Вы тут

Гучыць з гонарам


У апошнія гады праектная дзейнасць у сферы адукацыі стала асабліва запатрабаваная. Шматлікія праекты — адукацыйныя, культурна-асветніцкія, канцэртныя, конкурсныя, выхаваўчыя, якія праводзяцца ва ўстанове адукацыі «Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. І. Глінкі», выходзяць не толькі на рэспубліканскі, але і на міжнародны ўзровень. Гэта сумесныя праекты з установамі адукацыі Расіі, Прыбалтыкі, Польшчы, Германіі, Румыніі. У кожным з іх зносіны музыкантаў, праява іх творчага падыходу да прафесіі, узыходжанне да вяршыняў выканальніцкага майстэрства.


Канцэртны хор Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі і жаночы камерны хор

Таксама штогод у каледжы ладзіцца больш за 20 праектаў розных кірункаў. Сярод іх найбольш папулярнымі і маштабнымі можна лічыць такія, як «Карыфеі беларускага нацыянальнага мастацтва» з удзелам народнага хору і аркестра беларускіх народных інструментаў (аўтары праекта — дырэктар Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі Уладзімір Чэрнікаў і выкладчыкі Кіра Славінская, Таццяна Сакалоўская), «Святло Каляднай зоркі» з удзелам харавых калектываў (аўтар праекта Аляксей Снітко), «Творцы музычнай эпохі ХХ—ХХІ стст.» (аўтар праекта музыказнаўца Алена Каляда).

Асветніцкая, творчая ініцыятыва харавых дырыжораў у Год малой радзімы знайшла ўвасабленне ў праекце «Скарбы беларускай харавой музыкі», аўтар якога — уладальнік гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры на 2018 год, загадчык кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дацэнт Інэса Міхайлаўна Бадзяка.

 Харавы канцэртны праект «Скарбы беларускай харавой музыкі», які не так даўно пачаў сваё шэсце па гарадах Беларусі, аб'яднаў харавыя калектывы ўстаноў сярэдняй і вышэйшай адукацыі, аматараў харавога мастацтва і народнай песні. Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. І. Глінкі стаў своеасаблівай лабараторыяй пошуку новых падыходаў ды выканальніцкіх традыцый беларускай музыкі кампазітараў розных пакаленняў, якая прагучала ад лаўрэатаў міжнародных конкурсаў — канцэртнага хору каледжа і жаночага камернага хору «Concertino» (кіраўнік і дырыжор Аляксей Снітко), а таксама змешанага і жаночага хароў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (кіраўнік і дырыжор Інэса Ба-дзяка).

Праграму мерапрыемства адкрыў Канцэртны хор Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі творам польскага кампазітара Вацлава з Шамотул «Алілуя, слаўце Пана Бога» пад кіраўніцтвам Аляксея Снітко (канцэртмайстар Анжаліка Галянкова). Майстэрства ў кіраўніцтве хорам паказалі выпускнікі каледжа: Ілона Канецкая ў творы Яўгена Паплаўскага «Слабне золак», Алёна Бацюкова з аранжыроўкай для хору Алены Атрашкевіч знакамітай песні часоў Вялікай Айчыннай вайны «Агеньчык», Сяргей Вярбіла — падчас выканання вакальнага твора манахіні Дзянісавай. Пранікнёна гучаў голас салісткі Кацярыны Дударавай у выкананні твора Алены Атрашкевіч «Маці».

Тэма Вялікай Айчыннай вайны таксама закранула сэрцы слухачоў харавым творам Эдуарда Ханка «Два полі» ў выкананні жаночага хору Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (дырыжор Вольга Піменава). Аб'яднанне нацыянальнага і агульначалавечага, мінулага і сучаснага, чароўнага і рэальнага — рысы нашай спадчыны, якія натхняюць маладых кампазітараў Ганну Рудую, Андрэя Саўрыцкага, Яўгена Раўтовіча на стварэнне арыгінальных апрацовак беларускіх народных песень. Прыкладам таму стала выкананне беларускіх народных калыханак у апрацоўцы Г. Рудой (салістка Ганна Малаш, дырыжор Вера Міхайлава) і беларускай народнай песні ў апрацоўцы Я. Раўтовіча «Саўка ды Грышка».

Упершыню на сцэне Габеленавай залы каледжа выступаў змешаны хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У яго выкананні прагучалі творы беларускіх класікаў Андрэя Мдзівані і Уладзіміра Алоўнікава, сучасных кампазітараў Беларусі Юліі Раманцовай і Настассі Бяндэрскай, а таксама апрацоўкі беларускіх народных песень Генадзя Падкавырава «Кацілася чорная галка» і Канстанціна Яськова «Ой, лятала шэра перапёлачка». Дырыжыравалі хорам таленавітыя выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Марыя Чыстабаева, Андрэй Каратышэўскі ды іншыя.

Творы «Гуканне вясны» Настассі Бяндэрскай і «Развітальная» Уладзіміра Карызны прагучалі пад кіраўніцтвам дырыжора студэнцкага хору Інэсы Бадзякі (канцэртмайстар Вікторыя Слайкоўская). Сярод салістаў — Алёна Барабіцкая, Ганна Малаш, Вераніка Карсюк. Праявай чулага стаўлення да нацыянальнай культуры як выканаўцаў так і слухачоў сталі словы арганізатара праекта, дырыжора, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі Аляксея Снітко: «У нас ёсць свая нацыянальная культура, і акрамя нас пра яе ніхто не будзе клапаціцца. Добра, што беларуская музыка гучыць. Нам ёсць чым ганарыцца».

Наталля КАРДАШОВА

Загаловак у газеце: Беларуская музыка ў праектах

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.