Вы тут

Выклік Касцючэнкі


Васіль Касцючэнка — адзін з тых мастакоў, якім літаральна прыйшлося змагацца за права называцца творцам. Сёння актыўна выстаўляецца як у краіне, так і за мяжой, яго работы раскупляюцца. Мастак з году ў год арганізоўвае выстаўкі, каб даць магчымасць убачыць прыгажосць у штодзённых рэчах і колеры.


— Васіль Кузьміч, часта ў коле творцаў гучыць меркаванне, што вы адзін з самых запатрабаваных беларускіх мастакоў сучаснасці. Як ставіцеся да такой адзнакі?

— У цяперашні перыяд часу вельмі складана меркаваць, хто ў нашым творчым асяроддзі лепшы. Калі мае творы падабаюцца гледачу, безумоўна, гэта радуе. Хачу прыносіць людзям дабро. Але маё мастацтва ўспрымалі па-рознаму. Памятаю выпадак, калі мастакі выстаўляліся калектыўна. Увайшоў у выставачную прастору Віктар Грамыка і загадаў зняць маю карціну. Работу не знялі, а перамясцілі ў месца, дзе яе практычна не было відаць. Я перашкаджаў таму мастацтву. Мае карціны не былі фарматнымі, звыклымі мастацкаму асяродку. Яркія колеры ўспрымаліся як выклік, агрэсія. Тады ў прыярытэце была ваенная тэматыка, карціны, якія адлюстроўвалі подзвіг народа, нацыянальныя каштоўнасці, а я тут узяў і з'явіўся са сваім колерам.

Мне не хацелася пісаць так, як дыктавала грамадства, таму што гэта ўжо было, многія так пісалі. Хацелася навізны. Я вельмі паважаў нашых таленавітых мастакоў, такіх як Віктар Грамыка або Міхаіл Савіцкі, але не хацеў паўтараць іх у творчасці. Мне хацелася быць свабодным. Вельмі падабалася пісаць шчасце ці смутак: думаў, як перадаць той ці іншы настрой праз фарбу і лініі. Калі рабіў свае абстрактныя каляровыя работы, я быў быццам закаханы. Таму, відаць, трымаў сваю пазіцыю.

Бывае, я і цяпер пішу невялікія пейзажы ў духу імпрэсіянізму, лічу, тое, што стварыў Бог, непаўторна. Немагчыма ў пейзажы перадаць тую прыгажосць, якую бачыш у дадзены момант. Усім вядома, што Айвазоўскі выдумляў мора, думаў над тым, якое яно павінна быць. А калі проста змалёўваць карцінку, не дасягнеш патрэбнага колеру і яркасці. Калі я бачу фарбы, адразу прачынаецца фантазія. Добра памятаю момант, калі ў дзяцінстве ўзяў у руку снег, і рука стала чырвоная. Я быў здзіўлены, што снег такі белы, а рука чамусьці пачырванела. Тады ўжо пачаў разумець, што ва ўзаемадзеянні колеру ёсць шмат таямніц.

— Як атрымалася адстаяць творчую пазіцыю?

— Калі мяне не выстаўлялі, я хваляваўся, але не здаваўся. Увесь час настройваў сябе, што зраблю лепш. Падтрымліваў Гаўрыла Вашчанка, дапамагаў Леанід Шчамялёў. Памятаю, як прыйшоў у майстэрню да Леаніда Дзмітрыевіча па рэкамэндацыю і ён мне сказаў: «Працягвай пісаць так, як адчуваеш. І ўсё ў цябе атрымаецца». Не адчуваў сябе адзінокім і працягваў працаваць з колерам. У мяне ёсць карціна «Я з вогненнай вёскі», якая знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Гэты твор мастацтвазнаўцы лічаць паспяховым. А мне складана было напісаць яго: столькі цёмнага, сумнага. Пасля гэтай карціны я для сябе вырашыў, што так пісаць больш не буду.

Фота Вікторыі Аскеры.

Самы вялікі пераварот са мной здарыўся, калі я вёў студыю малюнка. У мяне займалася каля дваццаці дзяцей, з імі было цікава. Памятаю, як мне трэба было пісаць вялікую работу ў рэалістычным стылі. Дзеці сышлі, а я падыходжу да палатна і разумею, што пасля дзіцячага малюнка не магу пісаць. Мне хацелася непасрэднасці, лёгкасці выканання. Гэта быў яшчэ адзін штуршок да таго, што трэба слухаць свой унутраны голас.

У той жа час у Парку 50-годдзя Кастрычніка я працаваў афарміцелем. У мяне там была свая майстэрня, каля якой быў абгароджаны панадворак. І пасля таго, як дзіцячыя малюнкі абудзілі ўва мне незвычайны творчы настрой, у дворыку я спаліў каля шасці работ. І адразу ж адчуў унутраную свабоду: гэтыя творы былі грузам, які цягнуў назад.

— А як увогуле ў вас з'явілася жаданне стаць мастаком?

— Марыў стаць мастаком з дзяцінства. Мая мама вышывала крыжыкам. Мне падабалася назіраць, як маленькімі крыжыкамі яна стварае вялікую карціну. Асабліва падабалася глядзець, як яна падбірае колеры, якія плаўна зліваюцца ў вобразы. Да гэтага часу памятаю свой першы малюнак. Бацька купіў тэлевізар, а да нас прыйшоў сусед. Ну і пакуль яны глядзелі фільм, я таемна намаляваў суседа. Усе былі ўражаныя падабенствам, мяне хвалілі. Гэта выклікала гонар і я вырашыў працягнуць маляваць. Памятаю, усе хлопцы бягуць гуляць у футбол, а я малюю… Таксама паўплывала вучоба ў Віцебску — гэта горад знакамітых майстроў.

