, Сяргей Катран надаў шмат увагі вонкавым мастацкім характарыстыкам сваіх скульптур і інсталяцый. Кожны твор уяўляў сабой аб'ект з падкрэсленай эстэтычнай скіраванасцю. Пры гэтым усе скарыстаныя матэрыялы і ўжытыя тэхнікі часцяком гралі істотную ролю ў раскрыцці канцэпцыі твора.

Гэтую выстаўку можна лічыць «добра зрэжысіраванай», паколькі яна ўся і асобныя сегменты ўяўлялі сабой самастойныя творы мастацтва з граматна расстаўленымі акцэнтамі і ярка выяўленай агульнай ідэйнай канвой. Важна таксама ўлічваць, што многія прадстаўленыя аб'екты былі рэплікамі раней экспанаваных твораў за мяжой і ствараліся з улікам асаблівасцяў выставачнай прасторы. Інтэрактыўнасць выстаўкі праз магчымасць самастойна інтэрпрэтаваць творы заўсёды прыцягвае гледача. Але ўсё ж адсутнасць эксплікацыі істотна ўскладняе прачытанне аўтарскай і куратарскай канцэпцыі. Але спрактыкаваны глядач атрымлівае магчымасць абысці крыху маралізатарскі тон мастака.

Выстаўку «Сакрэтная зона» можна лічыць адной з найбольш прагрэсіўных, прадстаўленых за апошнія некалькі месяцаў у Мінску. Яна можа стаць адным з мноства штуршкоў, каб вывесці сучаснае мастацтва на новы якасны і ідэйны ўзровень — да адмовы ад іроніі і падкрэсленай эксплуатацыі сюжэтаў і вобразаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».