Вы тут

Адноўлены «Пятрушка» на сцэне Вялікага тэатра Беларусі


На маляваных вуліцах Пецярбурга — грэнадзёры і вулічныя артысты, ап’янелыя мінакі і шляхетныя дамы, павадыр з мядзведзем ды лялечны тэатр з нязменнымі марыянеткамі — Пятрушкам, Балерынай, Арапам… У межах праекта «Балетнае лета — 2018» у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры Беларусі прадставілі расійска-беларускую прэм’еру — балет Ігара Стравінскага «Пятрушка», пастаўлены народным артыстам Расіі Андрысам Ліепам.


Эпізод з гісторыі

«Пятрушка» — колішняя сенсацыя «Рускіх сезонаў» Сяргея Дзягілева, прэм’ера якой адбылася ў 1911 годзе ў парыжскім тэатры «Шатле», ішла на сцэнах Нью-Ёрка, Рыма, Лондана, Капенгагена ды іншых еўрапейскіх гарадоў, дэманстравалася ў тэатрах Масквы і Пецярбурга. Французы, як і іншыя замежнікі, праз «Рускія сезоны» знаёміліся з мала вядомай для іх расійскай культурай. Пастаноўкі з эпізодаў сучаснага для таго часу жыцця і фальклорныя матывы (як у «Жар-птушцы») захаплялі іх сваёй арыгінальнасцю, незвычайнасцю касцюмаў і дэкарацый, каларытнай і дзесьці нават рэвалюцыйнай музыкай. Ваенныя, калядоўшчыкі і звычайныя вобразы «з народу» ў дэкарацыях зімовага Пецярбурга з балета «Пятрушка» па-рознаму ўспрымаліся за мяжой і на радзіме: калі еўрапейцы бачылі ў іх экзотыку, то рускага гледача ўражвала надзённасць і рэалістычнасць увасобленых персанажаў.

Спектакль нарадзіўся ад узаемадзеяння трох значных асобаў таго часу, ураджэнцаў горада на Няве — кампазітара Ігара Стравінскага, мастака Аляксандра Бенуа, балетмайстра Міхаіла Фокіна. Іх лёс у чымсьці падобны: так, Аляксандр Бенуа і Ігар Стравінскі — выпускнікі Санкт-Пецярбургскага юрыдычнага факультэта, якія кардынальна змянілі від дзейнасці і перайшлі ад падпарадкавання чалавечым законам пад уладу мастацтва. Незвычайная музыка Стравінскага з уключанымі ў партытуру вулічнымі матывамі «зачапіла» Сяргея Дзягілева і натхніла яго на стварэнне балета, які дапоўнілі жывымі вобразамі персанажаў ад Аляксандра Бенуа і выразнай харэаграфіяй Міхаіла Фокіна. У выніку традыцыйныя дзеючыя асобы з народых лялечных прадстаўленняў ператварыліся ў новую старонку гісторыі рускага балета.

Шляхамі «рускіх сезонаў»

На беларускай сцэне «Пятрушку» ўвасобіў Андрыс Ліепа — чалавек, апантаны ідэяй і гатовы да якаснай працы. Былы саліст балета, харэограф, тэатральны рэжысёр і прадзюсар ужо даўно займаецца праектам «Рускія сезоны ХХІ стагоддзя». Дзягілеўскія пастаноўкі, адноўленыя Андрысам Ліепам, з поспехам ідуць на сцэнах культурных сталіц свету. У гэтых спектаклях, як і ў «Пятрушцы», ён выступае хутчэй не як рэжысёр-пастаноўшчык, а як рэстаўратар: па дробязях складае для сучаснікаў тую выяву, якую бачылі першыя гледачы спектакля. Ад самога Андрыса Ліепы там — надзвычайная адказнасць, не толькі творчая, але і асабістая. Нядзіўна: каб выканаць такую працу, балетмайстар шчыльна кантактаваў з нашчадкамі Міхаіла Фокіна. Унучка знакамітага харэографа нават перадала яму клавір з пазнакамі самога М. Фокіна. Дапамаглі ў рэстаўрацыі арыгінальнай фокінаўскай харэаграфіі і відэазапісы пастаноўкі ды рэпетыцый, якія засталіся на кінастужках. Элементы рускіх народных танцаў, уключаныя ў балет, рэпеціравалі з адмыслова запрошаным спецыялістам: цяпер танцоўшчыкі Вялікага тэатра могуць ганарыцца не толькі сваім балетным майстэрствам, але і старанна адпрацаванымі фальклорнымі рухамі.

Не менш адказна падышлі і да мастацкага афармлення. Па эскізах Аляксандра Бенуа з дапамогай прафесійных мастакоў дакладна ўзнавілі касцюмы і дэкарацыі. Вядома, што з цягам часу колеры на малюнках мяняюцца, і першапачатковая яркасць выявы знікае. Андрыс Ліепа адзначыў, што, каб пазбегнуць недакладнасці, у працэсе ўзнаўлення каманда карысталася і пісьмовымі ўспамінамі сведкаў, што дапамагло зразумець усе нюансы палітры Бенуа.

