Вы тут

Студыя: перазагрузка


Ад «Беларусьфільма» ўвесь час хочацца нечага чакаць: калі ёсць гэтая фабрыка нашых мрояў, то яны вартыя здзяйснення. Для пачатку вартыя хоць бы надзей на здзяйсненне. Таму і прыслухоўваешся да кожнага слова, прамоўленага асобамі, адказнымі за кіно. Нават калі гэта пакуль што планы. Але планы, што агучаны на шырокую аўдыторыю, успрымаюцца як праграма дзеянняў.


Рынкавая мадэль

Гаворка пра вытворчасць, бо для многіх краін свету кіно — гэта прыбытковая галіна, на ёй зарабляюць. І «Беларусьфільм» фактычна — вялікая фабрыка для вытворчасці кінакарцін: пяць павільёнаў з цэхамі, складамі, творчымі студыямі, аўтабазай. Гэта толькі ў самім Мінску, а яшчэ плошча 80 гектараў па-за межамі горада — вялікая прастора для працы, калі яе добра арганізаваць, без прастояў, як кажуць гаспадарнікі.

«Ёсць пытанні, якая мадэль кінастудыі павінна быць у нашых умовах існавання? — патлумачыў на сустрэчы з журналістамі генеральны дырэктар кінастудыі Уладзімір Карачэўскі, які на гэтай пасадзе некалькі месяцаў, але адмыслова вывучаў сітуацыю кінавытворчасці. — Калі казаць па шчырасці, то наш рынак маленькі, плацежаздольнасць не самая высокая. Для існавання кінавытворчасці трэба не толькі дзяржпадтрымка, але і далучэнне інвестараў, партнёраў, важны канчатковы вынік ад продажаў кінафільмаў на рынак». Таму, на думку кіраўніка кінастудыі, неабходна здзейсніць структурныя змены, памяняць падыходы да творчага працэсу і працэс рэалізацыі прадукцыі, каб зрабіць працу буйной установы больш эфектыўнай. Былая мадэль, што выкарыстоўвалася пры планавай эканоміцы, калі дзяржавай вылучаліся пэўныя сумы грошай, не працуе цяпер, пры існаванні сістэмы конкурсаў. Ды і што хаваць, у сусветнай кінаіндустрыі вялікая частка фільмаў ствараецца ў капрадукцыі. Калі ёсць база (вялікая і абсталяваная), то можна шукаць партнёраў і ў Азіі, у Заходняй і Усходняй Еўропе, чаму не?

Напрыклад, паводле слоў гендырэктара, рыхтуецца да падпісання пагадненне з польскімі аніматарамі наконт стварэння поўнаметражнага фільма пра Белавежскую пушчу.

 Правілы гульні

«Сёння памяняліся правілы гульні, — лічыць Уладзімір Карачэўскі. — Спачатку ёсць аналіз, маніторынг з боку прадзюсара, які вывучае, якая тэма можа быць цікавая, прадзюсар забяспечвае суправаджэнне фільма і ведае, каму і як ён будзе яго прадаваць, робяцца ўсе разлікі, каштарыс, і потым толькі выпускаецца стужка з далейшай мэтай продажу. А было так, што мы быццам бы збіраемся прадаваць сваю прадукцыю, а ўся пракатная гісторыя пры гэтым не прапрацавана».

Тут важны яшчэ адзін момант: у розных відаў кіно — свая спецыфіка. Неабходна разумець, каму трэба анімацыйнае кіно, дакументальнае, мастацкае. Такія паняцці, як прадзюсаванне, маркетынг, продаж, павінны стаяць у галаве працэсу. І гэта тэмы не новыя, даўно абмяркоўваюцца на высокіх узроўнях. Пытанне ў тым, што ў адно імгненне такія праблемы не вырашаюцца. Гаворка і пра школу кінапрадзюсарства, і пра эфектыўных менеджараў, якіх таксама ў нас спецыяльна не рыхтавалі. А цяпер яшчэ стаіць задача пашырыць рынак за кошт выхаду ў кінапрасторы іншых краін. Цяжка не пагадзіцца з дырэктарам кінастудыі: рэалізацыя кінапрадукту — адно з самых балючых пытанняў ва ўмовах існавання кінаіндустрыі, дзе рынкі ўжо падзелены паміж самымі буйнымі гульцамі. Але і спадзявацца толькі на дзяржаўныя датацыі ўжо немагчыма.

