Вы тут

Вечны цуд


Хто не ведае песню пра матылька, які крылцамі «бяк-бяк-бяк-бяк»? Здаецца, нават тыя, хто вырас ужо пасля таго, як фільм Марка Захарава «Звычайны цуд» меў ашаламляльны поспех на экранах. Але да яго звяртаюцца і цяпер, не ў малой ступені з-за алегарычнага сюжэта, дзе ёсць закаханы чараўнік, які насылае пачуццё на герояў выдуманай казкі, пярэварацень мядзведзь і цудоўная прынцэса, дачка каралька, які падаецца то самадурам, то марыянеткай першага міністра, таго самага, што спявае песню пра матылька і верабейку…


Песні і музыка — вось яшчэ яркая адметнасць фільма. Але цяпер яны жывуць сваім жыццём: сталі асновай для пастаноўкі мюзікла «Звычайны цуд» у Тэатры «Тэрыторыя мюзікла», які прапанаваў прэм’еру напрыканцы сезона. Вядома, з тым жа сюжэтам, што і ў кіно. Але з беларускімі артыстамі, якія спяваюць са сцэны самі: жывы гук — вось што вабіць у такіх пастаноўках, якія прыцягваюць энергетыкай, а не столькі самім сюжэтам, які даволі добра вядомы.

«Слава вар'ятам, якія жывуць так, як быццам яны несмяротныя!» — словы Яўгена Шварца, які працаваў загадчыкам літаратурнай часткі ленінградскага Тэатра камедыі. У 1954 годзе ён напісаў гэтыя радкі пры заканчэнні п'есы «Звычайны цуд». Тады нават не ўяўляў, якімі актуальнымі будуць гэтыя словы яшчэ доўга… А цяпер?

Ці зразумее яго ўзнёсласць і рамантызм у дачыненні да такога пачуцця, як каханне, «generation П», якое вывучае жыццё, разумее дабро і зло праз пасты і лайкі ў сацыяльных сетках? А тут экзістэнцыяльная казка пра сілу і адначасова далікатнасць кахання.

Аднак усё добра, ужо праверылі: Беларускі дзяржаўны музычны тэатр рабіў сваю версію казкі ў 2013 годзе. Тады на прэм’еры былі аўтары песень — Юлій Кім, які напісаў словы, і кампазітар Генадзь Гладкоў. Тую пастаноўку памятае шмат хто з цяперашняй творчай групы, якая працавала над мюзіклам. Прынамсі, рэжысёр-пастаноўшчык Настасся Грыненка прызнаецца: «Да “Звычайнага цуду” нас прывяло некалькі абставін. Па-першае, разуменне таго, што гэты мюзікл — адзін з лепшых твораў кампазітара Генадзя Гладкова. Адсюль заканамернае па-другое: жаданне расказаць гэтую казку сучаснай мовай і ажывіць яе не толькі для прыхільнікаў захараўскага фільма і філасофскай прыпавесці Шварца, але і для сённяшняй моладзі. Візуальнае рашэнне спектакля — стымпанк як ідэя пазнання свету і яго пераўтварэння, паляпшэння і ў той жа час нейкіх адкрыццяў, пошуку формулы шчасця. Героі «Звычайнага цуду» — маладыя людзі, якія ўпершыню сустрэлі каханне і з яго дапамогай пазнаюць жыццё вакол сябе, таму фантастычныя вобразы стымпанку ідэальна адлюстроўваюць светаадчуванне не толькі саміх закаханых, але і ўсіх персанажаў вакол іх».

Трэба дадаць, што першапачатковы музычны матэрыял, які быў выкарыстаны ў фільме, значна ўзбагаціўся. Юлій Кім і Генадзь Гладкоў на аснове сямі музычных хітоў з фільма Марка Захарава ўжо ў ХХI стагоддзі напісалі каля двух дзясяткаў новых нумароў для таго, каб атрымаўся паўнавартасны мюзікл. І мелі рацыю: спектакль аказаўся запатрабаваны на падмостках «Пецярбургскай аперэты», у маскоўскім Тэатральным цэнтры на Дуброўцы і пайшоў далей па розных гарадах. Новы час дыктуе іншы погляд на герояў і новае візуальнае рашэнне несастарэлай гісторыі.

Паглядзець і паслухаць цікава яшчэ і таму, што ёсць магчымасць параўнаць вобразы, створаныя калісьці зоркамі савецкага кіно і сучаснымі беларускімі артыстамі. Напрыклад, у ролі Чараўніка, якога ў стужцы Захарава ўвасобіў Алег Янкоўскі, у нас выступае Дзмітрый Якубовіч, ён жа аўтар харэаграфічных нумароў. У ролі яго жонкі, якую іграла Ірына Купчанка, можна пабачыць дзвюх артыстак — Юлію Шпілеўскую і Ксенію Харашкевіч. Мядзведзя Аляксандра Абдулава давядзецца параўноўваць з вобразам, увасобленым Эдуардам Вайніловічам, Прынцэсу Яўгеніі Сіманавай — з вобразамі ад Алены Бабук і Дыяны Флеер. А хто мог увасобіць каралька, выкананага Яўгенам Лявонавым? Ці першага міністра, у ролі якога так ярка глядзеўся Андрэй Міронаў?..

Паглядзім і падумаем: што зрабіла гэты казачны сюжэт такім неўміручым, што да яго працягваюць звяртацца і пісаць музыку ў наш час? У фільме Марка Захарава сышліся розныя фактары: і пластычная мастацкая роля, і зорны акцёрскі склад, і рамантыка. Але там была яшчэ тонкая сатыра, з-за якой выглядаў усмешлівы твар Яўгена Шварца, чалавека з неардынарным лёсам, які яўна не зусім упісваўся ў каноны савецкага мастацтва… Рамантык і рэаліст адначасова, для якога, магчыма, грамадзянская вайна, дзе ён браў удзел, не скончылася, і ён уклаў сваю энергію ў думкі. Пра чалавечае і вечнае, што трымае чалавека ў любыя часы.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?