— Калі адчулі момант поспеху?

— Калі я паехаў упершыню ў Швецыю, Люксембург, калі ўбачыў, як працуюць у Маскве, зразумеў, што ў маёй творчасці ёсць пачуццё стылю. А потым мае творы сталі прадавацца ў розных краінах. У Беларусі даводзілася заваёўваць імя, змагацца з крытыкай, а за мяжой, не пабаюся сказаць, я быў у трэндзе. Дваякае пачуццё ўзнікала тады.

Пасля прыезду ў Беларусь са Швецыі мы з Фёдарам Ястрабам вырашылі сабраць сваю гільдыю. Вельмі шмат шуму нарабілі, арганізоўваючы розныя праекты. Нас называлі бунтарамі. Але гэта быў цікавы час. Цяпер, калі няма супрацьстаяння, становіцца нават крыху сумна.

А вось як дакладна стаў разумець, што я запатрабаваны, сказаць складана. Гэта не было ў адзін дзень. Але калі я стаў заўважаць на выстаўках, што некаторыя мастакі, асабліва маладыя, спрабуюць капіраваць мой стыль, злавіў сябе на думцы, што гэта таксама поспех.

Хачу адзначыць, што ніколі не выкарыстоўваю да сябе паняцце «майстар». Мяне яно абражае. Бо гэта больш статычнае паняцце. Як правіла, майстрам сябе называюць аўтары, якія доўгі час працуюць па адным прынцыпе. Называю сябе менавіта мастаком.

— Для вас праца з колерам — самае важнае ў творчасці. Чаму?

— На пачатку творчага шляху да мяне прыходзілі многія мастакі і пыталіся: «Вася, ты дурань? Навошта гэтым глупствам займаешся?». А ўсё таму, што я мог шукаць каляровыя суадносіны тыдзень, тысячу разоў перафарбоўваў, шукаў адценні. Бо нельга адразу напісаць чырвоны, таксама белы колер немагчыма напісаць на белым палатне. Ім здавалася гэта дурасцю, бо прасцей работу напісаць хутка і прадаць. А мне не хочацца перагружаць гледача, я заўсёды шукаю баланс. У мяне ёсць такая пазіцыя, што твор, які пішацца доўга, захоўвае ў сабе таямніцу часу. Заўсёды відаць, колькі чалавек уклаў у карціну. Мой колер — гэта ўнутраныя перажыванні, эмацыянальны струмень.

Мне важна знайсці тэму, якую я змагу не проста перадаць, а пражыць. Ідзеш, напрыклад, па вуліцы, чуеш музыку і быццам бы ў табе дзверцы памяці адчыняюцца. Хочацца бегчы ў майстэрню і пачаць пісаць карціну. Эфект асацыяцыі з часам — вось што важна.

Дарэчы, з дапамогай колеравай гамы можна стварыць як настрой, так і сэнсавую загадку. Фарбы спрыяюць прыцягненню ўвагі гледача і развіццю яго камунікацыі з творам.

— Героі вашых работ — персанажы рэальныя або прыдуманыя?

— Я шукаю вобраз сучасніка. Тут, вядома, без фантазіі не абыходзіцца. Але часам магу на прыкладзе пэўнага чалавека падглядзець асаблівасці паводзін.

Наогул, на мяне ў свой час вельмі падзейнічалі абразы. Пачаў выкарыстоўваць у творчасці рысы герояў абразоў. Нельга забываць, што гэтыя вобразы вечныя. Мне падабаецца дэталізаванасць, уласцівая абразам. Калі я ствараю партрэт, хочацца надаць яму жвавасці. Важна здолець паказаць вобраз энергічным. Але, бывае, суткі не можаш да пэндзля дакрануцца, усё думаеш, як лепш намаляваць.

— Ці ёсць асабліва дарагія работы?

— Так, ёсць. Я іх ніколі не прадам, таму што яны звязаны з адкрыццямі ў творчасці, якія далі штуршок не спыняцца.

Мая творчасць залежыць ад кожнага пражытага дня, ад кожнай новай сустрэчы. Ніколі не ведаю, якая ў мяне атрымаецца работа. Ёсць пэўная ідэя, але ў працэсе яна можа трансфармавацца. Важна быць захопленым, тады карціна будзе прыцягваць. Часта ж бывае так: ідзеш па калектыўнай выстаўцы, але падыходзіш толькі да той работы, якая кліча цябе. Нават зразумець складана, чым прыцягвае. Гэта сакрамэнт мастацтва. Вельмі падабаецца недасказанасць у творчасці — развівае мастацкі дыялог.

— Паколькі ваш сын Алег Касцючэнка таксама мастак, вы не баіцеся, што сына заўсёды будуць параўноўваць з вамі?

— Гэта вельмі важнае і актуальнае пытанне для любой сям'і, дзе некалькі мастакоў. Мы з Алегам навучыліся прымаць пазіцыю адзін аднаго. Параўнанне — нармальны працэс. Але дастаткова паглядзець на творы мае і Алега, і становіцца зразумела, што мы розныя: няма падабенства ў кампазіцыі, форме. Я навучыў сына галоўнаму навыку мастака — працаваць так, як адчуваеш, а не так, як хоча грамадства.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?