Сцэнарны партфель

Праўда, тут не ўсё адназначна, бо далёка не кожны фільм здымаецца дзеля заробку: ёсць работы, якія працуюць на творчы і мастацкі імідж краіны, іх задача — трымаць марку і ствараць вобраз часу і месца. Да таго ж у пэўных відах кіно ў нас ёсць свае напрацоўкі і вышыні. Напрыклад, у анімацыі. Пра гэта не забываюць: кінастудыя збіраецца аб'явіць конкурс сцэнарыяў на стварэнне поўнаметражнай анімацыйнай стужкі. Ён задуманы з мэтай прыцягнуць маладых сцэнарыстаў ва ўзросце да 35 гадоў і прадугледжвае рэальнае спаборніцтва з прызамі (ёсць спонсары, гатовыя падтрымаць таленавітых аўтараў). Сёння «Беларусьфільм» атрымлівае нямала сцэнарыяў, практычна штодня з'яўляецца некалькі новых, але арыгінальных ідэй вельмі мала, адзначае кіраўнік сцэнарна-рэдакцыйнага аддзела кінастудыі Антон Сідарэнка. Большасць прапаноў скіраваная на схемы, якія прыносілі поспех раней: меладрамы, крымінал, тэлевізійныя фільмы.

Адказныя за кіно адзначаюць, што не ўсе, хто прапаноўвае свой матэрыял для здымак, разумеюць, што мяняецца жыццё, кантэкст. І сумна, што наогул няшмат заявак на нацыянальныя тэмы, нямнога прапаноў па адлюстраванні сучаснай Беларусі ў кіно.

Праца на імідж

А гэта адна з задач айчыннага кінематографа і студыі, якая мае статус нацыянальнай. І колькі б ні з’яўлялася ў нас новых і незалежных (усе працуюць на агульны працэс!), «Беларусьфільм» — гэта ўсё адно самы буйны гулец у айчыннай прасторы, які мае досвед, назапашаны на працягу 95-гадовай гісторыі існавання.

Гэтай гісторыі на студыі збіраюцца прысвяціць цэлы фестываль, які прыйдзе ва ўсе рэгіёны рэспублікі. Дзеля гэтага наладжваецца праца з кінапракатнымі арганізацыямі. Сталічны кінатэатр «Піянер» арганізуе Дні «Беларусьфільма» з паказам дакументальных, анімацыйных стужак і фільмаў, што ілюструюць гісторыю студыі. Экскурсіі, нават з магчымасцю выезду на натурную пляцоўку, — таксама адзін са шляхоў работы на імідж студыі. Дзеля таго ж распрацоўваецца новы сайт з інфармацыяй на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.

Але найлепш на імідж кінастудыі працуюць фільмы. Ёсць надзея, што будзе створаны нацыянальны фільм пра Янку Купалу паводле сцэнарыя Алены Калюновай. Рэжысёр Уладзімір Янкоўскі збіраецца прыступіць да працы ў жніўні. Аляксандр Анісімаў рыхтуецца да экранізацыі папулярнага рамана «Авантуры Пранціша Вырвіча» Людмілы Рублеўскай паводле сцэнарыя Валянціна Залужнага.

Сёлета ў пракат выйшла карціна «Не гульня» і дзіцячая стужка «Правілы геймера». Серыял «Трымайся за аблокі», пра які доўга гаварылі і пісалі, таксама завершаны. Як і карціна «Чорны сабака» па кнігах Мікалая Чаргінца (рэжысёр Аляксандр Франскевіч-Лае). І яшчэ некалькі праектаў знаходзяцца ў працэсе работы. Неўзабаве пабачым.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».