Вы тут

У чорна-белых танах


Фестываль «Кінемо» чарговы раз запрашае глядзець іх у суправаджэнні жывой музыкі, напісанай сучаснымі кампазітарамі спецыяльна для выбраных фільмаў. Такая практыка здольна вярнуць гледача ў былыя часы, калі прагляд фільма без агучвання і часцей за ўсё без колеру станавіўся пэўным таінствам спазнавання новага мастацтва, захопленага назірання за рухамі на экране і падсвядомага аб'яднання соцень людзей дзеля кароткага кінасвята.


Паказы праграмы «Кінемо» сёлета будуць праходзіць у Мінску па чацвяргах з 14  чэрвеня па 12 ліпеня ва ўнутраным дворыку Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура, а таксама ў Гродне 6—8 ліпеня.

— Калі мы толькі пачыналі рабіць «Кінемо», нам здавалася, што публіку прывабліваюць перш за ўсё зорныя імёны накшталт Чапліна альбо Хічкока, — адзначае праграмны каардынатар фестывалю Вольга Надольская. — На нейкім этапе гэта сапраўды было так. Цяпер я з гонарам магу сказаць, што на «Кінемо» людзі прыходзяць на пэўнага кампазітара ці выканаўцу… Нямое кіно — гэта велізарны невычэрпны пласт культурнай спадчыны. За пяць гадоў мы паказалі ў рамках нашага фестывалю каля трыццаці фільмаў, і гэта вельмі малая частка таго масіву дагукавога кіно, які з'яўляецца на цяперашні момант даступным. Акрамя таго, сінематэкі і кінаархівы па ўсім свеце штогод знаходзяць вялікую колькасць новых, часам невядомых нямых фільмаў і вядуць работу па іх рэстаўрацыі. Мяне вельмі цешыць той факт, што мы ўсё больш адыходзім ад відавочных цікавінак і глядацкіх хітоў у бок эксклюзіўных рэчаў. Напрыклад, летась мы паказалі адзін з самых ранніх польскіх фільмаў «Людзі без заўтра», які доўгі час лічыўся згубленым і толькі нядаўна быў рэстаўраваны варшаўскай «Нацыянальнай фільматэкай». Сёлета выдатны беларускі кампазітар Алена Гуціна прадставіць на «Кінемо» сваю інтэрпрэтацыю трылера амерыканскага рэжысёра Ірвіна Уілата «За дзвярыма», работы па аднаўленні якога былі скончаны толькі ў 2016 годзе. Пры складанні праграмы мы звычайна даём кампазітарам некалькі фільмаў на выбар. Традыцыйна нашы аўтары вельмі неахвотна бяруцца за напісанне музыкі да камедый — відаць, пачуццё гумару не самая моцная рыса нацыянальнага характару. Складана таксама працаваць з савецкім прапагандысцкім кіно, якое патрабуе рэфлексіі і выбару правільнай інтанацыі. Чыста ілюстрацыйны падыход тут не дапаможа.

Шосты фестываль «Кінемо» пакажа карціны ў жанрах камедыі, трылера, драмы  — чатыры поўнаметражныя і падборку кароткаметражак. Па традыцыі праграма не абыходзіцца без знакамітай тройкі комікаў Чаплін — Кітан — Лойд: два першыя будуць прадстаўлены ў апошні вечар у кампаніі Клайда Брукмана, а Гаральд Лойд у фільме «Гоншчык» рэжысёра Тэда Уайлда адкрые фестываль. Апроч гэтага, на экране з'явіцца фільм аднаго з найярчэйшых прадстаўнікоў нямецкага экспрэсіянізму Фрыдрыха Вільгельма Мурнау, праўда, зняты ў ЗША,  — «Узыход сонца. Песня двух чалавек». І, наадварот, немец Эрнст Любіч, больш вядомы «галівудскім» перыядам, у «Кінемо» будзе ўдзельнічаць са сваім нямецкім фільмам «Жонка фараона». Нарэшце, жанр трылера ў нямым кіно можна спазнаць праз карціну «За дзвярыма» Ірвіна Уілата.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».