Калі ўважліва паглядзець на балет «Пятрушка», то можна заўважыць і настальгію рускага чалавека, які апынуўся за мяжой, і адчуць разлік на замежнікаў: іх імкнуліся ўразіць экзотыкай. Адноўленая пастаноўка спалучае абодва гэтыя элементы: тут і незвычайнасць назаўсёды страчанай эпохі, і туга па гістарычным мінулым, якія дасюль чапляюць у дзягілеўскіх спектаклях. Дзякуючы ўнёску Андрыса Ліепы, у рэпертуары Вялікага тэатра Беларусі цяпер можна казаць пра асобную праграму па матывах «Рускіх сезонаў» Сяргея Дзягілева: разам з прэм’ерным «Пятрушкам» гледачам прадэманстравалі балеты «Шахеразада» Мікалая Рымскага-Корсакава і «Жар-птушку» Ігара Стравінскага.

Па-за межамі эпохі

Чаму ўжо сто гадоў жыве «Пятрушка»? Тое, што раней успрымалася як наватарства ў харэаграфіі, з цягам часу пераўтварылася ў класіку і не здзівіць. І ўсё ж такі пастаноўка адгукаецца ў сэрцах аўдыторыі. Мабыць, справа ў яе няўміручым сюжэце?

Вобразы Пятрушкі, Арапа, Балерыны ды Факіра, на першы погляд, простыя і немудрагелістыя. Разам з тым яны надзвычай яркія і красамоўныя. Напэўна, у такім спалучэнні і хаваецца сакрэт іх доўгага сцэнічнага жыцця: калі дакладнае вызначэнне «другога дна» самі аўтары не заклалі, то за іх гэтую разумовую справу робіць глядач. І кожны бачыць тое, што хоча ўбачыць, дадае да архетыпічных вобразаў якасці, якія адпавядаюць яго светабачанню. Нездарма вобраз Пятрушкі трактавалі па-рознаму: ад рамантычна-трагічнага героя да нонканфарміста і паўстанца-рэвалюцыянера. Заўважылі за ім і класічнага «маленькага чалавека», бо народны Пятрушка — гэта і смешны герой-небарака. Але ў рускай культуры (дастаткова толькі паглядзець на класічную літаратуру) такія постаці заўсёды адчуваліся асабліва трагічнымі. Гэта не традыцыйны прыдворны блазан еўрапейскіх каралёў, надзвычай разумны і хітры, які праз жарты даносіць трапныя і праўдзівыя заўвагі. Пятрушка — шчыры прастак, па жыцці карыстаецца сэрцам, а не галавой і моцна пакутуе праз тое лепшае, што ў ім ёсць. Разам з тым яму прыпісваюць і высокія, амаль экзістэнцыяльныя перажыванні, што падкрэсліваў артыст Алег Яромкін, які танцаваў прэм’еру. Пятрушка сімвалізуе і духоўны пачатак, якога няма ў карысталюбнага Арапа і какетлівай Балерыны.

Любоўная гісторыя Пятрушкі і Балерыны мае шмат агульнага з персанажам французскага вулічнага тэатра П’еро. Балерына не звяртае ўвагі на сумнага кавалера, легкадумна аддае ўвагу самаўпэўненаму Арапу, які гатовы ўсё жыццё маліцца на какосавы арэх. У вобразе жорсткага Факіра ў свой час праводзілі паралелі і з самім Сяргеем Дзягілевым, які, бы персанаж сваёй жа пастаноўкі, спрытна маніпулюе артыстамі. Такім чынам, драма, якая разгортваецца перад гледачом на сцэне «тэатра ў тэатры», надта ж падобная да сапраўдных жыццёвых сюжэтаў. Таму і трагізм, які выклікае смерць звычайнай лялькі (градус трагедыі ўзмацняе тое, што сцэнічная публіка ўспрымае жорсткае забойства Пятрушкі, так драматычна паказанае знутры, толькі як нязначны выпадак) застаецца актуальным на працягу стагоддзя.

У сучасным кантэксце

Цяпер, калі тэатры па ўсім свеце (і айчынны Вялікі тэатр — не выключэнне) імкнуцца перарабіць пастаноўкі мінулых стагоддзяў на сучасны лад, каб яшчэ раз пацвердзіць іх нязменную актуальнасць, «Рускія сезоны ХХІ стагоддзя» сцвярджаюць: запатрабаванасць шэдэўраў відавочная і пазачасавая. Андрыс Ліепа заўважае, што героі «Пятрушкі» калісьці ўражвалі гледачоў сваёй будзённасцю і параўноўвае той эфект на аўдыторыю з эфектам, які б атрымаўся, калі б перад мінчанамі на сцэне з’явіліся, напрыклад, звычайныя таксісты. Таксістаў на сцэну Вялікага пакуль не пусцілі, але ж ідэя цікавая: чаму б не паўтарыць поспех «Пятрушкі» ў іншым балеце, паказаць рэаліі ХХІ стагоддзя на сучасны сюжэт?..

Пакуль адраджэнне «Рускіх сезонаў» і балет «Пятрушка» ў прыватнасці дэманструюць нашаму гледачу гісторыю станаўлення рускага балета. Вядома, за апошняе стагоддзе сусветны балет не марнаваў часу і пайшоў значна далей у сваім развіцці. Нейкія харэаграфічныя рашэнні дзягілеўскай пастаноўкі могуць падацца занадта простымі на фоне дасягненняў новага тысячагоддзя, але ці былі б магчымыя гэтыя дасягненні без феномена «Рускіх сезонаў» у культурнай прасторы мінулага стагоддзя?..

…А Пятрушка вось ужо сто гадоў нязменна сядзіць на даху балагана і пагражае кулакамі Факіру, новай эпосе і новым гледачам: так, на ўсялякі выпадак.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Адчуванне героя

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.